Вы тут

Акцэнт на забеспячэнне збалансаванага развіцця эканомікі і сацыяльнай стабільнасці


Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці восьмай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання (18 снежня 2015 года)

19-29-1

Паважаныя дэпутаты!

Паважаныя запрошаныя і журналісты!

Восьмая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання завяршае сваю работу.

Яе вынікам стала прыняцце важкага пакета запатрабаваных грамадствам і дзяржавай законапраектаў, ключавое месца сярод якіх, безумоўна, займае Закон аб рэспубліканскім бюджэце.

Падрыхтоўка галоўнага фінансавага дакумента праходзіла вельмі няпроста. І распрацоўшчыкі, і дэпутаты добра разумелі, што задача ўздыму нацыянальнай эканомікі ва ўмовах сусветнага спаду патрабуе дастаткова жорсткіх абмежавальных мер. Разам з тым менавіта сёння як ніколі важна забяспечыць сацыяльныя гарантыі. У гэтым залог грамадскай стабільнасці, а значыць, і ўстойлівага развіцця краіны. Бо стратэгічны рэсурс Беларусі — гэта чалавечы патэнцыял. Менавіта з такіх пазіцый дэпутаты падыходзілі да разгляду бюджэту і спадарожных яму дакументаў.

У выніку кансультацый, якія прайшлі, большасць прапаноў парламентарыяў была ўлічана.

Асноўныя параметры бюджэту дазваляюць разлічваць, што планка сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы ў галіне адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай палітыкі не будзе паніжана. Пры гэтым будзе працягнуты паслядоўны рух па шляху эвалюцыйных пераўтварэнняў у эканоміцы.

Падчас гэтай сесіі зроблены сур'ёзны крок у названым кірунку. Прававое афармленне атрымала дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Прыняты Закон ужо ў найбліжэйшы час дазволіць пачаць рэалізацыю некалькіх буйных праектаў з дапамогай тэхналогій, капіталу і рэсурсаў прыватнага бізнесу. Гэта, безумоўна, знізіць нагрузку на рэспубліканскі бюджэт і падштурхне дзелавую актыўнасць у краіне.

Сур'ёзны эканамічны эфект плануецца атрымаць і ад уступлення ў сілу Ляснога кодэкса. Па ацэнках экспертаў, удасканаленне падыходаў да лесакарыстання дазволіць атрымліваць дадаткова ў бюджэт рэспублікі больш як 200 млрд рублёў штогод.

Задача раскрыцця ўнутраных рэзерваў развіцця эканомікі запатрабавала карэкцыі дзяржаўнай стратэгіі ў пытаннях падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, павышэння прамысловай бяспекі. Шэраг навацый унесены ў заканадаўства ў сферах будаўніцтва, гандлю, сельскай гаспадаркі, турыстычнай індустрыі.

Тэма стымулявання дзелавой актыўнасці знайшла сваё адлюстраванне і ў такім знакавым дакуменце, як Кодэкс аб культуры. Упершыню на заканадаўчым узроўні ў гэтай галіне вызначана месца спонсарства і мецэнацтва, устаноўлены прававыя асновы супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі.

Праца над Кодэксам прыцягнула вялікую грамадскую ўвагу. І гэта не выпадкова, бо захаванне нацыянальна-культурнай самабытнасці шматразова павышае здольнасць народа супрацьстаяць негатыўным выклікам. У святле сучасных трывожных тэндэнцый гэта вельмі актуальна.

Беларусь — адкрытая краіна і ўцягнута практычна ва ўсе працэсы, якія адбываюцца на кантыненце. Няпростае міжнароднае становішча прымушае нас прымаць захады па апярэджанні пагроз, якія для многіх нашых суседзяў ужо ператварыліся ў сур'ёзныя праблемы. Адказам на гэтыя выклікі сталі папраўкі ў заканадаўства па пытаннях умацавання нацыянальнай бяспекі, барацьбы з тэрарызмам, аптымізацыі палітыкі ў дачыненні да мігрантаў і бежанцаў.

Сёння гэтая праблематыка ў цэнтры ўвагі ўсёй міжпарламенцкай супольнасці. Аб важнасці аб'яднання намаганняў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам, міграцыйных праблемах гаварылася на мерапрыемствах парламенцкіх структур Саюзнай дзяржавы, СНД, АДКБ, а таксама Міжпарламенцкага саюза.

