Вы тут

Расліны, якія пазбавяць ад прастуд


Зіма ў многіх асацыюецца не толькі з навагоднімі святамі, снежнай прыгажосцю і вясёлымі забавамі на свежым паветры, але і з прастудай, кашлем, насмаркам і іншымі падобнымі непрыемнасцямі. Зоймемся пошукам сродкаў, здольных ад нашых асенне-зімніх бед пазбавіць, а яшчэ лепш — дапамагчы такіх праблем пазбегнуць зусім. Засяродзімся на раслінах. І не якіх-небудзь экзатычных, а самых простых — тых, што ў кожнага, напэўна, у садзе-агародзе ці ў найбліжэйшых ваколіцах адшукаюцца.


Хрэн

Многія цэняць пякучыя карэньчыкі як выдатную прыправу да мясных страў і інгрэдыент смачных соусаў. А яшчэ хрэн — адзін з самых простых і дзейсных сродкаў ад прастуды.

Аптымальны варыянт — здрабніць свежы корань. Дарэчы, калі перапрацоўваеце хрэн у лячэбных мэтах, не спяшайцеся надзяваць поліэтыленавыя пакеты на мясарубку — менавіта фітанцыды, якія выдзяляюцца гэтай раслінай, і дапамагаюць знішчыць вірусы, што нас атакуюць. Так, метад не вельмі гуманны, напэўна. Але дапамагае. А яшчэ кашка са свежага кораня можа замяніць гарчычнік. Адзін мінус: зімой гэты спосаб можа аказацца недаступным. Запаслівыя дачнікі на такі выпадак рыхтуюць настойку (1 сярэдніх памераў карэньчык хрэну на бутэльку гарэлкі), якая выкарыстоўваецца і для кампрэсаў або расціранняў, і для прыёму ўсярэдзіну, і для паласкання (зразумела, у разведзеным выглядзе).

І яшчэ важна: ужываць хрэн можна не ўсім. Ён здольны выклікаць раздражненне слізістых абалонак і скуры, таму нават пры вонкавым выкарыстанні (кашкі — у якасці гарчычніка, настойкі — для паласкання або кампрэсу) варта быць асцярожнымі: магчымая індывідуальная непераноснасць. Не рэкамендуецца даваць хрэн дзецям. Хоць у цэлым расліна лічыцца карыснай для стрававання, некаторыя захворванні печані і страўнікава-кішачнага тракта таксама могуць стаць супрацьпаказаннем да яго ўжывання.


Часнок

Яго карысныя ўласцівасці — таксама хрэстаматыйная ісціна. І не варта чакаць моманту, калі прастуда ці грып, што называецца, возьмуць за горла — лепш завядзіце звычку штодня з'ядаць хаця б адзін зубчык часнаку. Не варта адгаворвацца тым, што, маўляў, няёмка гэта неяк — трэба з людзьмі мець зносіны, а ад мяне часнаком пахне... Было б жаданне паклапаціцца пра сябе, а спосаб адшукаецца.

Дарэчы, акрамя прафілактыкі прастуды, такім простым спосабам можна знізіць ціск (пры лёгкіх формах гіпертаніі), скараціць верагоднасць развіцця атэрасклерозу, вырашыць шэраг праблем са страваваннем. Часнок карысны для ўмацавання нервовай сістэмы, а параўнальна нядаўна была выяўлена і здольнасць рэчываў, якія змяшчаюцца ў часнаку, супрацьстаяць развіццю пухлін рознай лакалізацыі. Фітанцыды, якія вылучаюцца часнаком, паспяхова знішчаюць многія віды вірусаў і хваробатворных бактэрый, што ў перыяд грыпу і ўсялякіх ВРВІ — вельмі каштоўная ўласцівасць.

Выкарыстоўваючы часнок, улічыце: пры захворваннях нырак, язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі яго ўжыванне супрацьпаказана. З асцярожнасцю варта ўжываць гэты сродак і тым, хто пакутуе на розныя захворванні страўнікава-кішачнага тракта (уключаючы гастрыт) і печані.


Цыбуля

Усе віды цыбулі, якія ўжываюцца намі ў ежу, змяшчаюць карысныя для арганізма рэчывы і здольны абараніць ад хваробатворных мікраарганізмаў. Як і ў выпадку з часнаком, найбольш просты і эфектыўны спосаб — рэгулярна ўжываць у ежу свежую цыбулю.


Шыпшына

Сама па сабе шыпшына ад прастуды ці грыпу вас, мабыць, і не вылечыць. А вось пазбегнуць заразы дапаможа. Дастаткова з восені запасціся пладамі, насушыць іх, а ўзімку рэгулярна гатаваць вітамінную гарбату, заварваючы 1 сталовую лыжку здробненых пладоў шыпшыны шклянкай кіпеню (зручней за ўсё рабіць гэта ў тэрмасе, але можна і на вадзяной лазні — награваць 15 хвілін).

Уся справа ў тым унікальным букеце вітамінаў і мікраэлементаў, якім прырода ўзнагародзіла гэтую расліну. Дзякуючы яму шыпшына лічыцца адным з лепшых прыродных сродкаў для прафілактыкі авітамінозу і рэгуляцыі абмену рэчываў. Урэшце, можна проста купіць у аптэцы сіроп шыпшыны. Знойдуцца там і сушаныя плады, калі самі нарыхтаваць не змаглі.

