Вы тут

Калі адлятаюць «Ластаўкі»


Сярмяга — не знявага, а жупан — не вялікі пан

У кожнага чалавека ёсць, відаць, рэчы, якія помняцца ўсё жыццё. Раскажу пра свае.

...Страшэннай віхурай над нашай зямлёй пранеслася вайна. У яе агні загінулі маці і малодшая сястра; старэйшыя брат і сястра былі цяжка паранены.

Нічога не засталося ад нашай маёмасці. Ды што там — нават месца, дзе стаяла хаціна, было не пазнаць.

Але ж трэба было неяк жыць.

Пасля трохгадовага перапынку я пайшоў у восьмы клас сярэдняй школы. Ад яе да зямлянкі, дзе мы туліліся, было кіламетраў сем. Далёка, аднак не толькі гэта стала перашкодай: я не меў чаго надзець, горш за тое — у што абуцца. З апраткі хоць нешта магло перапасці ад старэйшага брата, а вось з абутку...

Хадзіў босым.

Зрэшты, усе вучні тады апраналіся сціпла, але ж я ўсё роўна вылучаўся і адчуваў сябе крыху няёмка — асабліва ў святочныя дні.

...Я вучыўся ў дзясятым класе, калі бацька купіў мне штаны. Яны, відаць, былі трафейныя, ношаныя, да таго ж пашытыя немаведама з чаго і — дзіва дзіўнае, сорам! — з «маланкай» замест гузікаў...

Аднак нідзе не дзенешся: менавіта ў гэтых штанах я атрымліваў атэстат сталасці, менавіта ў іх здаваў экзамены ў педінстытут, пачынаў вучобу.

А далей бядой стала тое, што я памаленьку рос, а штаны мае, вядома ж, не: калошы ў іх якраз, наадварот, «збягаліся» ў дудачкі — ногі ледзьве ўлазілі. Да таго ж хлопцам я быў досыць жвавым, часта барукаўся са сваімі суседзямі (у пакоі было 17 студэнтаў)... У выніку штаны мае проста распаўзаліся, і я ледзь не кожны вечар зашываў ды цыраваў іх.

Так і хадзіў... Пакуль на курсе мае порткі не сталі свайго роду славутасцю, пакуль на іх не звярнуў увагу прафкам інстытута і, бачачы маё бядотнае становішча, не выдаў мне талон на новыя штаны.

І вось я іх набыў, прыбраўся і выйшаў на вуліцу. Божухна, які ж я быў шчаслівы! У новых штанах (звычайных, картовых, прычым купленых на выраст) былі шырокія калошы, якія (во цуд!) даставалі да зямлі. І ад гэтага я адчуваў, што ўжо вырас, што чалавек, амаль што мужчына...

З таго часу прамільгнулі не толькі гады, але і дзесяцігоддзі. Так атрымалася, што я ў сваім жыцці многа падарожнічаў, бываў у розных краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі. Падчас гэтых паездак — не без таго — набываў сабе ды блізкім сваім самыя розныя рэчы. Але ніводная з іх не прынесла мне столькі радасці, колькі тыя простыя рабочыя штаны.

Пётр Сачыўка,

в. Цырын, Карэліцкі р-н.

Калі адлятаюць «Ластаўкі»

Новы год цяпер святкуецца з размахам. На сталах шампанскае ды розныя прысмакі, пад ёлкамі — дарагія падарункі...

У 60-х гадах мінулага стагоддзя іх таксама давалі — у школах. У кульках з газетнай паперы — грамаў па 150 «падушачак»... І нават гэта было ў радасць.

Да таго ж у клубе ўпрыгожвалася вялікая ёлка, і карагоды вакол яе вадзілі не толькі дзеці: па вечарах збіраліся дарослыя...

Ялінкі ўпрыгожвалі і ў хатах. Па замерзлым Дняпры нашы мужчыны хадзілі ў Ходасаўскі лес, на свой густ выбіралі дрэўцы і спакойна неслі дамоў, не баяліся, што аштрафуюць, — на гэта неяк «моды» не было.

А вось на што тая мода была, дык гэта на тое, каб ёлкі ўпрыгожваць разам, усёй сям'ёй, самаробнымі цацкамі. Гэта значыць, што дзеці разам з дзядулямі-бабулямі, разам з бацькамі загадзя сваімі рукамі выразалі сняжынкі і фігуркі жывёл, на кавалачкі ваты («снег») цярпліва насыпалі драбнютка парэзаную фольгу ці «дожджык» (каб блішчэла)...

Вешаліся на ёлкі і крамныя цацкі. А яшчэ — абавязкова — трохі цукерак (з думкай, вядома ж, хутчэй бы іх зняць...).