Абмяркоўваючы гэтыя пытанні, беларускія парламентарыі заўсёды падкрэслівалі нязменнасць прынцыпаў нашай знешняй палітыкі — імкненне да міру, узаемапавага, раўнапраўнае супрацоўніцтва з усімі без выключэння партнёрамі. Любыя канфлікты павінны рэгулявацца палітыка-дыпламатычнымі метадамі. Мінск, які заваяваў рэпутацыю перагаворнай пляцоўкі, дзе могуць паспяхова вырашацца такога роду пытанні, гатовы і надалей выконваць гэтую ролю ў інтарэсах усіх краін.

Зразумела, пытанні калектыўнай бяспекі цесна звязаны з тым, як складваецца сітуацыя ў сусветнай эканоміцы. І дэпутаты імкнуцца максімальна выкарыстаць кожную магчымасць для ўмацавання эканамічных пазіцый Рэспублікі Беларусь. З гэтымі мэтамі мы пастаянна кантактавалі з замежнымі дыпламатамі і прадстаўнікамі міжнародных арганізацый. Па ініцыятыве нашых груп па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў у Палаце прадстаўнікоў прайшлі вельмі прадукцыйныя сустрэчы з калегамі з Ірака, Чэхіі і Эстоніі. Лічу, што аснова на будучыню створана нядрэнная, і сёння важна рухацца далей.

Яшчэ адзін дастаткова адказны кірунак нашай працы быў звязаны з электаральнымі мерапрыемствамі, якія праходзілі як у Беларусі, так і за мяжой. Я маю на ўвазе работу, праведзеную з міжнароднымі назіральнікамі ў рамках прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў нашай краіне, і ўдзел беларускіх парламентарыяў у міжнародным назіранні за ходам выбарчых кампаній у Азербайджане і Кыргызстане, а таксама рэферэндуму ў Арменіі.

Цяпер некалькі слоў пра задачы на будучы перыяд. Год будзе няпростым. Працаваць давядзецца напружана — гэта катэгарычнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы да ўсіх галін улады. І тое, што сёння Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнку дадзена згода на прызначэнне Андрэя Уладзіміравіча Кабякова прэм'ер-міністрам, — вельмі значны факт. Мы робім агульную справу, і вельмі важна захаваць усё, што дапамагае сёння Парламенту і Ураду эфектыўна ўзаемадзейнічаць пры вырашэнні агульнадзяржаўных задач.

Паважаныя калегі, самую пільную ўвагу прашу надаць падрыхтоўцы законапраектаў. Да канца склікання ўсе напрацоўкі трэба рэалізаваць. Галоўны акцэнт пры гэтым павінен быць зроблены на якасці дакументаў.

Неабходна звярстаць змястоўную праграму міжнароднай дзейнасці. Найважнейшымі падзеямі тут для нас стануць бюджэтная сесія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, зімовае пасяджэнне Парламенцкай асамблеі АБСЕ і 134-я Асамблея Міжпарламенцкага саюза. Удзел у рабоце гэтых структур патрабуе самай сур'ёзнай падрыхтоўкі.

Варта таксама чакаць станоўчай дынамікі абмену візітамі. Мяркуецца, што беларускія парламентарыі наведаюць Інданезію, Латвію, Тайланд і Чэхію. У сябе мы плануем прыняць дэлегацыі з Балгарыі, Грузіі, Пакістана і Таджыкістана.

Ну і вядома, у 2016 годзе Беларусь зноў прыцягне ўвагу міжнароднай грамадскасці, гэтым разам ужо ў сувязі з парламенцкімі выбарамі. Цалкам прадказальна, што выбарная тэматыка таксама будзе ўключана ў міжнародны парадак дня.

Што датычыцца працы ў выбарчых акругах, то ў перыяд зімовых свят яна праходзіць пад знакам удзелу ў традыцыйных дабрачынных акцыях, мэта якіх у тым, каб ні адно дзіця ў краіне не засталося без увагі і клопату. Падарыць дзецям добрую атмасферу навагодняй казкі і падтрымаць іх веру ў людзей — наш з вамі святы абавязак.

Напрыканцы, паважаныя калегі, хачу падзякаваць за праведзеную работу і сардэчна павіншаваць усіх з надыходзячым Новым годам і Раством.

Шчыра зычу вам і вашым блізкім здароўя, шчасця, упэўненасці ў будучыні і новых здзяйсненняў на карысць Радзімы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?