Вы тут

Дзве Карэі: ці магчыма стварэнне адзінай дзяржавы?


Паўночная і Паўднёвая Карэі рэгулярна ў «топе» паведамленняў стужак навін сусветных інфармагенцтваў. Не стаў выключэннем і сёлетні снежань. Прычым падстаў пагаварыць пра дзве краіны-суседкі на адным паўвостраве насамрэч было багата. Напрыклад, на мінулым тыдні ў КНДР узгадвалі жалобную дату — у снежні 2011-га пайшоў з жыцця Кім Чэн Ір, які кіраваў краінай 17 гадоў.


Тысячы людзей прыйшлі да яго помніка ў Пхеньяне. Таксама ў снежні дзве Карэі правялі двухдзённыя перамовы ў сумеснай індустрыяльнай зоне Кэсон. КНДР прадстаўляў намеснік адказнага сакратара Камітэта па мірным аб'яднанні радзімы Чон Чжон Су, а паўднёвакарэйскую дэлегацыю ўзначальваў намеснік міністра па справах нацыянальнага аб'яднання Хван Бу Гі. Праўда, перамовы аказаліся безвыніковымі — пагаднення па іх выніках дасягнута не было. Як заўважаюць эксперты, перспектывы стварэння адзінай дзяржавы на Карэйскім паўвостраве дасюль застаюцца няпэўнымі.

22-11

Па 38-ай паралелі

Міфалогія пачынае адлік карэйскай гісторыі дакладна — з 2333 года да нашай эры. Паводле легенды, менавіта тады Тангун, сын жыхара неба і мядзведзіцы, якая пераўтварылася ў жанчыну, заснаваў першую дзяржаву Часон, названую пасля Старажытным Часонам. Цікава, што афіцыйная карэйская гістарыяграфія таксама вядзе адлік палітычнай гісторыі ад гэтага часу, хоць пытанні пра этнакультурную прыналежнасць гэтай дзяржавы, час фарміравання яе дзяржаўнасці і нават месцазнаходжанне (па адной з тэорый — па-за межамі паўвострава ) дасюль выклікаюць спрэчкі.

У першай палове першага тысячагоддзя нашай эры ў Карэі склаліся тры дзяржавы — Сіла, Пэкчэ і Кагуро. У другой палове VІІ стагоддзя Сіла ў саюзе з кітайскай дынастыяй Тан разграміла Пэкчэ і Кагуро, а потым пасля вайны з Тан аб'яднала пад сваім кантролем большую частку Карэйскага паўвострава — тэрыторыю на поўдзень ад ракі Тэданган. Так узнікла дзяржава Аб'яднанае Сіла.

Афіцыйная карэйская гістарыяграфія згадвае і пра дзяржаву Пархэ, якая існавала ў 698—926 гг. і займала частку тэрыторыі Карэйскага паўвострава, а таксама сучаснага расійскага Прымор'я і Маньчжурыі. Напрыканцы X стагоддзя пасля распаду Аб'яднанага Сілы ўтварылася дзяржава Каро, межы якой практычна супадалі з тэрыторыяй цяперашняй Карэі. У 1392 годзе на змену Каро прыйшла дзяржава Часон. У XVІ—XІX стагоддзях тут праводзілася палітыка самаізаляцыі. Вядома, што ў 1897 годзе краіна атрымала назву Тэхан Чагук (даслоўна «Велікаханская імперыя), а ў свеце распаўсюдзілася яе азначэнне як Карэйская імперыя.

Пасля руска-японскай вайны 1904-1905 гг. Японія ўстанавіла над краінай пратэктарат, а з 1910-га анексавала яе. Незалежнасць Карэя атрымала толькі пасля Другой сусветнай вайны. У 1945-м паўночная частка Карэі апынулася ў зоне ваеннай адказнасці СССР, а паўднёвая — ЗША. Менавіта да гэтага часу адносіцца размежаванне па 38-й паралелі паўночнай шыраты.У 1948 годзе былі створаны дзве дзяржавы — Рэспубліка Карэя і КНДР.

