Вы тут

Бежанцы - галаўны боль пачатку XX стагоддзя


У XXІ стагоддзі бежанцы сталі «галаўным болем». Але сапраўднай праблемай бежанцы былі і 100 гадоў таму. Паводле некаторых звестак, у пачатку лютага 1917 года колькасць бежанцаў з усіх франтоў Першай сусветнай перавысіла 3,2 мільёна чалавек.


Бежанцы часоў Першай сусветнай вайны

Такія лічбы агучылі падчас рэспубліканскага «круглага стала», які правялі ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Абмяркоўвалі тэму «Першая сусветная вайна ў гістарычным лёсе Беларусі».

— Можна сказаць, грунтоўнага статыстычнага ўліку бежанцаў у гады Першай сусветнай вайны не вялося. Паводле звестак дабрачыннай арганізацыі — Таццянінскага камітэта, на 1 лютага 1917 года колькасць іх з усіх франтоў складала звыш 3,2 мільёна чалавек. Калі казаць пра бежанцаў з тэрыторыі Беларусі, паводле падлікаў сучасных беларускіх гісторыкаў, у 1916 годзе ў Расіі іх было 1,3 мільёна. А ў маі 1918 года — амаль на мільён больш, — кажа Анатоль Дулаў, загадчык кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.

Большасць даследчыкаў лічыць, што паралелі з сучаснымі падзеямі ў свеце не карэктныя. Па-першае, большая частка бежанцаў у гады той вайны высялялася з беларускіх зямель дзяржавай у сувязі з прымяненнем так званай «скіфскай тактыкі». Па-другое, 85% бежанцаў былі жанчыны і дзеці, а сёння сярод іх нямала мужчын. І яшчэ, пасля вайны пераважная большасць бежанцаў вярнулася ў Беларусь. А ці захочуць вяртацца на радзіму сучасныя бежанцы з арабскіх краін?

— Вядома, у гісторыі многае паўтараецца. У гады той вайны на тэрыторыю сучаснай Беларусі літаральна хлынуў паток бежанцаў. У архіве я знайшла адпаведныя дакументы, якія пацвярджаюць, што колькасць іх была вялікая, — расказвае Таццяна Іванова, дацэнт кафедры правазнаўства і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Віцебскага філіяла міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО».

На жаль, у Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці захоўваюцца дакументы толькі ад 1917 года. Але і з таго, што ёсць, можна рабіць высновы.

Пасля рэвалюцыі яшчэ да стварэння ў Маскве «цэнтра па бежанцах» адпаведная камісія была створана ў Віцебску. Бежанцаў забяспечвалі медыцынскай дапамогай, кармілі, нават выдавалі грошы...

Але на ўсіх дарогах былі выстаўлены армейска-паліцэйскія дазоры, каб бежанцы рухаліся на ўсход, не маючы магчымасці заставацца ў паселішчах... Рух соцень тысяч людзей, нягледзячы на спробы ўладкавання, насіў неарганізаваны характар. 4 ліпеня 1915 года галоўны начальнік забеспячэння войскаў Паўночна-Заходняга фронту генерал Данілаў патрабаваў накіроўваць бежанцаў «не па чыгунцы» (таму што яны ствараюць перашкоды ваенным перавозкам), а па звычайных дарогах.

«Бежанцы перашкаджалі спакою ў дзяржаве, сталі «сацыяльным порахам». І радыкальныя настроі знаходзілі водгук сярод сагнаных з месцаў людзей, якія пакутавалі ад беспрытульнасці, хвароб, голаду. Абвастрылася крымінальная сітуацыя. Дарогі былі забітыя абозамі бежанцаў, якія затрымлівалі і дэзарганізоўвалі адступленне арміі», — пісаў генерал.

Немцы перыядычна не дазвалялі людзям пакідаць акупаваныя тэрыторыі. Так рабілася падчас каранціну і ў выпадках інфекцыйных захворванняў. (Гэта і сёння стандартная практыка, асабліва ў ваенны час.)

— У 1918 годзе адбылася эпізадычная ўспышка халеры. І каля 400 чалавек бежанцаў і палонных адначасова мелі патрэбу ў медыцынскай дапамозе. У сувязі з распаўсюджваннем эпідэміі нямецкія войскі закрылі «мяжу». «Нюансы» трэба было ўзгадняць з нямецкім камандаваннем у Полацку, — удакладніла Таццяна Іванова.

Жыхары Прыдзвінскага краю з разуменнем ставіліся да бежанцаў. Кармілі, прытулялі на ноч, давалі адзенне і абутак. Што да яўрэяў-бежанцаў, акупанты на той час ставіліся да іх не горш, чым да іншых.

— Напэўна, гэта адыграла дрэнную ролю ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Яўрэі — былыя бежанцы часоў Першай сусветнай, якія засталіся жыць на тэрыторыі сучаснай Віцебшчыны, — не верылі расказам пра зверствы немцаў, бо жылі ўспамінамі. Яны помнілі былых землякоў-немцаў як вельмі культурных, памяркоўных людзей, — адзначыў галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Канстанцін Карпекін.

Як было адзначана падчас дыскусій, агульнага грунтоўнага стаўлення да ролі той вайны ў гісторыі з «беларускага пункту гледжання» няма і ў XXІ стагоддзі. Адзіны бясспрэчны факт — у выніку тых падзей Беларусь атрымала дзяржаўнасць. Як і прыбалтыйскія рэспублікі. А ў якасці платы за гэта — вялікае бедства. І адпаведна ў беларускіх гісторыкаў свой погляд на тую вайну. Як трапна адзначыў адзін з навукоўцаў, было зруйнавана ў эканамічным плане тое, што зроблена больш за 100 гадоў пасля вайны 1812 года...

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.