Вы тут

Сёння Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 75


Калісьці Уладзімір Мулявін, тады яшчэ студэнт Свярдлоўскага музычнага вучылішча, марыў стварыць вялікую работу, якая паказала б прыгажосць і непаўторнасць беларускай, рускай і ўкраінскай песні. Больш дэталёвы аналіз паказаў, што фальклор гэтых народаў моцна адрозніваецца і не можа быць аб'яднаны, таму Мулявін засяродзіўся толькі на Беларусі. З вучылішча яго выключылі з-за захаплення заходняй музыкай, але праз некалькі гадоў яго імя, а таксама назва заснаванага ім вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» сталі вядомымі ва ўсім Савецкім Саюзе і далёка за яго межамі.


Напярэдадні 75-гадовага юбілею гэтага выдатнага музыканта ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыла свет кніга «Уладзімір Мулявін. «Сэрцам і думамі...». Думаецца, гэты праект з удзячнасцю прымуць многія адданыя прыхільнікі Мулявіна і «Песняроў», кніга стане на паліцы хатніх бібліятэк побач з выданнем «Ноты лёсу» (Мінск: Мастацкая літаратура, 2004), якім праз год пасля смерці творцы выдавецтва распачало знакавую серыю «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Можна быць упэўненым, што чытачы не застануцца расчараванымі, а сама кніга з цягам часу ператворыцца ў сапраўдны рарытэт.

На старонках новага выдання, укладзенага Людмілай Крушынскай, успамінамі пра легендарнага музыканта дзеляцца яго сябры і калегі, пра яго жыццё і творчасць распавядаюць шматлікія фотаздымкі. Кампазітар Алег Молчан у сваіх успамінах прыгадаў, як фактычна з першай спробы была створана «Малітва» — песня, што аб'яднала два вершы Янкі Купалы: «Калі Мулявін прыйшоў да мяне з такім доўгім вершам і прапанаваў напісаць песню, я сказаў, што людзі да канца могуць і не даслухаць. Але ён мне адразу запярэчыў: калі песня будзе добрая, то абавязкова даслухаюць».

Так сапраўды сталася, і купалаўска-мулявінская «Малітва» сёння з'яўляецца адной з самых знакавых песень нашай краіны.

У выданні «Уладзімір Мулявін. «Сэрцам і думамі...» можна знайсці поўную творчую біяграфію «Песняроў», а таксама спіс музыкантаў, якія ў розныя часы былі ўдзельнікамі гэтага знакамітага калектыву. Новая кніга — гэта не толькі аповед пра асобу і творчасць Уладзіміра Мулявіна, але і спроба аналізу песняроўскага водгулля.

Так, напрыклад, паэт Андрэй Скарынкін падзяліўся сваімі дзіцячымі ўспамінамі і расказаў чытачам, што неяк у піянерскім лагеры ён моцна захварэў, забалела горла, таму не змог спяваць на конкурсе. Але не разгубіўся і сваю любоў да «Песняроў» выказаў па-іншаму: заняўся лепкай з пластыліну і вылепіў ансамбль у поўным складзе з гітарамі, скрыпкай, раялем і нават гукаўзмацняльнікамі. За сваю работу маленькі Андрэй атрымаў перамогу на конкурсе і залаты медаль.

А вось сучасныя рок-, фолк-, нават поп- і панк-выканаўцы прызнаюцца, што нават калі ўплыў Мулявіна і «Песняроў» на іх творчасць нельга прасачыць дакладна і вызначыць пэўныя перанятыя моманты, то асноўны дух, адчуванне мулявінскага пляча заўсёды прысутнічаюць.