22-12

22-12

 

У 1950-м паміж краінамі пачалася вайна, якая завяршылася ў ліпені 1953-га падпісаннем у мястэчку Пханмунджом пагаднення пра перамір'е і стварэнне дэмілітарызаванай зоны. Паласа зямлі шырынёй у 4 км і даўжынёй у 250 км дасюль праходзіць паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй, падзяляючы Карэйскі паўвостраў па 38-й паралелі прыблізна пасярэдзіне. Шмат гадоў дэмаркацыйную лінію на Карэйскім паўвостраве называлі адным з галоўных франтоў «халоднай вайны». Таксама вызначана і заходняя марская мяжа. Яна праходзіць па Паўночнай размежавальнай лініі ў Жоўтым моры. Мірнага дагавора, які фармальна завяршыў бы вайну, падчас якой загінулі тры мільёны чалавек, падпісана так і не было.

«Разумныя» заводы

Такім чынам, дзве краіны на адным паўвостраве, якія пасля Другой сусветнай вайны апынуліся на аднолькавых стартавых пазіцыях. І што цяпер? Спачатку пойдзем на поўдзень ад 38-й паралелі, дзе знаходзіцца Рэспубліка Карэя (арыгінальная назва Хангук ці Тэхан). Гэтая краіна даўно прыцягвае ўвагу ўсяго свету. Эканоміка Паўднёвай Карэі з'яўляецца 13-й у свеце па валавым унутраным прадукце (па парытэце пакупніцкай здольнасці — ППЗ) і 15-й па намінальным ВУП. Валавы ўнутраны прадукт па ППЗ на душу насельніцтва вырас са 100 долараў у 1963 годзе да больш як $35 тыс. летась.

Ключавыя кірункі развіцця за шасцідзесяцігадовую гісторыю існавання дзяржавы моцна змяніліся. У 1940-х эканоміка краіны абапіралася пераважна на сельскую гаспадарку. Цягам наступных некалькіх дзесяцігоддзяў акцэнт рабіўся на лёгкую прамысловасць і вытворчасць тавараў народнага спажывання, а ў 70-х і 80-х гадах XX стагоддзя — цяжкую прамысловасць.

Цягам 30 гадоў пасля таго, як прэзідэнт краіны Пак Чон Хі ў 1962-м абвясціў пачатак першай пяцігодкі, эканоміка краіны расла вельмі высокімі тэмпамі, ды і сама структура моцна змянілася. За проста ашалямляльныя паказчыкі ў 1960-1990-я гады Рэспубліку Карэя, разам з Сінгапурам, Ганконгам і Тайванем, аналітыкі трапна назвалі «азіяцкімі тыграмі». Праўда, імклівы рост ВУП у 1980-х адчувальна замарудзіўся — да 6,5% у год, — але, пагадзіцеся, гэта таксама нямала. Як і ў іншых высокаразвітых краінах, да пачатку 1990-х гадоў сфера паслуг стала дамінантнай у эканоміцы краіны; цяпер на яе долю прыпадае дзве траціны аб'ёму валавога ўнутранага прадукту краіны.

Акрамя ўсяго іншага, Рэспубліка Карэя — найбуйнейшы ў свеце суднавытворца (45-працэнтная доля рынку). Актыўна рухаецца краіна і ў касмічнай сферы. Пачынаючы
з 1992 года, адправіла ў космас да 10 спадарожнікаў, праўда, усё з выкарыстаннем замежных ракет-носьбітаў і на замежных касмадромах. Напрыклад, у партнёрстве з Расіяй паляцелі Arіrang-1 у 1999 годзе і Arіrang-2
у 2006-м. У красавіку 2008 года Лі Со Ён стала першай карэйскай жанчынай-касманаўтам, якая паляцела ў космас на борце расійскага «Саюз ТМА-12»

У чэрвені 2009 года ў павеце Кахын правінцыі Чола-Намбда было завершана будаўніцтва першага ў Паўднёвай Карэі касмадрома Нара. Першы запуск «Нара-1», у жніўні 2009 года, завяршыўся правалам. Другая спроба ў чэрвені 2010-га таксама была няўдалай. Аднак трэці запуск «Нара-1» у студзені 2013 года прайшоў паспяхова. Урад плануе распрацаваць ракету «Нара-2» да 2018-га.

