Вы тут

Урад паабяцаў захаваць працоўныя месцы


Сацыяльныя гарантыі на найбліжэйшыя тры гады работнікам забяспечыць новае Генеральнае пагадненне паміж прафсаюзамі, наймальнікамі і Саветам Міністраў. «Усе абавязкі ўрада — па росце заработнай платы, занятасці, сацыяльным выгодам, развіцці аховы здароўя і адукацыі — адлюстраваны ў дакуменце, які мы падпісалі», — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір СЯМАШКА. Хто будзе застрахаваны ад скарачэння і што рабіць, каб работнікі збанкрутаваных фірм не засталіся без заробкаў? Працэнты па крэдытах на заробкі трэба знізіць Старшыня ФПБ Міхаіл ОРДА падчас пасяджэння Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях запэўніў, што большасць палажэнняў мінулага пагаднення выкананы: — Сёння 75 працэнтаў працоўных рэсурсаў заняты ў эканоміцы. Гэта добры паказчык. Прафсаюзы стараліся многае зрабіць, каб не даць скараціць людзей. Разам з тым у рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці цяпер працуе восем працэнтаў ад сярэдняспісачнай колькасці работнікаў. — Такая сітуацыя на рынку была і раней, — заўважае намеснік міністра эканомікі Ірына КАСЦЕВІЧ. — Калі разглядаць фінансавы крызіс 2009 года, то ў рэжыме няпоўнай занятасці тады працавала больш за 360 тысяч чалавек (сёлета на скарочаным тыдні было на 100 тысяч работнікаў менш. — Аўт.) У сённяшніх умовах гнуткія формы занятасці, такія як скарачэнне вакантных пасад, змяншэнне працягласці працоўнага дня, разглядаюцца ў якасці інструментаў ўрэгулявання беспрацоўя. Трэба адзначыць, што ў другой палове 2015 года назіраецца змяншэнне няпоўнай занятасці. Большасць людзей, якія былі вымушаны перайсці на скарочаны тыдзень, — з прамысловых і будаўнічых прадпрыемстваў. У гэтых сферах доля работнікаў, што працуюць у рэжыме няпоўнай занятасці, складае 22 і 26 працэнтаў адпаведна. Адна з прычын, чаму будаўнікоў пераводзяць на такі рэжым, — дэбіторская запазычанасць заказчыкаў за выкананыя працы. Арганізацыям павінны 4,5 трыльёна рублёў. — Ва ўмовах несвоечасовых разлікаў заказчыкаў падрадчыкі вымушаны для выплаты заробкаў звяртацца ў банкі, — тлумачыць сітуацыю намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр СІДАРАЎ. — Толькі ў кастрычніку 20 арганізацый па лініі нашага міністэрства звярталіся па крэдыты. Агульная сума прыцягнутых рэсурсаў — 280 мільярдаў. З іх 177 мільярдаў пайшлі на заработную плату. Выплачаных працэнтаў — 23 мільярды. Гэта значныя сродкі, якія потым не кампенсуюцца заказчыкам і цягнуць стратнасць. Арганізацыі не могуць закупляць матэрыялы, сыравіну, запраўляць палівам машынныя механізмы, камандзіраваць людзей. Усё гэта стрымлівае развіццё галіны. Міністэрства, у сваю чаргу, стараецца дапамагчы падведамасным арганізацыям. Прад'яўляе прэтэнзіі заказчыкам, спаганяе грошы праз падатковыя органы, у судовым парадку. Удзельнічае ў працы і ўрад: працуе Рэспубліканская камісія па каардынацыі разлікаў за выкананыя працы ў будаўніцтве. — Мы робім тое, што можам у межах сваёй кампетэнцыі, але пытанне не вырашаецца. На наш погляд, заказчыкі не лічаць гэта праблемай. Трэба даносіць да іх, што, ствараючы дэбіторскую запазычанасць, яны «караюць» працоўныя калектывы, звычайных рабочых. Так быць не