Вы тут

Якасць прадукцыі не пацверджана


Дзяржстандарт забараніў увоз і абарачэнне на рынку рэспублікі асобных найменняў свяцільняў.

Небяспечная прадукцыя выяўленая Гродзенскай абласной інспекцыяй, а таксама Інспекцыяй па Мінскай вобласці і горадзе Мінску.

У ТАА «БПЛэлектра» ў Лідзе рэалізоўваліся столевыя свяцільні НДА 106 «Плутон» гандлёвай маркі «TDM ЕLЕСTRІС» турэцкай вытворчасці, у якіх не была забяспечана абарона спажыўцоў ад пашкоджання электрычным токам, чаго патрабуе тэхнічны рэгламент Мытнага саюза і дзяржаўны стандарт на гэтую прадукцыю.

Забарона на рэалізацыю свяцільняў выдадзена і сталічнаму гандлёваму аб'екту ЗАТ «Ніпекс». У прэс-службе Дзяржстандарта паведамілі, што ў люстрах гандлёвай маркі «Тэхналюкс» расійскай вытворчасці выяўлена неадпаведнасць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Электрамагнітная сумяшчальнасць тэхнічных сродкаў» па стварэнні электрамагнітных перашкод. Зафіксавана перавышэнне ўстаноўленых значэнняў гарманічных складнікаў току, што можа стварыць перашкоды для работы іншага электрычнага, кантрольна-вымяральнага абсталявання, выклікаць збоі электрасувязі і выхад лямпаў са строю.

На гэтыя віды прадукцыі на тэрыторыі рэспублікі спынена дзеянне выдадзеных сертыфікатаў адпаведнасці Мытнага саюза.

Гатуем стравы з «цвіллю» і «кішэчнай палачкай»!

За тры апошнія месяцы больш як на 10 найменняў прыпраў і спецый была выдадзена забарона на ўвоз і абарачэнне на рынку рэспублікі. Таксама спынена або прыпынена дзеянне дэкларацый аб адпаведнасці на гэтыя тавары, якія «пацвярджаюць» іх адпаведнасць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы харчовай прадукцыі» (ТР МС 021/2011). Небяспечныя прыправы былі выяўлены Гомельскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласнымі інспекцыямі Дзяржстандарта ў ходзе наглядных мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў гандлёвых аб'ектах рэгіёнаў.

Небяспечнай прадукцыяй прызнаны куркума, кары, прыправа для рыбы і шашлыка ад «Вкусмастера», кары ад Рарrу, заправа для свініны «Прыпраўка», заправа «Degusta» з кропам ад Vіtроl, хмелі-сунелі «7 страў», чорны молаты перац «Прыпраўка» і «Эстэтыка смаку», зробленыя ў Польшчы, Расіі, Украіне. Імпартавалі іх у Рэспубліку Беларусь сталічныя ТДА «Сатурн-2», ПП «Прасперыці», ТАА «Авалонгандаль», ТАА «Дабрада».

У прэс-службе Дзяржстандарта адзначылі, што практычна ва ўсіх прыправах выяўлены неадпаведнасці патрабаванням па мікрабіялагічных паказчыках: значнае перавышэнне нормаў па колькасці мікраарганізмаў, цвілі і бактэрый групы кішэчнай палачкі.

У ліку прычын выяўленых парушэнняў у Дзяржстандарце называюць якасць сыравіны, што пастаўляецца ў асноўным з краін Паўднёва-Усходняй Азіі, недастатковы ўзровень санітарна-гігіенічнага стану вытворчасці і схем кантролю мікрабіялагічных паказчыкаў.

— Тыя імпарцёры, у якіх наладжаны ўстойлівыя сувязі з вытворцамі прыпраў і спецый і маюць прамыя кантракты на пастаўку гэтай прадукцыі, неадкладна адрэагавалі на выдадзеныя прадпісанні, імкнучыся ў самыя кароткія тэрміны ліквідаваць парушэнні, — адзначае начальнік аддзела дзяржаўнага нагляду і кантролю Дзяржстандарта Ігар БУСЕЛЬ. — Яны інфармуюць камітэт аб укараненні працэдур па абеззаражванні сыравіны, арганізацыі ўваходнага кантролю партый прыпраў, якія паступаюць на адпаведнасць мікрабіялагічных паказчыках у акрэдытаваных выпрабавальных лабараторыях.

Па выніках прымянення прадпісанняў аб забароне ўвозу і абарачэння небяспечных прыпраў і спецый, а таксама аб спыненні (прыпыненні) дзеяння на тэрыторыі рэспублікі дэкларацый аб адпаведнасці на іх была абмежавана рэалізацыя прадукцыі на суму больш як 1 млрд рублёў.

З моманту ўступлення ў сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 48 «Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў» Дзяржстандартам выдадзены 202 прадпісанні аб выманні з абарачэння небяспечнай прадукцыі, забаронены ўвоз і абарачэнне 248 найменняў небяспечнай прадукцыі, на 190 найменняў спажывецкіх тавараў спынена (прыпынена) дзеянне на тэрыторыі рэспублікі дакументаў аб пацвярджэнні адпаведнасці Мытнага саюза.

— Гэтыя захады з'яўляюцца вельмі дзейснымі, бо дазваляюць абмежаваць паступленне значных патокаў неадпаведнай прадукцыі, — падкрэслівае Ігар БУСЕЛЬ. — Апроч гэтага, паміж нагляднымі органамі рэспублікі, інспекцыямі Дзяржстандарта наладжаны эфектыўны абмен інфармацыяй аб неадпаведнай прадукцыі. Мы накіроўваем такую інфармацыю ў Еўразійскую эканамічную камісію і ўпаўнаважаныя органы іншых дзяржаў — членаў ЕАЭС.

Дар'я ШОЦІК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.