Вы тут

На хэндбайку — да Балтыйскага мора


Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з 27-гадовым лідчанінам Аляксандрам АЎДЗЕВІЧАМ, які нядаўна пераадолеў на хэндбайку (па сутнасці, гэта веласіпед з педалямі, якія круцяць рукамі) больш за паўтысячы кіламетраў! Цяпер ён марыць аб новых падарожжах, а як кіраўнік міжраённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў» імкнецца разам з мясцовымі ўладамі зрабіць Ліду горадам, дзе камфортна людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

23-22

Пачынаць з сябе!

— Пасля жудаснай аварыі я трапіў у сітуацыю, з якой трэба было выбірацца. Яшчэ ўчора ты — малады хлопец, ходзіш, працуеш, «тусуешся». І раптам не можаш павярнуцца, адчуваеш уласную бездапаможнасць. Спачатку былі нават думкі пра самазабойства. Але потым, калі я стаў крыху прыходзіць у сябе, зразумеў: каб стала лепш, трэба нешта мяняць. І пачынаць найперш з сябе.

У мяне, пэўна, плюс у тым, што жыву ў невялікім горадзе, дзе дастукацца да мясцовай улады нашмат лягчэй, чым у мегаполісе. Калі прыязджаеш на інваліднай калясцы ў той жа выканкам, то на цябе глядзяць зацікаўлена. І прэса звяртае ўвагу: вось хлопец, які нешта хоча зрабіць. Ужо камусьці цікава абараняць твае інтарэсы нават таму, што гэта нешта «новенькае».

— Як ацэньваеце стан безбар'ернага асяроддзя ў сваім горадзе?

— У Лідзе шмат зроблена ў гэтым кірунку. Цэнтр практычна ўвесь прыстасаваны, каб перасоўвацца на інваліднай калясцы. Хоць ёсць і шмат недахопаў. І наша грамадская арганізацыя з'яўляецца невялікім органам маніторынгу, які кажа: «Хлопцы, перарабіце, нам тут нязручна». «Як? Што? Гэта ж прыгожа». Але ты гаворыш на поўным сур'ёзе: «Ведаеце, класна выглядае, але я не магу ў краму заехаць».

Такія арганізацыі, лічу, вельмі неабходны. Хаця б для таго, каб у патрэбны момант нагадаць звычайнаму будаўніку, які сам не ездзіць на калясцы, пэўныя правілы і нормы безбар'ернага асяроддзя, параіць, як лепш зрабіць.

— Што яшчэ, на ваш погляд, важна зрабіць у Лідзе для інвалідаў-калясачнікаў?

— Самым дзейсным крокам магло б стаць стварэнне залы актыўнай рэабілітацыі. Бо ўсе людзі, якія трапілі ў такую сітуацыю дарослымі альбо знаходзяцца ў ёй з дзяцінства, маюць патрэбу ў спецыяльных фізічных практыкаваннях. Гэта важна і з пункту гледжання псіхалагічнай рэабілітацыі.

Бачыце, у мяне палова пакоя занята трэнажорамі, яшчэ ў гаражы ёсць некалькі. І я з задавальненнем аддаў бы іх у гэтую залу актыўнай рэабілітацыі, каб займаліся і іншыя.

Дарэчы

Лідская арганізацыя інвалідаў-калясачнікаў мае патрэбу ў спецыяльным інвентары для залы рэабілітацыі людзей з парушэннем апорна-рухальнага апарату (плюс для правядзення заняткаў у басейне). Хто жадае аказаць садзейнічанне ў яго набыцці, звяртайцеся па тэл. 8-029 550-92-07.

[caption id="attachment_115662" align="alignnone" width="600"]23-21 На хэндбайку (з архіва Аляксандра Аўдзевіча)[/caption]

Не ахвяраванняў чакаць, а працаваць

— Хтосьці, пэўна, думае, што калясачнікам патрэбны толькі ахвяраванні. І раптам — сацыяльны праект «Працаўладкаванне. Курс на збліжэнне»...