Дарэчы, некаторыя прыхільнікі класічных «Песняроў» надта кансерватыўныя і не прымаюць кавер-версій песняроўскіх песень, не любяць, калі кампазіцыі выконваюцца па-іншаму. Але расповед Кулінковіча пацвярджае, што сам Мулявін ухваляў розныя, нават самыя смелыя і нечаканыя інтэрпрэтацыі ўласных песень. Панк-музыкант распавёў, як напярэдадні цырымоніі «Рок-каранацыя» 1998 года, калі сімвалічную рок-карону мусілі ўручаць «Нейра Дзюбелю», даведаўся, што ўзнагароду гурт будзе атрымліваць з рук Уладзіміра Мулявіна і Анатоля Кашапарава:

«У нашым рэпертуары ёсць песня «Волагда» — гэта кавер-версія, якую мы зрабілі для дыска «Песнярок». Мы не планавалі яе граць у той вечар, але калі я раптам даведаўся, што нам выпаў гонар стаяць на сцэне разам з самімі «Песнярамі»... Памятаю, за кулісамі я падышоў да Уладзіміра Георгіевіча і сказаў: «Дзядзька Валодзя, а давайце заспяваем разам!» Ён усміхнуўся ў вусы — і пагадзіўся».

Гэта выступленне памятаюць многія прыхільнікі айчыннай музыкі. Было сапраўды яскрава, нечакана, па-новаму. Як і любіў Мулявін, бо па ўспамінах удзельнікаў «Песняроў», фраза «Гэта ўжо было» ў яго вуснах мела дакладна негатыўны сэнс. У музыцы ён цаніў перш за ўсё прафесіяналізм, прыгажосць і шчырасць. Таму з надзвычайнай патрабавальнасцю ставіўся да творчага працэсу ў «Песнярах», быў строгім кіраўніком, а ў сваёй камандзе імкнуўся сабраць сапраўды найлепшых музыкантаў. На прыклад, выдатнага вакаліста Валерыя Дайнеку амаль «скраў» з калектыву Сафіі Ратару.

Магчыма, нашай краіне сапраўды пашанцавала, што менавіта сюды юнак з расійскага Свярдлоўска прыехаў працаваць у філармоніі, адслужыў у войску ды так і застаўся жыць у сталіцы. Што беларускі фальклор захапіў яго настолькі, што стаў творчым крэда, мэтай, цэлым жыццём. Што поруч з народнай песняй ён палюбіў і беларускую класічную паэзію Купалы, Багдановіча, Куляшова, Броўкі, а потым праславіў яе на ўвесь свет. Больш за тое, творчасць Уладзіміра Мулявіна фактычна ўвайшла ў генетычны код нацыі.

Факты ўражваюць: за гады існавання «Песняры» прадстаўлялі Беларусь у 56 краінах свету, калектыў выпусціў 10 дыскаў-гігантаў агульным тыражом 12 мільёнаў асобнікаў, стаў першым уладальнікам «Залатога дыска» СССР. І гэта толькі частка творчага набытку гурта. Многія кампазіцыі не былі зафіксаваныя на прафесійных студыях, выконваліся толькі на канцэртах і іх аматарскія запісы ўсё яшчэ захоўваюцца толькі ў асабістых архівах прыхільнікаў.

Кажуць, што калі б Мулявін нарадзіўся на некалькі дзесяцігоддзяў пазней, яго творчыя здабыткі сталі б не толькі кропкавымі, амаль парадаксальнымі фактамі, але былі б паўнавартаснай з'явай сусветнага музычнага працэсу. Але мне падаецца, што гэтая «апераджальная нясвоечасовасць» і стала адной з галоўных рыс творчасці Мулявіна і «Песняроў», паспрыяла таму, што яго песні жывуць сёння і, упэўнена, будуць жыць яшчэ многія дзесяцігоддзі.

Марына ВЕСЯЛУХА

Сёння, у дзень юбілею Уладзіміра Мулявіна, на сцэне Дзяржаўнай філармоніі адбудзецца гала-канцэрт, цалкам складзены з твораў беларускага песняра.  Вядомыя артысты і калектывы выступяць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».