павінна, — кажа Аляксандр Сідараў. Прафсаюзы лічаць, што заказчыкі ў такім выпадку таксама павінны несці выдаткі. Напрыклад, кампенсаваць выплаты па працэнтах. А банкам варта было б зніжаць працэнтную стаўку, калі крэдыт выдаецца на пагашэнне заробкаў пры дэбіторскай запазычанасці. Ёсць праблема і з выплатамі супрацоўнікам у выпадку банкруцтва арганізацый. Каля 400 прадпрыемстваў на сёння не могуць разлічыцца са сваімі работнікамі своечасова. — Мы абмяркоўвалі гэтую сітуацыю і з дэпутатамі Нацыянальнага сходу, і з Генеральнай пракуратурай, і з Мінпрацы і Мінэканомікі, — распавядае намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Алена МАНКЕВІЧ. — Напэўна, вырашаць гэтую праблему трэба ўжо на дзяржаўным узроўні, паколькі на момант банкруцтва арганізацый адсутнічае рэальны механізм пагашэння запазычанасці па заробках. І ўзяць грошай няма адкуль. Можа, гэта будзе нейкі фонд, куды наймальнікі пералічваюць сродкі, як гэта робяць краіны Прыбалтыкі і Расія, можа, выпрацуем свой індывідуальны падыход. Але вырашаць названую праблему трэба было ўжо ўчора. Умовы іншыя — заробак той жа У Генеральным пагадненні на 2016—2018 гады ёсць шэраг новаўвядзенняў. — Надзвычай важным нам бачыцца прыняцце неадкладных захадаў па сацыяльнай падтрымцы беспрацоўных, — каментуе Міхаіл Орда. — Мы заклікаем аддаваць прыярытэт актыўным мерам палітыкі занятасці. Прапануем у выпадку прыватызацыі арганізацый прадугледжваць у інвестыцыйных дагаворах абавязацельства захоўваць занятасць работнікаў на тым жа ўзроўні не менш за тры месяцы. Гэта дазволіць у планавым парадку вырашаць пытанні з працаўладкаваннем і перанавучаннем спецыялістаў, якія вызваляюцца. Пашыраны пералік асоб, якім аддаецца перавага застацца на месцы пры скарачэнні штату. У гэты спіс уключаны работнікі перадпенсійнага ўзросту, а таксама тыя, хто атрымаў працоўнае калецтва ці прафесійнае захворванне на вытворчасці. У Генеральным пагадненні таксама ёсць норма, згодна з якой пры ўвядзенні новых умоў аплаты працы памер заробку не павінен зніжацца. Пры заключэнні калектыўных дагавораў трэба ўводзіць нормы па выплаце заработнай платы не радзей за два разы на месяц і не пазней за 25-е чысло наступнага месяца. «Гэта прапанова ўзнікла невыпадкова, — тлумачыць старшыня ФПБ. — Апошнім часам мы, на жаль, усё часцей сутыкаемся з прыкладамі, калі наймальнікі прапаноўваюць перанесці выплату заробку на апошні дзень месяца. Але трэба ўлічваць, што большасць абавязковых плацяжоў насельніцтва павінна рабіць да 25-га чысла. Перанос даты выплат можа стаць прычынай штрафаў. Гэта несправядліва». У сённяшніх эканамічных умовах наймальнікі, зразумела, спрабуюць эканоміць на сацыяльным пакеце. Але здараюцца выпадкі, калі работнікаў проста ставяць перад фактам скарачэння гарантый без тлумачэння прычын і тэрмінаў такога рашэння. У новае пагадненне ўнесена норма, якая дазваляе, па ўзгадненні бакоў, прыпыніць дзейнасць тых ці іншых палажэнняў дагавора, не адмяняючы іх. Але пры гэтым павінен быць вызначаны перыяд прыпынку і механізм аднаўлення гэтых гарантый. Генеральнае пагадненне на 2016—2018 гады таксама прадугледжвае механізм кантролю за выкананнем палажэнняў. Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».