Якраз пра гэта мая гісторыя. Дык вось. Насупраць нашай хаты жыла тады маладая пара — Валянцін і Валянціна. Двое дзетак у іх. А ў бацькоў па-ранейшаму трохі ветру ў галаве — пагуляць ім хочацца, у кіно ці на канцэрт схадзіць.

У нянькі тады запрашалі мяне.

У той вечар, паклаўшы малых спаць, Валянцін з Валянцінай сабраліся ў клуб на ёлку. Мяне (гадоў пяць ці шэсць было) пакінулі ў хаце за галоўную. На ўсялякі пажарны паказалі, дзе якія соскі ляжаць і дзе якія бутэлечкі, далі паперу з алоўкам (я маляваць дужа любіла). І нават сказалі, што, калі я захачу (?), то магу пачаставацца цукеркамі з іх ёлкі...

Як любіць паўтараць Міхаіл Задорнаў: «Дарэмна яны так сказалі», хаця б таму, што гаспадары, мусіць, не паспелі яшчэ за брамку выйсці, як я стала прыглядацца да ёлкі. І, вядома ж, адразу зразумела, што такіх цукерак, як там, яшчэ ніколі не бачыла: такіх не прыносіў нават Валодзька (гэта жаніх маёй старэйшай сястры. Бацькі казалі, што ён — хлопец харошы, за такога можна замуж ісці... «За Валодзьку і я з Маняй пайду, — заяўляла я. — Будзем жыць каля крамкі і кожны дзень прысмакі есці». Дзіцячы розум!)...

Я гэта да таго, што цукеркі на ёлцы былі асаблівыя: у бліскучых абгортках, з сінімі берагамі і з чорнай ластаўкай...

Як з галінак «пазляталі» першыя «птушкі», я нават не згледзела, — зняла яшчэ адну. Потым пахадзіла па пакоі, паразглядвала розныя карцінкі і фотакарткі, трохі пасядзела памалявала. Для парадку паглядзела малых Тому і Вову — сонным засунула па сосцы.

А тыя ж «ластаўкі» з ёлкі па-ранейшаму вабяць... Зняла яшчэ адну (бо мне ж не сказалі, колькі штук можна з'есці). Потым, заклаўшы рукі за спіну, абышла ёлку, хоць-нехаць заўважыла, што «прагаліны» (месцы без упрыгожанняў) моцна кідаюцца ў вочы. Каб ліквідаваць гэты недахоп, я вырашыла ўсе фанцікі павесіць назад на галінкі. Іх было столькі, што, у чарговы раз захацеўшы зняць «ластаўку», я перабрала, перамацала штук 10, але «птушкі» ніводнай не знайшла — спрэс «пустышкі».

Вось тут мне стала страшна ад думкі, што скажуць гаспадары. А што — мае бацькі?

Я пачала румзаць, потым плакаць уголас. Услед за мной разраўліся малыя.

Вось так, у слязах, мы і паснулі.

...Ні ўранні, ні пазней пра тую маю правіну ніхто нічога не сказаў. І глядзець тых дзяцей мяне па-ранейшаму запрашалі. Адно — каб на Новы год, не прыпомню.

Шмат часу прайшло з той пары. Многае забылася, многае — не. Мае падапечныя Тома і Вова і цяпер, здараецца, «прыпамінаюць», як я іх «выхоўвала».

Што было, тое было: і сварылася, і плескача калі-нікалі давала. Дык усё ж правільна: «старэйшых» трэба слухацца. А вось няньку даймаць, калі яна з іх цацкамі гуляе, наадварот, не трэба. Хаця б таму, што цацкі ж не цукеркі — іх не з'ясі.

Соф'я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Апошняя кропля?

Наш райцэнтр некалі быў звычайным мястэчкам, дзе на пачатак мінулага стагоддзя жыло шмат яўрэяў. Цяпер іх засталося хіба лічаныя адзінкі: многіх спалілі, забілі ў час вайны, многія памерлі, многія выехалі за мяжу. Чаму гэта адбылося — не зусім зразумела, бо людзі ўсіх нацыянальнасцяў (прынамсі ў нашым Беразіно) жылі як людзі: ніхто ніколі не зважаў на прозвішчы — кшталту Сідаровіч ты ці Сідараў, Варанецкі ці Фрумкін... Але ж гэта — у Беразіно...

Адным з тых, хто выехаў з нашага мястэчка ў сярэдзіне 80-х, быў Міхаіл Міронавіч Клябанаў — на ўвесь раён знакаміты кравец з раённага Дома быту. Ён — стары халасцяк — жыў з матуляй і цалкам аддаваўся працы. Яго вельмі паважалі кліенты, ён заўсёды быў на добрым рахунку, прычым не толькі ў простых заказчыкаў, але і ў кіраўніцтва раёна , бо ўсім тады хацелася апранацца прыгожа і модна. А нешта прыстойнае купіць было цяжка. Людзі шылі на заказ, а значыць, звярталіся да Міхаіла Міронавіча і былі ўдзячны яму...

