Вы тут

Колькі снегу нам трэба?


Нам яшчэ ў дзяцінстве расказвалі, што снег патрэбен для абароны ад моцных халадоў. Насамрэч, снежная шапка дапамагае раслінам не толькі ў маразы. Снег — неад'емная данасць нашага клімату — уздзейнічае на дрэвы, карані раслін, травы, глебу значна даўжэй.

23-14

Снег можа запасіць цяпло ў глебе. Але рабіць гэта здольны пры пэўных умовах — у залежнасці ад шчыльнасці покрыва і тэрмінаў, у якія ён лёг на зямлю.

Найлепшы варыянт зімоўкі — першы ранні рыхлы глыбокі снег на адталую зямлю, ды каб не растаў. Увосень зацяжны дробны дождж здольны даволі глыбока прамачыць глебу на градках і палях. Тэмпература глебы ў гэтую пару высокая. У ёй кіпіць жыццё: мікраарганізмы пладзяцца, перапрацоўваюць арганічныя раслінныя элементы, карані раслін паспяваюць назапашваць неабходныя пажыўныя рэчывы. Часам вышыня снегу бывае такая вялікая, што і маразы не здольныя ператварыць зямлю ў панцыр. Вось пад такім сняжком лёгка зімуецца ўсім.

Гэта звычайна вясной глеба трохі падмярзае, калі пачынае агаляцца пры раставанні снегу. Але ўжо не настолькі, каб сур'ёзна пашкодзіць супольнасці глебавых жыхароў і каранёў шматгадовых раслін. Вышыня глебавага заселенага каранямі слоя невялікая, пад глыбокім ахоўным покрывам яна практычна не залежыць ад тэмпературы марознага паветра.

Горшы варыянт — снегу мала, выпадае ён занадта позна і на занадта прамёрзлую зямлю.

Снег і карані раслін

Успомнім законы фізікі: пры астуджэнні целы памяншаюцца ў памерах. Гэта і да зямлі дачыненне мае. Калі снегу занадта мала і надвор'е марознае, то ў глебе ўтвараюцца расколіны, карані раслін проста рвуцца. Зразумела, чаму пасля халоднай маласнежнай зімы гінуць пладовыя дрэвы. Хоць і распускаюць яны лісточкі ўвесну, але карані-то яшчэ ўзімку загінулі! Вось тады ўраджаю чакаць не варта, хоць бы самі дрэўцы ўмудрыцца выхадзіць. Зразумела, чаму ўсе палі з азімымі збожжавымі чарнеюць пралысінамі. Не лепшым чынам такія ўмовы адбіваюцца і на падзімніх пасевах агародных культур — пасля «чорнай» зімы вялікая частка насення страціць усходжасць, папросту перамерзне да такой ступені, што сіл не хопіць нават для малога кволага парастка. Вось чаму трэба ставіць шчыты, высаджваць упоперак сваіх участкаў кусты, пакідаць на зіму на градках бацвінне бульбы і памідораў, вырошчваць па мяжы ўчасткаў пустазелле або высакарослыя зараснікі кукурузы. Гэта неабходныя меры для затрымкі снегу.

Урок снежнай арыфметыкі

Аптымальны пласт снегу ў садзе — 80 сантыметраў! Пры такой абароне халоднае паветра не дабярэцца да глебы і каранёў раслін.

Няма ў нашых краях такога надвор'я, каб адразу столькі снегу наваліла? Дык адразу і не трэба...

• Добра, калі выпадзе сняжок слоем у 35 сантыметраў. І не растане, застанецца да халадоў.

• Да надыходу моцных маразоў снегу павінна быць ужо прыкладна 60 сантыметраў.

• А ўжо да зыходу зімы — да таго моманту, пра які кажуць, што яна ў зямлю сыходзіць, — вышыня слоя павінна дасягнуць тых самых 80 сантыметраў.

Вельмі добра, калі гэтыя параметры будуць значна большымі — нам снег ніколі не перашкодзіць! А вось сняжку, які, можна лічыць, церушыў, нам радавацца не варта. Чаму? Маленькі слой снегу глебу ад холаду абараняць не ўмее. Ён нібы паліто з павуціння: на плячах зіхаціць, а грэць не можа. Снегавы пласт у 6 сантыметраў стараецца, хутчэй, выгнаць глебавае цяпло. Пры гэтым ад белай, часам даволі бліскучай паверхні сонечныя прамяні адбіваюцца. І не аддаюць зямлі свайго і так беднага цяпла.

Зямля моцна прамярзае, і ўвесну ўся вільгаць сцякае ў нізіны, пакідаючы глебу без увільгатнення, бо глыбіня прамярзання пры недастатковым снежным покрыве дасягае часам 200 сантыметраў!

Таўшчыня снегу і глебавыя жыхары

Любому грунту, які не мае гаспадарчага значэння, мароз не рыхтуе буйных або дробных непрыемнасцяў.

А вось сельскагаспадарчым глебам маразы без снегу небяспечныя. Не толькі тым, што вятры знясуць самую ўрадлівую частку зямлі, горш іншае. Глебавыя мікраарганізмы, як бы яны ні былі прыстасаваны, з цяжкасцю пераносяць, перажываюць жудасныя халады. Тут не да працы вясной — тут бы выжыць пасля экстрэмальных умоў.

Агароднік з восені ўносіць арганіку для мікробаў, каб накарміць іх удосталь, даць штуршок да размнажэння. А потым зіма з маразамі і без снегу губіць вельмі шмат мікраарганізмаў. І вясной няма каму арганіку перапрацоўваць — нібы пошасць прайшла зімой. Добра, калі да сярэдзіны вегетацыйнага перыяду адбудзецца аднаўленне колькасці мікробаў.

Вось вам і ўраджай! Глеба прамерзла глыбока, глебавых бактэрый значна паменшылася, адталая вада ў мерзлую глебу не трапіла. Ды раслінам проста есці і піць няма чаго!

Сёлетняя зіма пакуль не прынесла ні вялікага снегу, ні моцных маразоў, але ж яна яшчэ не заканчваецца. І хто ведае, якія сюрпрызы чакаюць нас праз некалькі тыдняў? Будзем спадзявацца, што падзеі разгорнуцца па лепшым сцэнарыі, і калі марозныя дзянькі ўсё ж будуць, то і на снег зіма не паскупіцца.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.