Вы тут

Епіскап Веньямін: «Удзячны за магчымасць служыць людзям і Богу»


Чытачы «Звязды» вось ужо больш за дваццаць гадоў сочаць за міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыяй «Дарога да святыняў». Ужо два гады яе акармляе епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веньямін, які напярэдадні Новага года стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне». За час служэння Беларускай Праваслаўнай Царкве ўладыка паспеў прайсці шлях ад паслушніка да епіскапа, узначаліць Выдавецкую раду БПЦ, затым — сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, стаць кіраўніком навастворанай Барысаўскай епархіі. Вядома, пра добрыя справы не расказваюць. Хутчэй, моўчкі збіраюць іх плады. Але спецыяльна для «Звязды» епіскап Веньямін паразважаў, ці здольны матэматык верыць у Бога, а адно слова — змяніць чалавечы лёс, і паспрабаваў адказаць на пытанне, чаму яму выпала атрымаць такую высокую ўзнагароду.


— У свой час вы атрымалі тэхнічную адукацыю і адпаведную спецыяльнасць. І ўжо праз некалькі месяцаў паступілі ў семінарыю. Так хутка прыйшлі да веры ці гэта быў лагічны крок па дарозе да яе?

— Шлях да веры ў кожнага чалавека непаўторны. Калі чалавек жадае жыць па запаведзях Божых і наследаваць жыццё вечнае, ці можа перашкаджаць у гэтым прафесія? Таму няма нічога дзіўнага, калі людзі з тэхнічнай адукацыяй і нават навукоўцы вераць у Бога і шмат часу аддаюць духоўным пытанням. Шмат хто з вялікіх вучоных — Эйнштэйн, Планк, Ньютан, Мендзялееў — былі глыбока веруючымі. Адно аднаму не перашкаджае. Хаця, безумоўна, па-рознаму можна выкарыстоўваць прызванне Божае ў сваім жыцці.

Асновы веры былі закладзены ў мяне яшчэ ў дзяцінстве. Бабуля была вельмі набожная. Непісьменная, але шчырая верніца. Яна страціла мужа, які загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Адна выхоўвала дзяцей. І, нягледзячы на цяжкасці і смутак пасляваеннага часу, дзякуючы сваёй веры яна выжыла, выгадавала дзяцей і стала для мяне прыкладам чалавека ціхмянага, цярплівага, шчодрага, які глыбока верыць. Яе паважалі ўсе аднавяскоўцы. Яе вобраз, нашы сумесныя гутаркі адклалі пэўны адбітак. Пасля, калі ўжо вучыўся ў школе, ва ўніверсітэце, шмат што было забыта. Але калі храмы пачалі зноў адкрывацца, адраджалася царкоўнае жыццё на Беларусі, таксама стаў цікавіцца праваслаўем і згадаў тыя веды, што ў дзяцінстве атрымаў ад бабулі.

— Пасля прынялі манаства і паступова дайшлі да епіскапскага сану. У вас столькі послухаў зараз! Адкрыйце, калі ласка, сакрэт: як усё паспяваеце?

— За ўсе гэтыя гады послухаў сапраўды было шмат, але з таго часу, як стаў кіраваць Барысаўскай епархіяй, іх стала меней. На жаль, нельга адразу ўсё сумяшчаць. Вядома, усё паспяваць складана, таму даводзіцца прасіць дапамогі ў Бога. Яго спагадай атрымліваецца штосьці рабіць. Вядома ж, і сіламі добрых, надзейных памочнікаў. Шмат добрых спраў адбываецца менавіта дзякуючы ім.

— Вы таксама часта наведваеце дзіцячыя дамы і інтэрнаты, хворых дзетак. Як вы лічыце, што для іх больш важна ў размове, у адносінах з валанцёрамі ці гасцямі: духоўнае ці матэрыяльнае?

