Вы тут

3D... часоў прабабуль


Карэспандэнт «Звязды» атрымаў унікальную магчымасць убачыць 3D-выявы так, як гэта рабілі ў дарэвалюцыйны час.

У спецыяльны апарат, выраблены ў XІX стагоддзі, устаўляеш «пласцінку» з парай фотаздымкаў. Адной рукой трымаеш апарат ля вачэй, а другой — аддаляеш і набліжаеш фота. І ў выніку гэтых «маніпуляцый» з'яўляецца стэрэавыява... Такім жа чынам забаўляліся і пазнавалі свет нашы продкі. Такія карцінкі да рэвалюцыі каштавалі прыкладна столькі ж, колькі сёння паштоўкі. І, зразумела, іх калекцыяніравалі, дарылі на святы, у тым ліку і на калядныя, навагоднія.

[caption id="attachment_115529" align="alignnone" width="600"]22-27 Пры дапамозе гэтага апарата можна зазірнуць у мінулае.[/caption]

— Стэрэапара — спалучэнне дзвюх выяў аднаго і таго ж аб'екта з розных пунктаў. Адно фота або малюнак прызначаецца для левага вока, а другое — для правага. Такім чынам забяспечваецца магчымасць бінакулярнага (стэрэаскапічнага) прасторавага разгляду малюнка. Стэрэапары пры праглядзе ў стэрэаскоп ствараюць сапраўдную ілюзію аб'ёму знятага аб'екта. Яшчэ ў рукапісах Леанарда да Вінчы ёсць малюнкі і запісы па гэтай тэме, — распавядае намеснік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея па навуковай рабоце Валерый Шышанаў.

На мяжы XVІ—XVІІ стагоддзяў італьянскі мастак Якопа дэ Эмполі стварае першую графічную працу са стэрэаэфектам, выкарыстоўваючы тэхніку парных малюнкаў.

У 1833 годзе англійскі фізік Чарльз Уітстан апублікаваў першыя стэрэаскапічныя карцінкі, якія можна было назіраць з дапамогай прылады для прагляду — стэрэаскопа.

З развіццём фатаграфіі стэрэаскапічныя здымкі атрымалі вельмі шырокае распаўсюджанне. З'явіліся стэрэаскопы самых розных сістэм. У 1856 годзе толькі ў Англіі прадалі больш за 1 мільён (!) апаратаў сістэмы Дэвіда Брустара. Лонданская кампанія па іх вытворчасці разгарнула рэкламную кампанію пад лозунгам «Ні аднаго дома без стэрэаскопа». І для гэтага прадавала апараты, таннейшыя за 1 долар.

— Павальнае захапленне стэрэа пачалося ў сярэдзіне 1860-х гадоў і ахапіла Еўропу і ЗША. Былі выпушчаны сотні тысяч стэрэаграфічных пласцін з самымі рознымі сюжэтамі. Найбольшае распаўсюджванне атрымаў стэрэаскоп канструкцыі амерыканца Олівера Холмса. Яго вырабіў Джозэф Бэйтс з Бостана ў 1865 годзе. Холмс захапляўся стэрэафота і заклікаў з дапамогай стэрэаскопа «адправіцца ў падарожжа і быць гледачом усяго найлепшага, што мог прапанаваць свет». У выніку, сядзячы дома, можна было ўбачыць горы, акіяны, экзатычныя краіны, знакамітыя помнікі архітэктуры і гэтак далей, — працягвае Валерый Шышанаў.22-26

У віцебскага музея ёсць нагода для гонару: у фонды паступілі ўнікальныя стэрэапары з відамі Віцебска канца XІX пачатку XX стагоддзя.

— Зразумела, што фота з відамі Віцебска для нас уяўляюць асаблівую цікавасць. Да нядаўняга часу ў фондах музея меліся толькі тры стэрэапары, звязаныя з Віцебскам. Яшчэ ў 1924 годзе ў фонд музея разам з архівам вядомага гісторыка і даследчыка Аляксея Сапунова паступіла стэрэапара з выявай раскопак на Замкавай гары (1895 год). У 1990-я музей атрымаў два фота членаў сям'і віцебскага архітэктара Ціхана Кібардзіна (1910-я гады). Некаторыя дамы, якія ён праектаваў, захаваліся да нашага часу... І вось зараз на інтэрнэт-аўкцыёне ў Польшчы музей набыў яшчэ дзевяць стэрэапар з відамі Віцебска. Яны датаваны 1900 годам. Сёння ў нас ёсць фота «Саборная плошча, Акруговы суд» (цяпер плошча Свабоды. — Аўт.), «Від на цэнтр горада з Духаўской гары», «Фантан ля чыгуначнага вакзала»; «Чыгуначны мост праз Дзвіну» і іншыя, — дзеліцца радасцю Вольга Давыдоўская, галоўны захавальнік фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

Вызначылі дакладна, што фота зрабіў вядомы фатограф Сігізмунд Юркоўскі. У 1866 годзе ён прыехаў у Віцебск. Праз год адкрыў фотаатэлье на Замкавай вуліцы. Сябраваў з мастаком І. Я. Рэпіным, фатаграфаваў самога мастака і яго дом. У архіве Расійскай акадэміі мастацтваў захавалася дзве стэрэапары, на якіх можна ўбачыць Рэпіна ў здраўнёўскай майстэрні («Здраўнёва» — маёнтак мастака недалёка ад Віцебска). Менавіта Юркоўскі ў 1882 годзе вынайшаў імгненны фатаграфічны затвор, а ў 1883 годзе — шторна-шчылінны, які стаў прататыпам затвораў сучасных фотаапаратаў.

Адно з самых цікавых фота — «Барка на Дзвіне». Уявіце сабе, калісьці такіх суднаў па Заходняй Дзвіне праходзіла да 1,5 тысячы ў сезон. Памеры баркі ўражваюць і сёння: даўжыня — 38,5 метра, а шырыня — 12 метраў. На борце адразу маглі размясціць да 12 тысяч пудоў грузу. У жыхароў Віцебска была звычка бурна сустракаць баркі. Народ збіраўся на мосце (цяпер Кіраўскі мост. — Аўт.) і апладзіраваў рачнікам, вітаў іх крыкамі... Вельмі цікавая была традыцыя па продажы пернікаў з борта баркі. Іх дастаўлялі з расійскай Вязьмы. Пернікі прадавалі па 5-10 капеек, і гараджане высока цанілі іх якасць.

У планах віцебскіх музейшчыкаў — наладзіць супрацоўніцтва з выдавецтвам, каб рабіць сувенірныя наборы 3D. Адпаведныя можна купіць у Лондане, Парыжы і іншых мегаполісах. А чым Віцебск, дзе нарадзіліся і працавалі шмат вядомых людзей, горшы?

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?