Вы тут

Было спакойна... А вось піратэхніка бяды нарабіла


У навагоднюю ноч у забаўляльных мерапрыемствах сталіцы бралі ўдзел каля 70 тысяч мінчан і гасцей горада.


Паводле інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, у забеспячэнні асабістай бяспекі грамадзян і ахове грамадскага парадку ў месцах правядзення святочных гулянняў былі задзейнічаны супрацоўнікі органаў унутраных спраў і вайскоўцы войск МУС.

Надзвычайных здарэнняў дапушчана не было, задачы па забеспячэнні грамадскага парадку выкананы. А вось без здарэнняў, звязаных з выкарыстаннем піратэхнікі, на жаль, не абышлося. Літаральна праз паўгадзіны пасля надыходу новага года на вуліцы Усходняй загарэўся аўтамабіль «Таёта». Прычына пажару — неасцярожнае выкарыстанне піратэхнічных вырабаў неўстаноўленай асобай. А яшчэ праз гадзіну сталічныя ратавальнікі-пажарныя ліквідавалі загаранне на балконе трэцяга паверха пяціпавярхоўкі па вуліцы Кальцова. Гаспадароў дома не было. Мяркуецца, што прычынай здарэння стаў або кінуты зверху недакурак, або зноў жа піратэхніка, якая заляцела на балкон. Амаль у чатыры раніцы непадалёку ад «Чыжоўка-Арэна» брыгада «хуткай дапамогі» забрала ў бальніцу 36-гадовага мужчыну, які атрымаў рану кісці правай рукі ад разрыву петарды, аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.

Паколькі святы яшчэ працягваюцца, ратавальнікі-пажарныя нагадваюць аб неабходнасці захавання правіл бяспекі, у тым ліку пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў. Выходзячы на вуліцу, не пакідайце расчыненымі вокны і балконныя рамы, адключыце электрапрыборы. Калі бачыце, што людзі запускаюць піратэхніку, не падыходзьце бліжэй за 50 метраў да гэтага месца.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?