Вы тут

Сацыяльныя сеткі пад наглядам: Мінгандлю наводзіць парадак у інтэрнэце


Што будзе ў Беларусі з продажам алкаголю ў сеціве, ці з'явіцца падатак на куплю ў замежных інтэрнэт-крамах і навошта Міністэрства гандлю цікавіцца сацыяльнымі сеткамі? Паспрабуем разабрацца.

22-34

Беларускія тавары ў трэндзе

Па словах намесніка міністра гандлю Ірыны Наркевіч, Беларусь актыўна працуе над прасоўваннем айчынных тавараў на буйных кітайскіх інтэрнэт-пляцоўках. Вядома, што частка прадукцыі «Беллегпрама» ўжо прадаецца праз пляцоўкі «Аліэкспрэс» — аптовы інтэрнэт-гіпермаркет. Акрамя таго, ужо ёсць дамоўленасці з буйнымі кітайскімі пляцоўкамі пра іх прыезд у Беларусь з мэтай прасоўвання айчынных тавараў. У гэтым зацікаўлены не толькі беларусы, але і кітайцы, таму што пасля пэўнага часу актыўнай экспансіі кітайскай прадукцыі на сусветныя рынкі яны маюць патрэбу ў якасным замежным тавары сярэдняга цэнавага сегмента. Беларуская прадукцыя якраз упісваецца ў гэтыя патрабаванні. Таксама варта заўважыць, што ў апошні час у Беларусі актыўна развіваецца замежны брэндавы гандаль.

Між тым, у краіне ўжо сур'ёзна падумваюць і аб увядзенні збору на куплю ў замежных інтэрнэт-крамах. Як адзначае Ірына Наркевіч, цяпер самае правільнае — вырашаць гэтае пытанне на ўзроўні Еўразійскай эканамічнай камісіі. Але калі ЕЭК будзе марудзіць, то Беларусь пойдзе хутчэй. Тэма падатку на куплю ў замежных інтэрнэт-крамах не нацыянальная — яна тычыцца ўсіх краін — удзельніц ЕАЭС.

Рэклама на кантролі

Сацыяльныя сеткі напоўнены рэкламай, і таму Міністэрства гандлю не змагло пакінуць гэта незаўважаным. Ірына Наркевіч тлумачыць, што гандаль інтэрнэт-крам часта перацякае на сацыяльныя платформы, а рэкламуюцца там не заўсёды легальныя і якасныя тавары. Таксама, паводле слоў намесніка міністра, пад асаблівым кантролем знаходзіцца неэтычная рэклама. Напрыклад, начныя клубы пачалі дэманстраваць сексуальныя сцэны, парнаграфічныя выявы, якія парушаюць нормы маральнасці. За гэтым таксама будуць сачыць. А часам прадпрымальныя людзі спрабуюць збыць і забароненыя да продажу ў інтэрнэце тавары, напрыклад алкаголь. Дарэчы дазволу на інтэрнэт-продаж алкагольных напояў у Беларусі не будзе. Паводле слоў намесніка міністра, пакуль гэта немагчыма. Вытворцы з ініцыятывай не выступаюць, больш за тое — катэгарычна супраць гэтага. Пытанне не падтрымліваюць і праваахоўныя органы сумесна з Міністэрствам аховы здароўя. Для такога гандлю неабходна, каб у інтэрнэце ўжо цяпер не было «шэрага» і «чорнага» тавару. Акрамя таго, Ірына Наркевіч выказала некаторую асцярогу ў дачыненні да прадаўцоў прадуктаў харчавання, якія сёння гандлююць праз інтэрнэт. Ёсць рызыка, што паралельна са звычайнай ежай яны пачнуць рэалізоўваць і алкагольныя напоі. Аднак такіх выпадкаў пакуль што не было.

Трымаць адказ

Але некаторым прадаўцам давялося трымаць адказ. Па выніках праверак у краіне сёлета за 9 месяцаў прыпынялася работа 35 інтэрнэт-крам і 5 інфармацыйных рэсурсаў. Аднак пратаколы, штрафы і закрыццё былі далёка не ва ўсіх выпадках — гэта крайняя мера. Пытанні вырашаліся таксама прадпісаннямі. Іх вынесена 90. Увогуле, у студзені—верасні было складзена 130 пратаколаў, выпісана каля 50 млн рублёў штрафу, што ў 2,5 раза больш, чым у мінулым годзе.

«Летась у нас стаў развівацца продаж лекаў фізічнымі асобамі. Разам з Міністэрствам аховы здароўя мы выявілі, што менавіта на інфармацыйных пляцоўках у асноўным прасоўваецца гэтая тэма. Таму была прыпынена іх работа», — патлумачыла намеснік міністра.

З'явіцца «белы спіс» прадаўцоў электронікі?

У краіне плануецца правесці добраахвотную атэстацыю інтэрнэт-крам электронікі і бытавой тэхнікі. Для гэтага да іх будуць распрацоўваць спецыяльныя патрабаванні. Усё будзе рабіцца і абмяркоўвацца публічна. Арганізатары лічаць, што гэта неабходна ў першую чаргу спажыўцу. Пакупнік павінен разумець, што перад ім інтэрнэт-крама, якая выконвае заканадаўства, нясе адказнасць перад грамадзянінам і дзяржавай. Такім чынам, будзе змяншацца рызыка трапіць у афёры так званых прадпрымальнікаў-аднадзёнак, якія проста зарэгістравалі сайт і прыйшлі на рынак, каб атрымаць прыбытак у момант павышанага попыту, не клапоцячыся пры гэтым аб якасці тавару.

Атэстацыя стане адным з этапаў праекта «Black & Gray», запушчанага з мэтай скарачэння незаконнага абароту імпартнай камп'ютарнай тэхнікі, мабільных тэлефонаў і іншай бытавой электронікі. Праект разбіты на 5 этапаў, першы з якіх — інтэрнэт-гандаль. Зараз у цэнтралізаваную базу сабрана інфармацыя пра больш за 280 інтэрнэт-крам. Для папярэджання парушэнняў на адрас уласнікаў накіраваны рэкамендацыі па выкананні заканадаўства Беларусі, якое рэгулюе праваадносіны ў сферы інтэрнэт-гандлю, а таксама растлумачана юрыдычная адказнасць за парушэнне дзеючых правілаў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.