Вы тут

З месца — у кар'ер


Вікторыя Азаранка выйграла турнір у Брысбене, хакейнае мінскае «Дынама» згуляла першую ў гэтым годзе хатнюю серыю, а гандбольная зборная краіны завяршае падрыхтоўку да чэмпіянату Еўропы. Самыя актуальныя спартыўныя падзеі — у штотыднёвым аглядзе «Звязды».


1. Вікторыя Азаранка выйграла турнір катэгорыі «Прэм'ер» у аўстралійскім Брысбене (прызавы фонд — $850 тыс.). Нагадаем, беларуска ўжо станавілася пераможцай гэтых спаборніцтваў у 2009 годзе, а ўсяго за сваю прафесійную кар'еру 26-гадовая Вікторыя выйграла 18 турніраў пад эгідай Жаночай тэніснай асацыяцыі.

Цяпер тэнісісткі планеты працягваюць падрыхтоўку да першага ў сезоне турніру серыі «Вялікага шлема» — адкрытага чэмпіянату Аўстраліі, які пройдзе ў Мельбурне з 18 па 31 студзеня.

2. Хакеісты мінскага «Дынама» саступілі ў заключным матчы хатняй серыі 2:3 (па булітах) сапернікам з «Сочы». «Зубры» на апошніх хвілінах трэцяга перыяду змаглі зраўняць лік і перавесці гульню ў авертайм, аднак там абедзве каманды не адзначыліся закінутымі шайбамі. У серыі булітаў вырашальны кідок нанёс хакеіст гасцей Ягор Марозаў.

— Ацэнка хатняй серыі хутчэй здавальняючая, хоць, як заўсёды, хацелася б лепш. На выездзе ж спадзяёмся на вяртанне ў строй траўмаваных. Адзін сапраўды згуляе, яшчэ адзін паедзе з камандай, а там паглядзім. Сапернікі чакаюцца няпростыя. Але мы разумеем, наколькі ў той самай гонцы за плэй-оф нам патрэбныя ачкі, — адзначыў галоўны трэнер мінскага «Дынама» Андрэй Кавалёў.

Чэмпіянат КХЛ беларускі клуб працягне выязной серыяй, «бела-сінія» сустрэнуцца з сапернікамі з магнітагорскага «Металурга» (13 студзеня), уфімскага «Салавата Юлаева» (15 студзеня), омскага «Авангарда» (17 студзеня), астанінскага «Барыса» (19 студзеня). Пасля невялікай паўзы мінчане 25 студзеня згуляюць у Рызе з мясцовым «Дынама».

3. Калядным турнірам у Маскве гандбольная зборная Беларусі завяршае падрыхтоўку да чэмпіянату Еўропы, які стартуе ў Польшчы 15 студзеня. У Маскве падапечныя Юрыя Шаўцова саступілі зборнай Аргенціны (28:29), згулялі ў нічыю з камандай з Нідэрландаў (34:34) і разышліся мірам з расіянамі (28:28). Такім чынам, наша каманда заняла апошняе месца на турніры.

Нагадаем, на папярэднім этапе чэмпіянату Еўропы беларусы выступяць у групе В, якая будзе базавацца ў Катавіцы. У першы дзень спаборніцтваў, 15 студзеня, нашы суайчыннікі сустрэнуцца з камандай Харватыі, 17 студзеня — гульня з гандбалістамі Ісландыі, 19 студзеня — матч са зборнай Нарвегіі.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».