Вы тут

Беспрацоўныя садзяцца за парты


Колькасць вакансій у Беларусі ў апошні час зніжаецца, што звязана з мадэрнізацыяй эканомікі, а таксама няпростым фінансавым становішчам некаторых прадпрыемстваў. Адпаведна, узмацняецца канкурэнцыя сярод прэтэндэнтаў на свабодныя рабочыя месцы. У гэтых умовах «пуцёўка» службы занятасці на прафесійную перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі, навучальныя курсы павышае шанц стаць больш запатрабаваным на рынку працы, і беспрацоўным не варта яго ігнараваць.

22-28

Напрыклад, у сярэднім на аднаго зарэгістраванага беспрацоўнага мінчаніна зараз прыпадае 1 вакансія (у студзені—верасні 2014 года было 11). Пры гэтым спецыялісты адзначаюць значнае скарачэнне прапаноў некваліфікаванай працы. Самую вялікую колькасць вакансій жыхарам сталіцы цяпер прапануюць арганізацыі сферы аховы здароўя і прадастаўлення сацыяльных паслуг (18%), будаўніцтва (16%), прамысловасці (15%), сферы нерухомасці (13%), арганізацый гандлю і адукацыі (па 10%).

З пачатку гэтага года ў дзяржаўную службу занятасці насельніцтва Мінска звярнуліся 19,9 тысячы чалавек, з іх 15,3 тысячы атрымалі статус беспрацоўнага. Рэгістрацыя беспрацоўных у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ўзрасла ў 2 разы.

Сярод зарэгістраваных беспрацоўных колькасць грамадзян, якія не працуюць працяглы тэрмін, павялічылася ў 3 разы. Кожны чацвёрты беспрацоўны — старэйшы за 50 гадоў. Кожны трэці звярнуўся ў службу занятасці паўторна або больш за тры разы.

Сёлета, па словах начальніка аддзела аналізу і рэгулявання рынку працы ўпраўлення занятасці насельніцтва Камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама Святланы Лявончык, у сталічных працадаўцаў захоўваецца значны попыт на работнікаў будаўнічага профілю (арматуршчыкаў, бетоншчыкаў, маляроў, тынкоўшчыкаў, плітачнікаў-абліцоўшчыкаў), кіроўцаў аўтамабіля, мантажнікаў будаўнічых канструкцый, прадаўцоў, кантралёраў-касіраў, кухараў, слесараў-сантэхнікаў, слесараў механазборачных работ, швачак і інш.

У апошнія гады Мінск мае стабільна высокую патрэбу ў дактарах, медыцынскіх сёстрах, інжынерных кадрах розных кваліфікацый. Адзначаецца бягучая патрэба ў выхавацелях, фельчарах, фельчарах-лабарантах.

Як паведаміла «Звяздзе» начальнік аддзела арганізацыі навучання грамадзян упраўлення занятасці насельніцтва Ларыса Каткова, за 11 месяцаў гэтага года раённыя аддзелы працаўладкавання сталіцы накіравалі на навучанне 1014 беспрацоўных мінчан (у 2014 годзе — 854 чалавекі). Прайшлі навучанне за гэты перыяд 873 беспрацоўныя (за аналагічны перыяд мінулага года — 675 беспрацоўных).

Атрымаць прафесію, прайсці перападрыхтоўку або аднавіць наяўныя веды могуць беспрацоўныя, зарэгістраваныя ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Навучанне ажыццяўляецца па запатрабаваных на рынку працы прафесіях (спецыяльнасцях) па адукацыйных праграмах дадатковай адукацыі дарослых і ўключае ў сябе падрыхтоўку, перападрыхтоўку і навучальныя курсы.

Сёлета горад Мінск бясплатна перанавучае беспрацоўных па 24 прафесіях (спецыяльнасцях), навучальных курсах у 10 установах адукацыі (арганізацыях).

