Вы тут

Лідарства ў сям'і


Лідарства ў сям'і. Сёння пасля рэгістрацыі шлюбу ў загсе маладых на парозе сталоўкі ці рэстарана маладых сустракаюць бацькі з «хлебам-соллю». І абавязкова знойдзецца «ўсёзнайка», які дасць «мудрую» параду: «Хто большы кавалак адкусіць, той галоўным будзе ў сям'і». Дазволім сабе нагадаць асобныя «прапісныя» ісціны з побыту беларусаў: гаспадаром, або галавой, у сям'і заўсёды быў мужчына.


Выходзячы замуж, дзяўчына, абапіраючыся на вопыт жыццядзейнасці сям'і, у якой яна нарадзілася, загадзя ведала і разумела, што ўсё жыццё яна будзе замужам, г.зн. «за мужам», ісці следам за ім як нітка за іголкай. Ці патрэбна ў такім разе самым парадаксальным чынам, публічна адбіраць ў мужчыны тое, што наканавана Богам: пажыццёвы абавязак і клопат аб захаванні і матэрыяльным забеспячэнні сям'і?

Разам з тым заўважым, што ў абрадавай практыцы нашага народа ўсё ж былі некаторыя рытуальныя дзеянні, скіраваныя на вырашэнне праблемы сямейнага лідарства. Напрыклад, лічылася, што перавага будзе за тым, хто першым стане на ручнік у храме падчас вянчання: «Хто, становячыся пад вянец, першы ступіць на падножнік, той будзе ў доме за галоўнага».

Асаблівай далікатнасцю і вытанчанасцю (!) вылучалася праблема лідарства ў час, калі маладыя заходзілі за вясельны стол. Сват звязваў маладым рукі і парай вёў да стала. Першым ўсё ж такі ішоў жаніх. Але як толькі маладыя селі, нявеста брала падол сваёй сукенкі і быццам між іншым клала яго на калені жаніха. Калі жаніху загадзя нічога не паведаміла пра гэтую хітрасць маці або бабуля, то ён і не здагадаецца, што тым самым «распісаўся» ў сваёй падпарадкаванасці жонцы. Калі ж жаніх ведаў аб сутнасці «правакацыі» нявесты, то браў падол і акуратна скідваў яго з каленяў, маўляў, не на таго наскочылі.

Лідарства жаніха або нявесты вызначалі яшчэ падчас выкупу варот. На двары ставілі стол, каля якога «...сустракаюцца старшыя сваты — нявесцін і жаніхоў. Кожны трымае на ручніку каравай... Сваты здароўкаюцца, потым, жартуючы, падымаюць свае караваі:

— Мой каравай вышай!

— Мой каравай вышай!

Здаралася, што сваты ўзбіраюцца з караваямі нават на плот. Чый каравай вышэйшы, таму больш гонару. Лічылася, што калі маладога каравай вышэйшы, дык яго будзе верх па жыцці, а калі маладой — наадварот. З нявесціным караваем насустрач свату нярэдка выходзіць сваха. І калі яна падыме свой каравай вышэй, сват хапае яе за спадніцу: «Нягожа, — гаворыць ён, — жанчыне браць верх»... Сваты ўрэшце мірацца, звязваюць белай хустачкай два караваі».

Як бачым, тайная спружына абрадавага падтэксту дзейнічала, але не гвалтоўна, абразліва і публічна, а далікатна і сціпла.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.