Вы тут

Цыклон з аранжавым узроўнем небяспекі


Сіноптыкі гэтымі днямі настойліва рэкамендуюць перасесці з уласнага на грамадскі транспарт, а часам і ўвогуле адмовіцца ад смелых падарожжаў.

Калі мінулы год мы праводзілі пры анамальна цёплых тэмпературах, то першыя дні студзеня адзначыліся ўжо сур'ёзнымі халадамі, паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.


Тыдзень анамальнага холаду

У першай дэкадзе студзеня сярэдняя тэмпература паветра была на 4—9 градусаў ніжэй за кліматычную норму. Сапраўды вельмі халодным стаў менавіта першы тыдзень года. Сіноптыкі нават падлічылі, што такія маразы ў гэты час бываюць прыкладна раз у 25—30 гадоў. А на гэтым тыдні на тэрыторыю Беларусі прыйшоў снег і пацяплела.

Больш за тое, сёння да нас завітаў магутны цыклон, па якім Белгідраметцэнтр абвясціў штармавое папярэджанне і аранжавы ўзровень небяспекі па ўсёй тэрыторыі краіны. Увогуле цыклон будзе праходзіць з боку паўднёвага захаду Еўропы праз цэнтральныя рэгіёны Беларусі на паўночны ўсход Расіі і прынясе працяглыя ападкі. У аўторак паўсюдна будзе ісці снег, мокры снег, па поўдні — снег з дажджом, часам мяцеліца, наліпанне мокрага снегу, па ўсходзе чакаецца вецер з парывамі да 18 м/с. Максімальная тэмпература паветра будзе вагацца ад мінус 5 градусаў па поўначы, да плюс 5 градусаў — па поўдні краіны.

Сядзі дома два дні

Дзмітрый Рабаў растлумачыў, што параўноўваць гэты цыклон з «Хаўерам» не варта. Той «Хаўер» быў унікальным, бо такія цыклоны здараюцца раз у 50 гадоў, калі ў адзін момант сышліся некалькі фактараў — вецер, моцныя снегапады і завеі. У комплексе гэта і прывяло да надзвычайнай сітуацыі. А сёння моцных маразоў не будзе, тэмпература будзе слабамарозная, а ў паўднёвых раёнах — невялікі плюс і з дажджом. Дажджы чакаюцца ў Брэсцкай, Гомельскай абласцях і па поўдні Мінскай.

Галоўная небяспека — гэта снежныя заносы на дарогах. Кіраваць на іх стане праблематычна. Таму сіноптыкі і рэкамендуюць устрымацца ад паездак на ўласным аўто, каб у гарадах не ствараць заторы. Спецыялісты падлічылі, што цыклон працягне гаспадарыць на тэрыторыі Беларусі нават да вечара серады. Такім чынам, на поўначы краіны чакаюцца моцныя завеі, у паўднёвых рэгіёнах — працяглыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, а таксама наліпанне мокрага снегу.

У сераду на большай частцы краіны будзе ісці ўжо кароткачасовы снег, аднак месцамі — снег і мокры снег. Часам захаваецца мяцеліца, на дарогах галалёдзіца. Уначы і раніцай у асобных раёнах краіны чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Мінімальная тэмпература паветра ўначы на сераду складзе ад мінус 10 градусаў па паўночным усходзе, да нуля па паўднёвым захадзе. Удзень будзе пераважна 1—8 марозу, а па поўдні краіны — ад нуля да плюс 2 градусаў. Паводле слоў Дзмітрыя Рабава, вышыня снежнага покрыва за гэтыя два дні ў паўночным і цэнтральным рэгіёнах павялічыцца адразу на 25—30 сантыметраў.

Следам чакаем узмацнення маразоў

І гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы ад надвор'я. Калі цыклон сыдзе і пачне падмарожваць, на дарогах з'явіцца суцэльная галалёдзіца, што можа прывесці да росту траўматызму. Нават на тратуарах пасля мокрага снегу і дажджу мароз зусім не сябра. У чацвер у большасці рэгіёнаў кароткачасовы снег, а па паўднёвым усходзе — мокры снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак ад мінус 1 градуса на паўднёвым усходзе да 13 марозу па паўночным захадзе краіны, уначы па паўночным захадзе пры праясненнях — да мінус 16 градусаў.

У пятніцу да нас увогуле завітае сур'ёзная хваля холаду. У асобных раёнах ужо паўсюдна прагназуецца выключна кароткачасовы снег, а на дарогах галалёдзіца. Мінімальная тэмпература паветра ўначы складзе мінус 13—20 градусаў, пры праясненнях — 21—23 марозу, па поўдні — мінус 7—12 градусаў. Удзень будзе мінус 6—13, а па поўначы — да 17 марозу.

Паводле доўгатэрміновых прагнозаў, сапраўднае выпрабаванне холадам чакае нас у выхадныя. У суботу–нядзелю месцамі чакаецца кароткачасовы снег, на дарогах галалёдзіца. Мінімальная тэмпература паветра ўначы будзе даходзіць да мінус 14—21 градуса, а пры праясненнях — да 22—25 марозу. Максімальная тэмпература ўдзень складзе 10—17 марозу. Аднак у паўднёвых раёнах краіны на працягу сутак чакаецца мінус 7—13 градусаў.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА і Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».