22-29

Ларыса Каткова кажа, што ў гэтым годзе найбольшым попытам у беспрацоўных карысталася навучанне па прафесіях кладаўшчыка, кіроўцы тралейбуса, маляра, тынкоўшчыка, плітачніка-абліцоўшчыка, слесара па рамонце аўтамабіляў, манціроўшчыка шын і шынна-пнеўматычных муфт, цырульніка, майстра па манікюры, аператара кацельні, электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання.

Таксама стабільна карыстаецца попытам навучанне па адукацыйнай праграме навучальных курсаў «Аўтаматызацыя бухгалтарскага ўліку з выкарыстаннем праграмы 1С: Бухгалтэрыя», якое дазваляе абнавіць, паглыбіць наяўныя веды, навыкі, вывучыць новыя тэхналогіі па дадзеным кірунку дзейнасці.

Дзяржаўнай службай занятасці падтрымліваецца і прадпрымальніцкая ініцыятыва маладых людзей. Для навучання асновам бізнесу арганізаваны навучальны курс «прадпрымальніцкая дзейнасць». За 11 месяцаў на навучанне па ім накіраваны 88 беспрацоўных маладых людзей, прайшлі навучанне 80 чалавек.

Адзін з іх, Аляксей Удальцоў, напрыклад, упэўнены, што адкрые ўласную справу. «Вядома ж, не скажу, што стаў суперспецыялістам пасля курсаў, але мне далі галоўнае: разуменне асноўных працэсаў — ад моманту рэгістрацыі кампаніі да вядзення бухгалтэрыі...»

ДАРЭЧЫ

Згодна з дзеючым законам аб занятасці, асобы, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (у большасці сваёй гэта мамы малалетніх дзяцей), прызнаюцца занятымі і не могуць быць зарэгістраваны беспрацоўнымі. Як вынік — яны не могуць быць накіраваны на навучанне за кошт бюджэтных сродкаў.

Законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь», які быў прыняты ў першым чытанні дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў 10 снежня, дасць магчымасць атрымаць запатрабаваную прафесію такім мамам і павысіць іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы. Згодна з ім, такія жанчыны змогуць прайсці прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку ці павышэнне кваліфікацыі на ўмовах, вызначаных для беспрацоўных. Гэта павысіць шанцы атрымаць працоўнае месца пасля выхаду з дэкрэта, забяспечыць больш хуткае ўцягванне ў працоўную дзейнасць.

За 5 месяцаў можна стаць:

— аператарам станкоў з ПУ

— кухарам

— электрагазазваршчыкам.

За 4 месяцы можна стаць:

— кіроўцам тралейбуса

— мантажнікам санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання.

За 8 месяцаў можна вывучыць:

— бухгалтарскі ўлік і кантроль у прамысловасці.

Важна ведаць

Хто мае права на перападрыхтоўку?

Правам на навучанне за кошт бюджэтных сродкаў па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне маюць грамадзяне, зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных, у выпадку, калі:

немагчыма падабраць падыходную працу праз адсутнасць у беспрацоўнага неабходнай кваліфікацыі (спецыяльнасці);

неабходна змяніць прафесію (спецыяльнасць, род заняткаў) у сувязі з адсутнасцю працы, якая адпавядае наяўным у беспрацоўнага прафесійным навыкам;

беспрацоўным страчана здольнасць або ўзніклі супрацьпаказанні да выканання працы па ранейшай прафесіі (спецыяльнасці).

Рэгістрацыя у якасці беспрацоўных ажыццяўляецца па месцы жыхарства органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пры асабістым звароце. Пры рэгістрацыі неабходна прад'явіць пашпарт, працоўную кніжку, дакумент аб адукацыі і іншыя дакументы, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі.

Пры накіраванні на навучанне беспрацоўным гарантаваны бясплатны медыцынскі агляд, выплата стыпендыі, аказанне матэрыяльнай дапамогі ў перыяд навучання ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Грамадзянам, якія паспяхова скончылі навучанне, выдаецца дакумент устаноўленага ўзору з прысваеннем кваліфікацыі.

Святлана Бусько

busko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.