Вы тут

Пенсійную сістэму чакаюць рэформы


Сярод іх — абавязковае страхаванне для замежных работнікаў і павышэнне стажу

Мінпрацы запэўнівае: усе магчымыя змены будуць праходзіць плаўна. «Мы хочам, каб яны не сталі стрэсам для насельніцтва і атрымалі падтрымку ў грамадстве, — гаворыць намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ. — Будзем арыентавацца на выкананне сацыяльных абавязацельстваў».

d0680dd689278808e0a136c667ffcf38

Ільготных выплат становіцца менш

Па падліках ведамства, тэндэнцыя росту новых пенсіянераў будзе змякчацца. Але гэта не значыць, што доля пажылых у агульнай колькасці насельніцтва знізіцца.

— Пік дэмаграфічнай хвалі ў нас прыпаў на 1958 год. Сёлета на пенсію выходзілі жанчыны 1960 года нараджэння і мужчыны 1955 года нараджэння. Пік мы ўжо прайшлі. Разам з тым вялікая колькасць пенсіянераў захаваецца: гэта звязана з ростам працягласці жыцця. Нагрузка на пенсійную сістэму расце, бо становіцца меншым працэнт працаздольнага насельніцтва, — тлумачыць Валерый Кавалькоў.

У краіне даўно прымаюцца захады, накіраваныя на зніжэнне нагрузкі на пенсійную сістэму. Адным з такіх крокаў было ўвядзенне з 2009 года прафесійнага пенсійнага страхавання работнікаў, занятых у неспрыяльных умовах працы. Заканадаўствам прадугледжваецца, што наймальнік пералічвае дадатковыя мэтавыя абавязковыя ўзносы, а потым з гэтых зберажэнняў чалавеку выплачваецца датэрміновая пенсія. Такім чынам для льготнай пенсіі фарміруецца асобная крыніца фінансавання. Гэта паступова вызваліць сістэму ад адпаведных выдаткаў. Тады ж удалося замацаваць крытэрыі шкоднасці для ўсіх катэгорый работнікаў. Вызначаць права на датэрміновую пенсію стаў характар працы, а не наяўнасць прафесіі ў пэўных спісах.

— Колькасць датэрміновых выплат у агульнай сістэме будзе зніжацца, — кажа намеснік міністра. — Калі да прыняцця новага заканадаўства льготнай была кожная чацвёртая пенсія (27 працэнтаў новых прызначэнняў), то цяпер толькі кожная восьмая. Сістэма прафесійнага страхавання ўжо апраўдвае чаканні па абмежаванні пенсійных ільгот.

Замест выхаду на датэрміновую пенсію дазваляецца дапрацаваць да агульнаўстаноўленага ўзросту і атрымліваць накапляльныя ўзносы ў дадатак да асноўных выплат. Таксама маладыя работнікі могуць выбраць: фарміраваць права на датэрміновую пенсію ці замест гэтага ўзяць даплату да заробку. «Мы лічым, што абарона работніка падчас працы больш актуальная», — каментуюць такое рашэнне ў міністэрстве.

 

Прадпрымальнікі не прызнаюцца ў прыбытках

Як паказвае абследаванне хатніх гаспадарак, пагрозы трапіць за мяжу беднасці ў пенсіянераў няма. Змяншэнне прыбыткаў ніжэй за бюджэт пражытковага мінімуму хутчэй верагодна для асобных малазабяспечаных сем'яў з дзецьмі, чым для пажылых людзей.

Цяпер выплаты па ўзросце спрабуюць рабіць больш дыферэнцаванымі, каб тыя, хто меў большы заробак, мог і на пенсіі атрымліваць больш. Так, на сёння максімальная працоўная пенсія вышэйшая за мінімальную ў 2,8 раза. Са студзеня 2016 года, у сувязі з уступленнем у сілу нормаў аб дадатковым павышэнні пенсіі за доўгі стаж, чакаецца, што гэтыя суадносіны павялічацца да 3,1 раза. У міністэрстве спадзяюцца, што такая дыферэнцыяцыя будзе стымуляваць грамадзян указваць свой рэальны прыбытак.

— Сёння прадпрымальнікі і іншыя самазанятыя самастойна вызначаюць памер даходу, з якога яны плацяць узносы на сацыяльнае страхаванне, — кажа Валерый Кавалькоў. — Ёсць адзіная ўмова: гэты прыбытак павінен быць не ніжэйшым за мінімальны заробак. У працэнтах 90 выпадкаў нашы індывідуальныя прадпрымальнікі ўказваюць мінімальны заробак як свой даход. Прычым гэтая тэндэнцыя назіралася не толькі ў крызісны год. Раней ніжняга парога не было, і мы былі вымушаны яго ўнесці, бо многія ўвогуле паказвалі, што цэлы год працуюць у страту.

У найбліжэйшы перыяд плануецца распаўсюдзіць абавязковае сацыяльнае страхаванне на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія прыязджаюць на заробкі ў Беларусь (пакуль яны ўдзельнічаюць у сістэме на добраахвотных асновах). Гэта дазволіць павялічыць паступленні ў фонд. І ліквідуе перавагу замежных работнікаў: пакуль яны больш выгадныя для наймальніка, бо за іх не трэба плаціць узносы. Працоўныя мігранты, як правіла, не ведаюць аб тым, што яны мусяць пісаць заяву, каб удзельнічаць у сацыяльным страхаванні, таму для арганізацыі такі персанал каштуе на 34 працэнты танней.

 

Павышаць узрост трэба з жанчын

Міністэрства ўжо не раз заяўляла аб магчымым павелічэнні неабходнага працоўнага стажу. Яго павышэнне, напрыклад, да 20 гадоў практычна зраўняла б перыяд фарміравання права на пенсію і час яе атрымання.

— Але мы не будзем ісці такімі шокавымі крокамі, па пяць гадоў, — абяцае Валерый Кавалькоў. — У Адміністрацыі Прэзідэнта ёсць ужо праект нашага ўказа, дзе прапаноўваецца павялічваць страхавы стаж штогадова на паўгода.

Што тычыцца пенсійнага ўзросту, то афіцыйнага рашэння аб павышэнні пакуль няма. Аднак Валерый Кавалькоў лічыць гэты захад неабходным: «Як спецыяліст магу сказаць, што без павелічэння пенсійнага ўзросту мы літаральна праз некалькі гадоў будзем вымушаны зніжаць суадносіны паміж сярэднім памерам пенсіі і сярэдняй заработнай платай. 40 працэнтаў захоўваць не атрымаецца».

Павышаць пенсійны ўзрост, на думку ведамства, трэба пачынаць з жанчын. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Працягласць жыцця пасля выхаду на адпачынак па ўзросце для мужчын складае 16 гадоў, а для жанчын — 26. Дэмографы звяртаюць увагу таксама на тое, што змянілася роля жанчыны ў грамадстве. Калі размова ішла аб вызначэнні ўзросту выхаду на пенсію, то беларускі нараджалі па пяцёра дзяцей і з улікам гэтага быў выбраны такі тэрмін.

У любым выпадку без згоды народа змяняць узроставую планку не будуць. І сітуацыі, калі чалавек з аб'ектыўных прычын працаваць у гэтыя гады не можа, абяцаюць улічыць. Даследаванне грамадскай думкі па пенсійных пытаннях гатовы правесці Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі.

— Часам прыходзіцца прымаць непапулярныя рашэнні, каб не стала горш, — заўважыў Валерый Кавалькоў. — Але мы старанна ўсё прадумваем, перш чым зацвердзіць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

lubneuskaya@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».