— Мы сабралі нашых лідчан з інваліднасцю ў цэнтральнай бібліятэцы, запрасілі прадстаўнікоў цэнтра занятасці, людзей, якія, нягледзячы на абмежаваныя фізічныя магчымасці, дабіліся поспеху ў бізнесе. Паказалі тым самым, што працаўладкаванне інвалідаў-калясачнікаў цалкам рэальнае. Расказалі пра адпаведныя варыянты, ільготы, якія пры гэтым атрымлівае працадаўца. Потым знялі ў розных рэгіёнах Беларусі 5 відэаролікаў — на прыкладзе канкрэтных людзей з інваліднасцю: як яны працуюць? З якімі праблемамі сутыкнуліся? Гэтых людзей запрасілі на сустрэчу з членамі нашай грамадскай арганізацыі.

— Тое, што інваліднасць — гэта не прысуд, а выпрабаванне, якое трэба з годнасцю вытрымліваць, даказвае, напрыклад, ваш зямляк Андрэй Гурын...

— Ён малайчына! І ў бізнесе сябе знайшоў, і ў спартзалу ходзіць, бывае на розных гарадскіх імпрэзах. Я — малады хлопец, а ён — з іншага пакалення, але ў нас інтарэсы практычна аднолькавыя.

— Як асабіста вам удаецца зарабляць?

— Па спецыяльнасці я інжынер-праграміст. Пасля аварыі працаваў год вэб-дызайнерам у фірме. А потым стаў займацца праектнай дзейнасцю, зразумеўшы, што магу зарабляць грошы за кошт таго, што нешта паляпшаецца. Скажам, у кірунку безбар'ернага асяроддзя, альбо лабіруючы тыя ж пытанні з працаўладкаваннем інвалідаў. Існуе, аказваецца, нямала фондаў, якія могуць падтрымаць матэрыяльна. Безумоўна, для гэтага трэба шмат энтузіязму, энергіі. Напрыклад, павінен ведаць, як зняць відэаролік. Я ў гэтым знайшоў нейкую сваю «нішу». Здымаю відэаролікі на тэму інваліднасці: як трэніравацца, займацца сабой. Дасць Бог, неўзабаве стартуе ўжо трэці праект.

— Ці ёсць вынік ад вышэйпамянёнага праекта па працаўладкаванні?

— На сёння два чалавекі працаўладкоўваюцца. Адзін — на прадпрыемства зноў жа інваліда-калясачніка з Мінска, дзе вырабляюць ручное кіраванне на машыны. Будзе працаваць на камп'ютары. А другая жанчына будзе займацца кансультаваннем кліентаў адной сталічнай фірмы па тэлефоне — сядзець дома і адказваць на пытанні.

— Ведаю, што лідская аўташкола «ДрайвМайстар» навучае інвалідаў-калясачнікаў ваджэнню аўтамабіля...

— Гэтым можа займацца любая аўташкола. Калі яе кіраўніку цікава навучаць людзей з інваліднасцю, якія не могуць карыстацца педалямі, а толькі рукамі, то гэта даволі проста. Патрэбна толькі машына з аўтаматычнай каробкай перадач і ручным кіраваннем. Як атрымалася ў Лідзе? Мой знаёмы, дырэктар аўташколы, прыехаў да мяне і спытаў: што табе патрэбна, каб вадзіць машыну? Потым ён паехаў у сталіцу, даведаўся, як наладзіць у аўташколе навучанне інвалідаў-калясачнікаў. У яго была машына на «аўтамаце» — пераабсталяваў яе на ручное кіраванне. І цяпер кожны, хто можа сабе дазволіць купіць такі аўтамабіль, можа навучыцца ў Лідзе ваджэнню.

Як «калясачнік» дапамог балерыне

Нядаўна ў лідскім Палацы культуры адбылася прэм'ера спектакля па матывах п'есы Ігара Шпрыца «Дзяўчына і кентаўр». Аляксандр Аўдзевіч сыграў там адну з галоўных роляў:

— Маладая балерына «ламаецца», трапляе ў бальніцу і спрабуе скончыць жыццё самагубствам. І я, «калясачнік», бачу гэта і пачынаю з яе кпіць, угаворваю не вешацца. Прыязджае прафесар з Амерыкі, які робіць эксперыментальныя аперацыі са ствалавымі клеткамі, і я саступаю ёй сваю чаргу. Ёй робяць аперацыю, яна становіцца на ногі. Другое дзеянне: ужо я ў роспачы, а яна прыязджае з Амерыкі і мяне супакойвае. Вось такі спектакль.

