Вы тут

Cустрэч для ветэранаў журналістыкі будуць праводзіцца


Па большасці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінская вобласць сёлета апераджае іншыя рэгіёны. У прыватнасці, у прамысловасці і сельскай гаспадарцы ідзе на ўзроўні 100%. Аднак валавы рэгіянальны прадукт знізіўся да 99%. Гэта выклікана некалькімі прычынамі, у першую чаргу змяншэннем аптовага тавараабароту. Гэтыя і іншыя лічбы і факты агучыў падчас сустрэчы з журналістамі старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра.

23-58-1

І ўсё ж, які быў гэты год для Міншчыны? Ці няма адчування, што ён самы складаны і цяжкі для кіраўніка цэнтральнага рэгіёна за ўвесь той час, што ён узначальвае вобласць? Менавіта такое пытанне цікавіла журналістаў.

— Паняцце «цяжкі год» — адноснае, — лічыць старшыня аблвыканкама. — На прыёме грамадзян у Нясвіжы мне паскардзілася жанчына, маўляў, цяжка, сям'я здымае кватэру. У гэты час мне паказалі альбом пра гісторыю раёна. На пасляваенных фотаздымках тры жанчыны і стары цягнуць на сабе плуг, людзі жывуць у зямлянках. Вось тады сапраўды было цяжка. Так, сёння ў эканоміцы сітуацыя не з найлепшых, невысокія заробкі. Але мы стараемся падтрымліваць людзей. У вобласці практычна няма запазычанасці па зарплаце за папярэднія месяцы. І самае галоўнае для нас — захаваць працоўныя калектывы.

За апошнія тры гады на Міншчыне рэалізавана больш як 170 інвестыцыйных праектаў, створана амаль 8 тысяч новых рабочых месцаў. У наступным годзе плануецца таксама павялічваць колькасць працоўных месцаў за кошт уводу ў дзеянне новых вытворчасцей. «Лёс кожнага прадпрыемства — наш штодзённы клопат. Галоўнае — не страціць кадравы патэнцыял і не спыніць заводы. Некаторыя з іх трэба паступова дыверсіфіцыраваць, пераводзіць на выпуск новых відаў прадукцыі па сучасных тэхналогіях. Гэта няхуткі, але вельмі спакойны працэс, і ён ідзе ў нашай краіне», — падкрэсліў Сямён Шапіра.

За гэты год на Міншчыне з'явілася шмат сацыяльна значных аб'ектаў: дзіцячыя садкі, дамы сямейнага тыпу, фізкультурныя аздараўленчыя комплексы, басейны, стадыёны. Дзяржава, як бы цяжка ні было, знаходзіць сродкі на іх.

— Як бы ні крытыкавалі нас некаторыя грамадзяне за новыя спартыўныя аб'екты, яны ў першую чаргу ўзводзяцца на карысць людзей, падрастаючага пакалення, заняткі ў іх умацоўваюць здароўе нацыі. А калі нацыя здаровая, то яна здольная ствараць умовы для свайго развіцця, дабрабыту, — лічыць кіраўнік сталічнай вобласці.

У наступным годзе плануецца будаўніцтва двух дзіцячых садкоў — у Мінскім раёне і ў Бараўлянах. Тут, дарэчы, працягваецца добраўпарадкаванне, уладкаванне вуліц, дарог, развязак, інфраструктуры. На чарзе іншыя пасёлкі — Міханавічы, Самахвалавічы, Гатава, Калодзішчы. Плануецца кожны год даводзіць да ладу адзін населены пункт, каб з цягам часу яны сталі зручнымі і камфортнымі для жыцця людзей.

Як адзначыў Сямён Шапіра, у вобласці прадоўжыцца практыка рамонту гаспадарчым спосабам устаноў аховы здароўя, культуры, адукацыі. Такі падыход сябе апраўдаў, хаця спачатку не ўсе кіраўнікі былі з ім згодны.

Ну і, вядома, не абышлося без тэмы падтрымкі ветэранаў працы. Як паказала нядаўняе ўшанаванне заслужаных людзей аграрнага сектара вобласці ў Маладзечне, такія мерапрыемствы сябе апраўдваюць. Ветэраны атрымліваюць добрую магчымасць сустрэцца з былымі калегамі, з першых вуснаў даведацца, як ідуць справы ў вобласці, падзяліцца вопытам.

— Мы дамовіліся збіраць напярэдадні ці пасля прафесійных свят былых заслужаных працаўнікоў і іншых сфер: медыкаў, педагогаў, урачоў. Падарункі, кветкі, сувеніры падтрымліваюць кожнага з іх не столькі фізічна, колькі маральна. Увага танна каштуе, але дорага цэніцца. Такая практыка сустрэч будзе працягвацца, — канстатаваў Сямён Шапіра.

Не выключыў Сямён Барысавіч магчымасць правядзення падобнага мерапрыемства і для ветэранаў сродкаў масавай інфармацыі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ. 

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Старшыня Мінскага аблвыканкама не выключае правядзення сустрэч для ветэранаў журналістыкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.