Яшчэ адзін цікавы кірунак — робататэхніка. З 2003 года яна была ўключана ў спіс асноўных нацыянальных праектаў. У 2005-м карэйскі вядучы навукова-тэхнічны інстытут распрацаваў чалавекападобнага робата HUBO. У маі 2006 года каманда Korea Іnstіtute of Іndustrіal Technology распрацавала першага карэйскага робата-андроіда EveR-1. У лютым 2010 года, у сувязі з недахопам настаўнікаў, стала вядома пра планы стварэння робатаў, якія будуць выкладаць англійскую мову. Ужо ў 2013 годзе ў дашкольных установах сталі з'яўляцца найбольш паспяховыя распрацоўкі.

Адна з апошніх навін тычыцца стварэння «разумных» заводаў, у сістэме вытворчасці і кіравання якіх будуць ужывацца інфармацыйныя тэхналогіі. У гэтым возьмуць удзел 18 інавацыйных цэнтраў крэатыўнай эканомікі, размешчаных па ўсёй Паўднёвай Карэі. Цягам двух наступных гадоў цэнтры засяродзяць намаганні на мадэрнізацыі заводаў больш як 600 малых і сярэдніх кампаній. Для гэтага ім выдзеляць 25,8 мільёна долараў і накіруюць 150 спецыялістаў ад Samsung Electronіcs. Пад «разумнымі» заводамі маюцца на ўвазе цалкам аўтаматызаваныя вытворчыя пляцоўкі. Да 2020 года колькасць такіх прадпрыемстваў плануецца давесці да 10 тысяч.

Працавітасць, дысцыпліна плюс генетычная схільнасць да дакладных навук з'явіліся залогам таго поспеху, якога карэйцы дасягнулі ў параўнальна кароткія тэрміны, ператварыўшыся ў адну з найбольш развітых і высокатэхналагічных краін свету. Дарэчы, максімальны працоўны водпуск у гэтай краіне не перавышае і тыдня. Паводле звестак Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, сярэдні паўднёвакарэец адпрацоўвае ў год 2193 гадзіны. Для параўнання: у Германіі гэты паказчык складае 1409 гадзін.

22-10

22-10

 

Мадэль для Часона

Цяпер на поўнач — у Карэйскую Народную Дэмакратычную Рэспубліку (арыгінальная назва Часон). Традыцыйнае ўяўленне пра КНДР як пра запаведнік сталінізму састарэла даўно і безнадзейна, хоць яго па-ранейшаму актыўна тыражуюць сусветныя СМІ. Насамрэч асцярожныя эканамічныя рэформы ідуць у Паўночнай Карэі ўжо не першы год. Напачатку 1990-х дзяржаўная прамысловасць КНДР, якая раптоўна засталася без савецкіх субсідый, развалілася. Значная частка прадпрыемстваў спыніла працу, аб'ём вытворчасці зменшыўся ўдвая. Крытычны недахоп угнаенняў і калапс ірыгацыйных сістэм з-за адсутнасці электрычнасці прывялі да таго, што сельская гаспадарка, і без таго не вельмі неэфектыўная, абвалілася. У выніку настаў голад 1996—1999 гадоў.

Аднак ва ўмовах эканамічнай катастрофы ўзняўся і пачаў хутка развівацца прыватны сектар эканомікі Паўночнай Карэі. Людзі знаходзілі розныя спосабы зарабляць сабе на жыццё. Сяляне нелегальна разворвалі палеткі на горных схілах. Усе, хто толькі мог, кінуліся гандляваць, а тыя, каму гандляваць не было чым ці на што, у пошуках працы рушылі ў Кітай праз мяжу, якая дрэнна ахоўвалася. У 2000-х у краіне з'явіліся прыватныя рэстараны, прыватныя транспартныя прадпрыемствы і нават шахты і заводы (фармальна яны зарэгістраваны як дзяржаўныя). Менавіта рост прыватнай эканомікі разам са стыхійнымі зменамі ў эканоміцы дзяржаўнай і ўдалымі крокамі паўночнакарэйскіх дыпламатаў прывялі да таго, што краіна паступова выйшла з крызісу.

