Вы тут

Хуткі лёд


У Мінску завяршыўся чэмпіянат Еўропы па канькабежным спорце.

Наймацнейшыя канькабежцы Старога кантынента на мінулых выхадных сабраліся ў сталіцы Беларусі, каб чарговы раз вызначыць найлепшых. Сёлета апошні раз у гісторыі канькабежнага спорту пераможцы кантынентальнага першынства вызначаліся па суме мнагаборства. Мужчыны выступілі на дыстанцыях 500 м, 1500 м, 5000 м і 10000 м, а жанчыны — на 500 м, 1500 м, 3000 м, 5000 м.


Сярод прадстаўніц прыгожага полу найлепшай стала трохразовая алімпійская чэмпіёнка чэшка Марціна Саблікава. Адзначым, што яна прымерала «золата» чэмпіянату Еўропы пяты раз за сваю кар'еру.

— Я, вядома, рада свайму выніку. У Мінску добры лёд, выдатная арэна, упершыню, калі я яе ўбачыла, была вельмі здзіўлена і сказала: «Вау, гэта крута», — адзначыла Марціна пасля завяршэння спаборніцтваў.

У мужчын перамогу святкаваў славуты галандзец Свен Крамер, у Мінску ён стаў васьміразовым чэмпіёнам Еўропы.

Беларусь на гэтым турніры была прадстаўлена трыма спартсменамі. Віталь Міхайлаў па выніках першынства заняў 12-е месца — дарэчы, яго найлепшае дасягненне ў кар'еры.

— Гэта ўсё ж не той вынік, які хацелася б паказаць на хатнім чэмпіянаце Еўропы. Магчыма, адбілася стомленасць у другі дзень спаборніцтваў. Я задаволены сабой на 70-80% і думаю, усё ж зрабіў крок наперад, бо да гэтага маё найлепшае месца было 18-м. Калі казаць пра чэмпіянат Еўропы ў цэлым, то выдатна, што такі турнір прайшоў у нашай краіне: для беларускіх спартсменаў гэта было вялікай адказнасцю, для работнікаў арэны чэмпіянат стаў добрым вопытам, а галоўнае — гэта вялікі плюс у цэлым для развіцця канькабежнага спорту ў Беларусі, — адзначыў Віталь.

У жаночай частцы турніру Марына Зуева добра выступіла ў першы дзень спаборніцтваў, а вось другі дзень выдаўся куды складанейшы: вынік — толькі 12-е месца пасля трох дысцыплін. Другая прадстаўніца Беларусі Таццяна Міхайлава заняла 15-е выніковае месца.

— Задаволена сабой толькі на 50%, — адзначыла Таццяна. — Калі казаць пра маё месца ў выніковым пратаколе, то гэта найлепшае выступленне на чэмпіянаце Еўропы за гады маёй кар'еры. Хацелася б, вядома, паказаць лепшы час на хатняй арэне. Напэўна, я не справілася з хваляваннем і адказнасцю, усё ж гэта родныя трыбуны. Лічу, што мы паказалі на гэты момант тое, на што былі гатовыя, і ў прынцыпе гэта годнае выступленне. Што тычыцца арганізацыі чэмпіянату, то гэта самы лепшы еўрапейскі турнір на маёй памяці. Гэта сапраўднае свята, вельмі прыемна, што такая колькасць гледачоў прыйшла на трыбуны: я адчувала іх падтрымку і гэта надавала мне сілы.

Нагадаем, перад стартам турніру трэнерскі штаб нацыянальнай каманды спадзяваўся на тое, што айчынныя спартсмены трапяць у 8-ку наймацнейшых канькабежцаў Еўропы, таму галоўны трэнер беларусаў Сяргей Мінін застаўся незадаволены выступленнем сваіх падапечных.

— Такое адчуванне, што дзяўчаты перагарэлі ў другі дзень турніру, Віталь жа паказаў свой вынік. Летась упершыню ў гісторыі ў нашых спартсменаў было 12-е месца на сур'ёзных сусветных спаборніцтвах, і мы радаваліся такому прарыву. Сёлета ў нас два 12-я месцы, але мы не задаволены, таму што планавалі апынуцца вышэй, марылі пра запаветную васьмёрку.

У гэтыя дні ў Мінску таксама прысутнічалі і ганаровыя госці, легенды канькабежнага спорту, у іх ліку адзіная ў свеце шасціразовая алімпійская чэмпіёнка Лідзія Скоблікава, якая таксама падзялілася сваімі ўражаннямі ад турніру.

— Нельга не адзначыць выдатную арганізацыю чэмпіянату Еўропы ў Мінску. Шчыра скажу, нават няма да чаго прычапіцца. Да таго ж беларусы заўсёды настолькі добразычлівыя, што немагчыма ставіцца да іх абыякава. Гэта выдатны, усмешлівы народ. Што тычыцца выступлення вашых спартсменаў, то задача трапіць у 8-ку, на мой погляд, пакуль відавочна перабольшаная. Але ў будучыні мне б вельмі хацелася бачыць беларусаў на п'едэстале гонару буйных спаборніцтваў. Яны гэта могуць, таму што ў вас ёсць традыцыі — Жалязоўскі, Матусевіч і іншыя. У вас ёсць будучыня і здольныя спартсмены сёння.

Пасля завяршэння чэмпіянату Еўропы беларуская каманда будзе рыхтавацца да Кубка свету, які пройдзе ў Нарвегіі. Там Віталь Міхайлаў і Марына Зуева атрымаюць магчымасць прайсці адбор на чэмпіянат свету па класічным мнагаборстве, а Таццяна Міхайлава паспрабуе адабрацца ў спрынтарскае мнагаборства.

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?