Вы тут

У Горках узяліся за будаўніцтва жылля і экалогію


Летась у Горках былі ўзведзены два 40-кватэрныя маналітныя жылыя дамы. Мясцовыя ўлады паклапаціліся, каб утульней стала на ўскраінах горада і ў дварах жылых дамоў. Больш падрабязна на гэту тэму мы пагутарылі з намеснікам старшыні Горацкага райвыканкама па жыллёва-камунальнай гаспадарцы, будаўніцтве і архітэктуры Андрэем Камко.


— Нягледзячы на цяжкія эканамічныя ўмовы, у райцэнтры паспяхова вядзецца будаўніцтва жылля. Праўда, што ў гэтым актыўны ўдзел прымаюць і самі гараджане?

— Сапраўды, у адным з жылых дамоў, які мы здалі, упершыню палова кватэр зроблена за грошы жыльцоў. Што датычыцца будаўніцтва індывідуальнага жылля, то тут крыху не дацягнулі да выканання задання. Але ж упершыню пабудавана 5400 квадратных метраў жылля, а раней ніколі больш за 4000 квадратных метраў не будавалі. Калі працягваць тэму будаўніцтва, то сёлета мы ўвялі другую чаргу МТФ у вёсцы Маслакі. Гэта стала магчыма дзякуючы сродкам падрадчыка АТ «Будаўнік» і намаганням самой гаспадаркі СВК «Маслакі», якая выканала работы гаспадарчым спосабам.

— Сёння шмат увагі надаецца навядзенню парадку на зямлі...

— Мы першыя з райцэнтраў вобласці пачалі ўсталёўваць заглыбленыя кантэйнеры. З-за абмежаванасці вольнага месца была праблема з арганізацыяй кантэйнерных пляцовак па зборы смецця ў раёне жылых двароў на вуліцах Вакзальная, 2 і Фрунзэ. Зараз набыты і ўсталёўваюцца 2 заглыбленыя кантэйнеры, якія займаюць няшмат месца (на 2/3 яны знаходзяцца пад зямлёй) і пры гэтым ёмістыя (разлічаны на аб'ём ад 3 да 5 кубічных метраў) і нават маюць аўтаномную сістэму пажаратушэння. Перавагі яшчэ і ў тым, што пры такім зборы смецця захоўваецца эстэтычны выгляд пляцоўкі і няма ніякага непрыемнага паху. Праблема вырашаецца за кошт уласных сродкаў мясцовага прадпрыемства «Камунальнік». Да ведама, адзін такі кантэйнер каштуе 21 мільён рублёў.

А яшчэ за сродкі аператара другасных рэсурсаў мы набылі лінію сартавання камунальнага смецця. Цяпер вядуцца пусканаладачныя работы па запуску гэтай лініі на месцы былой вытворчай базы ў вёсцы Славікі, дзе раней сартаванне вялося ўручную. Прапускная здольнасць абсталявання — 5 тысяч тон за год.

— Як вырашаецца праблема будаўніцтва інжынерных сетак і дарог у кварталах індывідуальнай забудовы?

— Некалькі гадоў таму пры падрыхтоўцы горада да святкавання абласных «Дажынак» за дзяржаўны кошт былі зроблены каналізацыйныя сеткі мікрараёнаў Галінка 1 і 2. На чарзе мікрараёны Галінка 3 і 4, а таксама Слабада. Але ўсё ўпіраецца ў фінансаванне. Крыху лепш становішча па Галінцы 3 — прынамсі праект будаўніцтва каналізацыйнай сеткі мы зрабілі. Але, каб пачаць работы, трэба згода жыхароў на ўдзел у фінансаванні. Мы сустракаемся з насельніцтвам, але людзі не вельмі зацікаўлены плаціць за тое, што іншым дасталася бясплатна... Да таго ж працягласць вуліц вялікая і грошы патрабуюцца немаленькія. Ездзілі пераймаць вопыт у Кобрын, дзе будаўніцтва інжынерных сетак з самага пачатку вялося з прыцягненнем сродкаў жыхароў. У Горках атрымалася дамовіцца з жыхарамі дзвюх вуліц працягласцю па 150 метраў. Там людзі не супраць стварэння калектываў індывідуальнай забудовы. З іх плануем і пачынаць. Яны бяруцца за асабістыя сродкі распрацаваць праектную дакументацыю і набыць будматэрыялы. Астатнія работы будуць выконвацца за кошт бюджэтных сродкаў.

Знаходзім аптымальныя рашэнні і па будаўніцтве дарог. У мікрараёне Галінка 2 па праекце павінна была паявіцца асфальтабетонная дарога, але мы ўзгаднілі замену яе на цэментна-бетонную, што больш адпавядае інтарэсам дзяржавы. Тым больш што пры гэтым выкарыстоўваецца айчынны прадукт — бетон, які вырабляюць нашы заводы. Прыватным прадпрыемствам «Праметэй» набыты за ўласныя сродкі бетонаўкладчык, і на сярэдзіну снежня было ўжо зроблена 1685 метраў.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».