Няхай і запознена, і вельмі няспешна, але Паўночная Карэя ступіла на шлях рыначных рэформаў, выбіраючы мадэль, што бліскуча спрацавала ў Кітаі і В'етнаме. Рэформы ў Паўночнай Карэі пачаліся, як і можна было меркаваць, з сельскай гаспадаркі, якую ў 2013 годзе перавялі на сямейны падрад. Раней сяляне працавалі за фіксаваныя пайкі, а цяпер — за 30 працэнтаў ураджаю. Вынікам сталі рэкордныя ўраджаі 2013-га і 2014 гадоў, дзякуючы якім КНДР упершыню за чвэрць стагоддзя наблізілася да ўзроўню самазабеспячэння харчаваннем.

Адначасова былі прыняты захады па прыцягненні замежнага капіталу. У дадатак да трох спецыяльных эканамічных зон (СЭЗ), што існавалі дагэтуль, заснавалі яшчэ дваццаць. СЭЗ павінны стаць тэрыторыяй, на якой могуць вольна — як, напрыклад, у В'етнаме — дзейнічаць замежныя інвестары. Аднак самы важны крок быў запланаваны на гэты год. У адпаведнасці з прынятым яшчэ ў маі 2014-га рашэннем кабінета міністраў і ЦК, сёлета на поўны гасразлік павінна была перайсці ўся прамысловасць КНДР.

У паўночнакарэйскім разуменні гасразлік азначаў бы, што дырэктары прадпрыемстваў атрымалі б права набываць па рыначных цэнах і ад выбраных імі пастаўшчыкоў сыравіну, складнікі і абсталяванне, па сваім разуменні прадаваць гатовую прадукцыю. Таксама на свой розум яны змаглі б наймаць і звальняць персанал і плаціць супрацоўнікам столькі, колькі лічаць патрэбным. Праўда, пакуль гэтага не адбылося.

Частка прадпрыемстваў усё ж працуе па новай схеме. Яны адрозніваюцца, перш за ўсё, велізарнымі для гэтай краіны зарплатамі, якія дасягаюць 300-500 тысяч паўночнакарэйскіх вон, што па рыначным курсе адпавядае 50-70 амерыканскім доларам у месяц. Тым часам як зарплата на большасці прадпрыемстваў, якія працуюць па старой мадэлі, не перавышае аднаго долара (у асноўным каля 50 цэнтаў). Тых, што перайшлі на новую схему, мала, і яны па-ранейшаму лічацца «эксперыментальнымі».

Шэраг экспертаў лічаць, што рэформу вырашылі адкласці па цалкам прагматычных меркаваннях. Увядзенне новай сістэмы заработнай платы здольнае справакаваць чарговы прыступ гіперінфляцыі, так што для арганізацыі такіх змен трэба правесці адпаведную падрыхтоўку ў крэдытна-банкаўскай сферы. Можна спадзявацца, што менавіта гэтым цяпер у Пхеньяне і займаюцца. Тым больш што рэформы не згортваюцца. Сельская гаспадарка па-ранейшаму працуе па прынцыпе сямейнага падраду. Прыватны бізнес, які ў КНДР развіты куды мацней, чым прынята думаць, таксама не сутыкаецца з праблемамі. Працягваюцца спробы прыцягнуць у краіну замежных інвестараў, хоць, трэба прызнаць, пакуль без заўважных вынікаў.

Такім чынам, рэформы, якія ішлі без значнага інфармацыйнага ажыятажу, улады Паўночнай Карэі апошнім часам прытармазілі. Ці азначае гэта поўную змену курсу ці, што больш верагодна, толькі яго карэктаванне, пакажа час. Таксама як і тое, наколькі магчыма стварэнне адзінай карэйскай дзяржавы, бо ў свеце, пэўна, няма настолькі розных памежных краін. Адно можна адзначыць дакладна: апошнім часам рух у гэтым кірунку заўважна актывізаваўся.

Захар Бурак

 

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?