— Зараз дзіцячыя дамы наведваю як кіруючы архірэй — па абавязках. Але, па шчырасці, адчуваю неабходнасць хрысціяніна дапамагаць тым, хто мае патрэбу. У  такога кшталту ўстановах усё з неабходнага ёсць, але душа ў выхаванцаў шукае чагосьці большага: сардэчнай прыхільнасці, шчырай размовы, любові, падтрымкі, спачування. Не заўжды гэта павінна быць шкадаванне, якое часам можа і пакрыўдзіць дзяцей. І па прыродзе сваёй душы ім уласціва цягнуцца да духоўнага. Але калі духоўныя патрэбы не знаходзяць патолі, тады чалавек задавольваецца душэўнымі радасцямі. Калі не мае і іх, то звяртаецца да матэрыяльных.

— Ці можна за кароткае наведванне паспець даць дзіцяці крыху любові?

— Безумоўна. Зразумела, што лепей, калі дзіцячыя дамы наведваюцца духоўнымі асобамі з пэўнай перыядычнасцю: раз на тыдзень ці на месяц. Лепей першае. Каб усё ж такі тое духоўнае, што закладваецца на працягу кароткай размовы, захавалася да наступнай сустрэчы і паступова назапашвалася.

Часам так выходзіць, што дарослыя зрабілі ўсё, каб дзяцей парадаваць, вывесці з задумення, але на іх тварах усё адно застаецца знак суму. Тое, наколькі нашы дзеі і словы дасягаюць сэрцаў іншых, вельмі індывідуальна для кожнага з выхаванцаў і часта непрадказальна.

— Ужо каму, калі не вам, яшчэ нядаўна старшыні Выдавецкай рады Царквы, ведаць, ці здольнае слова змяніць лёс чалавека?

— Слова шмат што можа змяніць у нашым жыцці. Часта людзі раздражнёныя, якія не маюць міру ў душы, пачуюць чалавека, які гаворыць ціха і лагодна, і супакояцца, задумаюцца. Мне не раз даводзілася бачыць такіх асоб. Слова Божае нам паведамляе, што «ад паўнаты сэрца гавораць вусны». Калі чалавек мае паважлівае стаўленне да людзей, душэўную цеплыню, любоў, то сваім словам зможа змякчыць сэрца таго, хто паступае няслушна, і будзе пачутым.

У адным з месцаў зняволення праводзілася апытанне пра тое, якую б кнігу яны хацелі мець у сябе. І амаль усе называлі адну — Біблія. Безумоўна, яна і Новы Запавет дапамагаюць чалавеку зірнуць на гэты свет і сэнс жыцця па-іншаму, натхніцца жыць па-новаму. Безумоўна, існуюць і іншыя кнігі, якія растлумачаць тую ж ісціну. Напрыклад, у творах старца Паісія (Святагорца) простымі, даступнымі кожнаму словамі расказваецца пра дабрачыннасць, страсці, духоўную барацьбу, сямейныя пытанні, малітву. Гэтыя кнігі вылучаюцца прастатой і ў той жа час глыбіннай мудрасцю. Прападобнага Паісія, дарэчы, нядаўна залічылі да ліку святых.

— Калі азірнуцца на пражытыя гады, на ўсё спасцігнутае і зробленае, ці можаце вы самі сабе даць адказ, за што вас узнагародзілі?

— Я задаваў сабе такое пытанне. За што? Раблю тое, што павінен, і шмат хто працуе гэтак жа сама ў Царкве на такіх жа пасадах. Апостал Павел кажа, што гора таму, хто не робіць тое, што абавязаны. А калі я атрымліваю за гэта ўзнагароду, то гляджу на яе як на стымул больш працаваць і бачу пэўны дакор у тым, што зроблена яшчэ не ўсё магчымае.

— Прысуджэнне прэміі — гэта прызнанне ад людзей. А якія ў вас ёсць узнагароды ад Бога?

— Магчымасць служыць у прастола Божага — ужо вялікі дар. Іаан Златавуст ставіць епіскапскае служэнне святара нават вышэй за царскае. Разам з тым гэта і магчымасць служыць у духоўнай сферы і свайму народу. Духоўнасць шмат у чым вызначае лёс кожнага з нас і ў выніку — будучыню ўсёй краіны. Гэтую адказнасць і ўзнагароду я прымаю са шчырай удзячнасцю.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.