Вы тут

Ці знойдуцца сродкі для музея Алеся Адамовіча?


Сёлета ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна павінен быў адкрыцца музей вядомага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, па кнізе якога «Хатынская аповесць» пастаўлены пранізлівы да дрыжыкаў фільм пра вайну «Ідзі і глядзі». Падчас кінасеансаў апошняга за мяжой каля кінатэатраў дзяжурылі «хуткія дапамогі», каб ратаваць занадта ўражлівых гледачоў. пасля прагляду кінааповесці пажылы нямецкі салдат, былы афіцэр вермахта, прызнаўся: «Я сведчу: усё расказанае ў гэтым фільме — праўда. І самае страшнае і ганебнае для мяне, што гэты фільм убачаць мае дзеці і ўнукі».


У канцы мінулага года «Звязда» (нумар ад 28 кастрычніка) звярнулася да балючай тэмы адкрыцця ў Глушы музея аўтара гэтага аднаго з самых жорсткіх па рэалістычнасці твораў пра вайну. У якасці падыходзячага памяшкання разглядаўся будынак былой аптэкі, дзе падчас вайны адбываліся падзеі яшчэ аднаго твора Алеся Адамовіча — «Вайна пад стрэхамі». У канцы 90-х мінулага стагоддзя будынак быў перададзены на баланс аддзела культуры Бабруйскага райвыканкама, але музеем за гэты час так і не стаў.

Тры гады таму спроба спонсараў зрабіць праектна-каштарысную дакументацыю застопарылася на тэхнічнай экспертызе. Жыхары Глушы, занепакоеныя тым, што рэканструкцыя адкладваецца, звярнуліся ў Магілёўскі аблвыканкам. Пэўны час іх зварот знаходзіўся на кантролі. Па некаторых звестках, нават былі выдзелены бюджэтныя сродкі, якія маглі выправіць становішча, але чамусьці па прызначэнні яны не дайшлі. У выніку сітуацыя зайшла ў тупік.

Бабруйскі райвыканкам чакае, калі спонсары пачнуць рэканструкцыю будынка. Спонсары, у сваю чаргу, не рызыкуюць укладваць грошы ў аб'ект, пакуль няма афіцыйнага рашэння райвыканкама аб стварэнні музея. Маўляў, балансатрымальнік можа перадумаць і пасля рамонту адкрыць там замест музея краму або яшчэ што-небудзь, дзе пакіне, калі пажадае, куток «для Адамовіча».

У кастрычніку на сустрэчы з жыхарамі пасёлка Глуша намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Святлана Носава агучыла афіцыйны адказ Магілёўскага аблвыканкама наконт таго, што грошай на рэканструкцыю будынка ў дзяржавы няма, а спонсары страцілі цікавасць. Пры гэтым яна паведаміла, што надаваць статус музея будынку райвыканкам не плануе. Як і адкрываць разліковы рахунак на збор сродкаў на яго рэканструкцыю. Адказ не задаволіў насельніцтва, і пытанне засталося адкрытым. Дык будзе музей у Глушы ці не?

Рэдакцыя атрымала афіцыйныя адказы Бабруйскага райвыканкама і Магілёўскага аблвыканкама, дзе гаворыцца, што артыкул разгледжаны на аператыўнай нарадзе Бабруйскага райвыканкама з удзелам усіх зацікаўленых асоб. Там таксама паведамляецца, што Бабруйскі райвыканкам звярнуўся ў камітэт па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама з прапановай уключыць вышэйназваны аб'ект у інвестыцыйную праграму на 2016 год.

На імя дачкі пісьменніка Наталлі Адамовіч накіраваны пісьмовы запыт наконт магчымасці сустрэчы са спонсарамі, згоднымі фінансаваць рэканструкцыю будынка. «Пытанне аб пачатку рэканструкцыі музея будзе разгледжана пасля вызначэння крыніц фінансавання», — гаворыцца ў лістах з рай- і аблвыканкамаў.

Па больш дакладную інфармацыю пра будучыню музея карэспандэнт «Звязды» звярнулася да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага.

— Гэта пытанне стаіць на парадку дня, — паведаміў ён. — Ёсць людзі, не абыякавыя да гэтай праблемы і гатовыя яе фінансаваць. Спонсарскія грошы будуць выкарыстаны мэтанакіравана. Для гэтага мы гатовы скласці адпаведны дагавор, прапісаць неабходныя пункты і вызначыць умовы. Калі ў спонсараў ёсць нейкія сумненні, я гатовы на сваім узроўні ўрэгуляваць пытанне.

Адным з неабыякавых да справы людзей з'яўляецца пісьменнік і дзяржаўны дзеяч Расіі Валерый Казакоў. Падчас апошняга свайго візіту ў Магілёў ён запэўніў, што прыкладзе максімум намаганняў, каб музей у Глушы адкрыўся.

— Гэты музей абавязкова павінен з'явіцца, таму што быў такі чалавек, — падкрэсліў Казакоў. — Алесь Адамовіч напісаў «Вайну пад стрэхамі» і шмат іншага, дзе расказаў пра мужных людзей, пра партызанаў. Пра тое, што ён сам бачыў і перажыў.І была ў Глушы аптэка — явачны пункт, куды прыходзілі партызаны і падпольшчыкі. Было вялікае супраціўленне нашага народа страшнаму, разумнаму, падступнаму і моцнаму ворагу. Адамовічу можна паставіць помнік ужо толькі за тое, што ён разам з Элемам Клімавым зрабіў фільм «Ідзі і глядзі». Чаму да класікаў беларускай літаратуры такое стаўленне? Мы не маем права іх забываць.

«Звязда» збіраецца і далей адсочваць падзеі вакол стварэння музея класіка беларускай літаратуры ў Глушы. На жаль, спробы ўключыць аб'ект у інвестыцыйную праграму на 2016 год не мелі поспеху.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».