Вы тут

Першая перамога на снежным схіле


Максім Гусцік выйграў этап Кубка свету па фрыстайле ў Пекіне, Надзея Скардзіна паказала найлепшы вынік сезона ў Паклюцы, а зборная краіны па хакеі заняла трэцяе месца на турніры ў Швейцарыі. Пра самыя актуальныя спартыўныя навіны спорту — у штотыднёвым аглядзе «Звязды».

22-23

1. У Пекіне завяршыўся этап Кубка свету па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы. Максім Гусцік у фінале спаборніцтваў змог абысці галоўнага канкурэнта — аўстралійца Дэвіда Морыса — і атрымаць перамогу.

У дзясятку наймацнейшых на кітайскім этапе Кубка свету ўвайшлі яшчэ два беларусы: Станіслаў Гладчанка (6-е месца) і Арцём Башлакоў (9-е месца).

У агульным заліку пасля двух пекінскіх этапаў у мужчын лідзіруе Дэвід Морыс — 140 ачкоў, другое месца ў Максіма Гусціка — 132 ачкі. Станіслаў Гладчанка размясціўся на 11-м месцы, Арцём Башлакоў займае 13-ю пазіцыю, Дзяніс Восіпаў — 18-ы. У жанчын першае месца ў агульным заліку ў амерыканкі Эшлі Колдуэл — 180 ачкоў. Беларуска Аляксандра Раманоўская займае 9-е месца, Ганна Гуськова — 11-е.

Наступныя этапы Кубка свету па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы пройдуць 5 лютага 2016 года ў амерыканскім Дзір Вейлі. 20 лютага будучага года перадапошні этап прыме спарткомплекс «Раўбічы».

2. Трэці этап Кубка свету па біятлоне ў славенскай Паклюцы завяршыўся гонкамі з масавага старту. Надзея Скардзіна не дапусціла ніводнага промаху на чатырох агнявых рубяжах і заняла пятае месца. А беларускія страляючыя лыжнікі не трапілі ў лік 30 удзельнікаў мужчынскага мас-старту.

Нагадаем, раней паступіла інфармацыі аб тым, што біятланісткі нашай нацыянальнай каманды пацярпелі ад віруснай інфекцыі ў Паклюцы.

— Спрынт беглі ўжо з тэмпературай — Пісарава, Дубарэзава, Крыўко. Пасля тэмпература паднялася да 38,5, а ўначы была рвота. Пісарава трапіла ў бальніцу ў Любляну. Крыўко атрымала дапамогу лекараў і ўсё ж такі выйшла на старт. Юркевіч прабегла, але на фінішы ўпала, яна таксама ў бальніцы. Уся каманда, па сутнасці, цяпер у нас хварэе. Мабыць, нейкі вірус у кішэчніку з такімі ж сімптомамі, як атручэнне, — адзначыў галоўны трэнер каманды Уладзімір Каралькевіч.

Пасля выступлення ў Паклюцы біятланісты сыходзяць на калядныя канікулы. Чацвёрты этап Кубка свету адбудзецца 7-10 студзеня ў нямецкім Аберхофе.

3. Зборная Беларусі па хакеі заняла трэцяе месца на турніры Аrоsа Сhаllеngе ў Швейцарыі. У матчы за бронзавыя ўзнагароды падапечныя Дэйва Льюіса былі мацнейшыя за нарвежскіх хакеістаў 5:1, а днём раней прайгралі славакам 1:4.

— У нас было не шмат часу на падрыхтоўку да турніру. Самы важны вынік спаборніцтваў для трэнерскага штаба заключаецца ў тым, што мы ўбачылі, як маладыя хлопцы, якіх мы хацелі праверыць, паказалі сябе на высокім узроўні. Іх гульня спадабалася, і мы вельмі рады, што зараз яны адчуваюць сябе не проста хакеістамі з Беларусі, а гульцамі нацыянальнай зборнай, — адзначыў Дэйв Льюіс.

Пераможцам турніру Аrоsа Сhаllеngе стала каманда Швейцарыі, якая ў фінале перамагла сапернікаў са Славакіі ў серыі булітаў 3:2.

Нагадаем, для зборнай Беларусі міжнародны турнір у Швейцарыі стаў адным з этапаў падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які ў маі 2016-га прымуць Санкт-Пецярбург і Масква. Наступны вучэбна-трэніровачны збор нацыянальнай каманды адбудзецца ў лютым.

4. У Мінску завяршыўся чэмпіянат Еўропы па хуткіх шахматах (рапідзе) і бліцы, які праходзіў у сталічным Палацы спорту. Першае месца ў турніры заняў расіянін Вадзім Папоў: ён набраў 10 балаў з 11 магчымых. Другое месца ў Гранта Мелкумяна з Арменіі (9,5 ачка). На трэцюю прыступку п'едэстала гонару падняўся ўкраінец Вадзім Разін (9 ачкоў).

Сярод беларусаў самы высокі вынік у рапідзе паказаў Аляксей Фёдараў — 9-е месца, у бліцы — гросмайстар Сяргей Жыгалка, які набраў 16 ачкоў і размясціўся на 12-м месцы выніковага пратакола.

Адзначым, што мінскі чэмпіянат Еўропы па хуткіх шахматах і бліцы стаў самым буйным турнірам для гэтага віду спорту ў Беларусі за апошнія 15 гадоў. Спаборніцтвы ў Мінску наведаў кіраўнік міжнароднай шахматнай федэрацыі Кірсан Ілюмжынаў, а таксама прэзідэнт Еўрапейскага шахматнага саюза Зураб Азмайпарашвілі.

На чэмпіянат Еўропы ў сталіцу Беларусі прыехалі каля тысячы гульцоў з 31 краіны. Сярод іх — многія вядучыя шахматысты, якія ўваходзяць у першую сотню сусветнага рэйтынга.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.