— Колькі ў Лідзе інвалідаў-калясачнікаў?

— Зараз у нашай арганізацыі каля 30 чалавек, але рэальна іх больш. Многіх вельмі складана ўцягваць у соцыум, нечым зацікаўліваць. Замыкаюцца ў сваіх сценах...

— Дык што, прыклады таго ж Андрэя Гурына і ваш — гэта выключэнні?

— Лічу, што тут справа нейкай «моды». Гэта значыць, трэба зрабіць модным, што інвалід-калясачнік прысутнічае на дыскатэцы, фестывалі, іншых імпрэзах. Прычым зрабіць гэта прыгожа, так, што каля яго, як каля дарагой машыны, тусуецца моладзь. І думае: як жа класна дапамагаць такому чалавеку! І не проста дапамагаць, а быць разам з ім.

Вось што мне хочацца памяняць у свядомасці грамадства. Бо калі я «зламаўся» і паглядзеў нейкія мерапрыемствы інвалідаў, то мне яны здаліся нецікавымі. Ды лепш наогул нічога не рабіць, чым так. Але разам з тым паглядзеў і некалькі цікавых фільмаў, дзе інваліднасць паказана з іншага боку. Так, «калясачнік», але ж які цікавы! Не так ужо ўсё і дрэнна ў гэтага чалавека. І мне хацелася б дзейнічаць у такім ключы і знаходзіць адпаведнае разуменне ў грамадстве. А не проста чуць: «Давайце ім дапамагаць».

— Што параіце людзям, якіх тая ці іншая жыццёвая сітуацыя абмежавала ў фізічных магчымасцях?

— Найперш — сацыялізавацца ў грамадстве. І знайсці тое, чым ім цікава займацца. Калі б я, дапусцім, быў пісьменнікам, то купіў бы зручнае крэсла, пісаў і быў шчаслівы. Але, як правіла, большасць людзей нават не пісьменнікі, не камп'ютаршчыкі, менеджары і бухгалтары, якія могуць прымяніць свае веды, а рабочыя ці, напрыклад, прадаўцы. І, атрымаўшы інваліднасць, многія ў роспачы: дык хто ж я цяпер? Але ўсё ж трэба рабіць усё магчымае, каб знайсці для сябе «нішу» — гэта галоўнае.

У тэму

Андрэй МІМІШ, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Лідскага райвыканкама:

— Нядаўна на пасяджэнні райвыканкама разглядалі праблемы, што тычацца інвалідаў-калясачнікаў. За апошнія некалькі гадоў на многіх гарадскіх аб'ектах праводзіліся работы па іх абсталяванні элементамі безбар'ернага асяроддзя. У прыватнасці, устанавілі ў жылых дамах 34 пандусы для ўезду на інваліднай калясцы. Вырабілі на «Лідсельмашы» і ўстанавілі ў дамах для інвалідаў-калясачнікаў 5 пад'ёмных прыстасаванняў і яшчэ 2 — у раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Акрамя таго, спецыяльным пад'ёмнікам аснашчаны басейн спартыўна-аздараўленчага комплексу «Алімпія».

Кіраўнікам мясцовых прадпрыемстваў даручылі вывучыць магчымасці стварэння новых рабочых месцаў для працаўладкавання інвалідаў-калясачнікаў. Паставілі задачу абнавіць банк даных будынкаў, дзе неабходна забяспечыць патрабаванні безбар'ернага асяроддзя. Па прапанове Аляксандра Аўдзевіча, які падарожнічаў да Балтыйскага мора, для інвалідаў-калясачнікаў будзе абсталявана дарожка да вады на гарадскім пляжы. Акрамя таго, даручана закупіць і ўстанавіць у горадзе біятуалеты для інвалідаў.

— А ці ажыццявіцца мара Аляксандра Аўдзевіча аб стварэнні ў Лідзе цэнтра рэабілітацыі для інвалідаў-калясачнікаў?

— Гэтую ідэю таксама абмяркоўвалі. Яна рэальная і будзе ажыццяўляцца.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

г. Ліда.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.