Для прыгатавання вітамінавага напою можна змяшаць плады шыпшыны з сухімі ягадамі рабіны ў роўных частках (заварваць гэтак жа). Можна дадаваць здробненыя плады ў звычайны чай. Толькі ўлічыце: калі ўжываеце шыпшыну рэгулярна, то варта рабіць 10-дзённыя перапынкі праз кожныя 30 дзён прыёму вітаміннага напою. А тым, хто пакутуе на захворванні страўніка (асабліва на фоне павышанай кіслотнасці страўнікавага соку), варта ўжываць такі адвар толькі пасля яды.


Эхінацэя

Гэтая прыгажуня жыве ў многіх садах, але цэніцца яна не толькі за выдатную знешнасць. Эхінацэя пурпурная — магутны сродак для аднаўлення парушанага імунітэту. Яе ўласцівасці прызнаныя афіцыйнай медыцынай, і ў аптэцы можна набыць гатовую настойку эхінацэі. Вядомая здольнасць экстракта эхінацэі спыняць рост не толькі вірусаў грыпу, але і стрэптакока, стафілакока, кішачнай палачкі, а таму сродкі на аснове соку гэтай расліны выкарыстоўваюць у тэрапіі самых розных захворванняў. Найбольш эфектыўнымі лічацца менавіта спіртавыя настойкі — водныя прэпараты гатуюцца і прымяняюцца радзей. Але падчас эпідэміі грыпу карысна нават проста пажаваць карэньчык расліны (калі назбіралі, вядома) — усе яго часткі гаючыя.

Улічыце: хоць прэпараты эхінацэі нетаксічныя, іх не варта даваць дзецям да 1 года. Супрацьпаказаныя яны і пры такіх цяжкіх захворваннях, як лейкоз, рассеяны склероз, сухоты. Акрамя таго, магчымая індывідуальная непераноснасць, гіперадчувальнасць, таму пачынаць выкарыстанне эхінацэі варта пасля кансультацыі з урачом і выкарыстоўваць прэпараты выключна ў рэкамендаваных дозах.


Елка звычайная

Надышоў Новы год, і як тут не ўспомніць пра елку? Калі мучыць сухі кашаль, зрабіце інгаляцыі з адварам шыпулек ці эфірным алеем елкі — гэтыя прэпараты валодаюць бактэрыцыдным дзеяннем і спрыяюць адыходжанню макроты. Нават звычайная прагулка ў хвойным лесе дабратворная для органаў дыхання.

А яшчэ з ігліцы робяць вітамінны напой, які з глыбокай старажытнасці ўжываўся як сродак ад цынгі, выкарыстоўваўся для выратавання знясіленых ад голаду людзей. Пры авітамінозах, для аднаўлення сіл пасля хваробы карысна піць па 1 шклянцы такога сродку ў дзень. Для яго прыгатавання спатрэбіцца 4 шклянкі здробненай яловай ігліцы, якую заліваюць 0,5 л халоднай вады, дадаюць 2 чайныя лыжкі лімоннага соку і 2-3 дні настойваюць у цемры, а затым працэджваюць.

Толькі не варта выкарыстоўваць для лячэння шыпулькі ад навагодніх ёлак: мы ўсё ж не ведаем, у якіх умовах іх вырошчвалі.


Альяс

Многія дачнікі — яшчэ і аматары хатніх раслін. І альяс нярэдка можна сустрэць на нашых падаконніках. Што расліна гэтая гаючая, мусіць, ведалі яшчэ старажытныя егіпцяне. І сёння яго вырошчваюць дома часцей менавіта дзеля карысці, а не прыгажосці. Сок расліны выкарыстоўваецца і афіцыйнай медыцынай; у аптэцы можна набыць экстракт альясу.

Мабыць, найбольш каштоўнай для нас у гэтую прастудную пару акажацца здольнасць альясу павышаць ахоўныя ўласцівасці арганізма, умацоўваць імунітэт. Існуе нямала розных рэцэптаў прыгатавання хатніх прэпаратаў на яго аснове: спіртавыя настойкі, сумесі соку з мёдам, лімонам, арэхамі і гэтак далей — у невялікім артыкуле проста немагчыма разгледзець усе рэцэпты, а тым больш — важныя нюансы іх прыгатавання (бо карысць такіх прэпаратаў залежыць і ад таго, наколькі правільна нарыхтавана сыравіна, і ад захавання рэцэптуры).

Варта толькі перасцерагчы і нагадаць: прэпараты альясу, як і любыя іншыя гаючыя сродкі, маюць супрацьпаказанні. Не рэкамендуюць іх ужываць цяжарным жанчынам, тым, хто мае хваробы печані. З асцярожнасцю выкарыстоўваюць прэпараты гэтай расліны для дзяцей і пажылых людзей. Магчымая індывідуальная непераноснасць, раздражненне слізістай страўніка або насаглоткі. Калі хочаце прыгатаваць сродак, які змяшчае мёд, улічыце і супрацьпаказанні да яго ўжывання.

Вядома, пералік прыведзеных раслін далёка не поўны. Можна было б напісаць і пра календулу, і пра святаяннік, і пра рамонак аптэчны; пра падбел і вятроўнік; пра лімон і імбір; пра каліну, маліну, ліпу... Мабыць, адзін толькі пералік раслін, здольных дапамагчы нам у барацьбе з сезоннымі прастудай і грыпам, зойме нямала месца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».