Дык вось аднойчы — ці не ў знак ўдзячнасці? — шаноўнаму краўцу далі пуцёўку ў Дом адпачынку, у Сочы. Не паехаць, не скарыстацца такой магчымасцю ён, вядома ж, не мог, бо падобнае надаралася гады ў рады — за надта вялікія заслугі альбо па такім жа вялікім блаце.

А таму спадар Клябанаў выбраўся ў дарогу. Даехаў, знайшоў там патрэбны дом, запоўніў дакументы на засяленне. І якраз вось тут пачаліся яго пакуты, бо дзяжурыла ў гэты дзень, мякка кажучы, нейкая бюракратка. Прачытала яна імя ды прозвішча ў пуцёўцы, потым — у пашпарце і ледзяным голасам прамовіла:

— Я вас засяліць не магу!

— Чаму? У чым справа? — не паверыў вушам адпачывальнік.

— А вось глядзіце: у пашпарце напісана, што Клябанава завуць Мойша Мееравіч, а ў пуцёўцы — што Міхаіл Міронавіч.

— Так... Але ж гэта адзін чалавек, гэта я.

— Імя і імя па бацьку не супадаюць!

— Як не супадаюць? Міхаіл Міронавіч — гэта той самы Мойша Мееравіч, толькі ў рускім варыянце.

— А засяляць вас як загадаеце?.. Адзін дакумент павінен адпавядаць другому, інакш нічога не выйдзе.

— І што мне рабіць? — бядуе спадар Клябанаў. — Назад вяртацца? Пуцёўка ж прападзе...

— Тэлефануйце альбо адпраўляйце дадому ліст, — параіла яму адміністратарка. — Хай вышлюць афіцыйнае пацвярджэнне, што абодва Клябанавы — гэта адзін і той жа чалавек. Пачакаць, праўда, прыйдзецца, але ж гэта лепш, чым нічога.

На той час ні мабільнікаў, ні факсаў яшчэ не было, таму беднаму адпачывальніку нічога не заставалася, як развярнуцца і пайсці на пошту.

Амаль тыдзень давялося яму чакаць патрэбнага пацвярджэння, і толькі потым з гасцініцы перасяліцца ў Дом адпачынку.

...Ці ездзіў пасля гэтага Міхаіл Міронавіч у падобныя падарожжы і якія дакументы браў з сабой, я не ведаю. Але пакрыўдзіцца — аж да намераў з'ехаць — ну, напэўна ж, мог.

Анатоль Палынскі,

г. Беразіно.

 

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Ад яе ж. На фінішы прамінулага (прычым — куляй...) года вельмі хацелася шчыра падзякаваць усім, хто чытаў нашы «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі» і, вядома ж, усім, хто дасылаў іх, назваць прозвішчы самых актыўных аўтараў...

Для таго, каб не памыліцца ў выбары, «падняла» падшыўку і, ці паверыце, паўдня — як карова языком злізала, бо шмат за што, як той казаў, зачапілася вокам — многія з гісторый захацелася перачытаць. Каб яшчэ раз ад душы пасмяяцца! Каб потым... канчаткова разгубіцца і зразумець, што найлепшых аўтараў вызначыць проста немагчыма! У прыватнасці — аднаму. Хіба... з дапамогі іншых?

А таму ў новым годзе — новае пачынанне. Кшталту: вы прачыталі першую падборку гісторый? Калі ласка, не палянуйцеся — ацаніце кожную з іх: на «троечку», на «двоечку», на «чацвёрачку» (як у школе калісь... Найвышэйшая адзнака — «пяць») і пакладзіце выразку з газеты (альбо цэлы нумар) у нейкую шуфлядку. Праз тыдзень-другі ў газеце, дасць Бог, з'явіцца новая падборка і — адпаведна — вашы новыя адзнакі.

Такім чынам напрыканцы года (вечары ўзімку доўгія) вам застанецца адкрыць тую чароўную шуфлядку, нешта, магчыма, яшчэ раз перачытаць і, выбраўшы дзесяць — на ваш погляд — найлепшых гісторый, паведаміць пра іх (назва, дата публікацыі) у рэдакцыю. А ўжо тут...

Тут і ў самы бліжэйшы час, апроч вялікага чытацкага журы, пачне работу яшчэ адно — рэдакцыйнае. А ў выніку на фінішы 2016-га мы зможам смела назваць і найлепшыя «байкі», і прозвішчы іх аўтараў з усімі, як той казаў, наступствамі ў выглядзе кампліментаў, адмысловых прызоў і дыпломаў...

І, вядома ж, дасылайце свае гісторыі. Як сведчыць жыццё, запас іх — проста невычарпальны!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.