Вы тут

Ксёндз Часлаў Курэчка: «Служыш іншаму — знаходзіш сябе!»


Сёлета сярод пяці лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» — настаяцель парафіі Святой Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна Часлаў Курэчка. Такім чынам адзначаны яго важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, актыўны ўдзел у духоўна-асветнай дзейнасці краіны і прапагандзе здаровага ладу жыцця.


Карэспандэнт «Звязды» стаў адным з першых журналістаў, якія павіншавалі паважанага святара.

«Найперш прыхаджане парадавалі»

Суразмоўца спачатку размовы ніяк не мог успомніць, якім чынам даведаўся пра высокую ўзнагароду. Хто першы паведаміў: райвыканкам або Віцебская дыяцэзія?.. Потым радасна сказаў, што яго прыхаджане парадавалі. Па тэлевізары яны ўбачылі адпаведны сюжэт.

— Так, гэта была нечаканая навіна. Тэлефануюць і кажуць, што ў эфіры маё прозвішча згадалі. Падумаў: Росіца ж, дзе мо і 200 жыхароў не набярэцца, у самым кутку Віцебскай вобласці, недалёка ад Латвіі. Але такая да яе ўвага ў маёй асобе на прэзідэнцкім узроўні! Бачу ў гэтым Божую волю! Калі ў Росіцы пасля Оршы пачаў служыць, адразу адчуў, што гэта маё! І, доўга не зацягваючы, намеціў сабе: дзе і што трэба прыбраць, як лепш можна будзе добраўпарадкаваць... Вось мы з прыхаджанамі, паломнікамі ўжо 9 гадоў, не складаючы рук, працуем, працуем і працуем. Я пра добраўпарадкаванне і будаўніцтва. І вялікую дапамогу аказвае мясцовая ўлада. Са старшынёй райвыканкама пастаянна кантактуем. Ён прыязджае да нас, я — у райцэнтр. І са святамі адзін аднаго віншуем. І тэхнікай улада дапамагае, і людзьмі. Дарога да нас цяпер добрая, — распавядае ксёндз Часлаў.

Са святаром аўтар гэтых радкоў пазнаёміўся значна раней: у Віцебску пазалетась, у лютым. Ён быў адным з тых, хто па выніках 2013 года атрымаў ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны». Тады яму ўручалі і прэмію. Штогод вызначаюць каля ста лаўрэатаў. Гэта ідэя экс-старшыні Віцебскага аблвыканкама, цяперашняга кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандра Косінца.

І тады святар сціпла распавядаў, што заслуга не яго аднаго. Ён, у прыватнасці, сказаў: «Напэўна, наверсе — там лепш відаць, хто павінен прымаць узнагароду. Я — звычайны чалавек, святар. Працую з людзьмі, люблю зямлю беларускую і людзей гэтай зямлі. Напэўна, ацанілі маю дзейнасць за тое, што многае зрабіў».

 

Будзе свята... буслоў!

Прыгажосць каля касцёла ў Росіцы часта параўноўваюць з тым, што зроблена ў Мосары Глыбоцкага раёна. Ксёндз Ёзас Булька паказаў добры прыклад іншым.

— Мы сябравалі з ім! Я і ў Глыбоцкім раёне служыў... Таксама змагаюся з п'янствам, але не так грунтоўна: забарона на продаж спіртнога ў нашай вёсцы не практыкавалася. Індывідуальна працую з залежнымі. Пераконваю, як магу, малюся. Мне тых, хто не можа жыць без выпіўкі, шкада. Яны слабыя духам. На працу іх запрашаю і на ўрачыстасці розныя. Напрыклад, на Каляды — на салодкі стол... Усе мы сапсаваныя грахом: адны спакушаюцца на гарэлку, другія — на тытунь. У кагосьці іншыя слабасці. Трэба дапамагаць людзям пераадолець іх, — разважае святар.

Ён шчыра рассмяяўся, калі пачуў, што ведаю яго і як любімага кансультанта для кветкаводаў.

— Вы чыталі!? Сур'ёзна? пра кветкі магу расказаць многае. Спрабаваў аднойчы падлічыць, колькі каля касцёла відаў раслін, дык пасля лічбы 200 пачаў збівацца. Так, магноліі — паўднёвыя прыгажуні ёсць! А чаму б ім не расці, калі даглядаць за імі? Летам абавязкова прыязджайце з сынамі сваімі! Пакажу ўсю кветкавую прыгажосць: німфеі, лілеі, цюльпаны, барбарыс... Да позняй восені нешта цвіце. І калі прыязджаюць паломнікі, многія просяць правесці майстар-клас. Мама вельмі любіла кветкі. На жаль, бацькоў маіх няма ўжо ў жывых. Я сумую па іх. У маёй роднай вёсцы Загоршчына Браслаўскага раёна і сёння жыве брат родны Станіслаў. У яго трое дарослых дзяцей: дзве дзяўчыны і хлопец. Пчаляр ён. Ах, якія прыгожыя мае родныя мясціны! Недалёка касцёл, які з дзяцінства я наведваў, — з цеплынёй распавядае ксёндз.

Ён сціпла прамаўчаў, што яшчэ і прафесійны... кухар! Зайздрошчу знаёмым, якія пакаштавалі яго стравы.

Ксёндз прызнаўся, што нарадзіўся 1 красавіка 1960 года. Як вынік, сказаў, у яго багатая фантазія. Вольнага часу мала, таму ў цёплы час года ўстае, як кажуць, з пеўнямі, а кладзецца спаць позна ноччу. А калі ёсць час, любіць марыць. І прыкладвае ўсе намаганні, каб рэалізаваць задуманае.

На маё пытанне наконт таго, на што патраціць прэміяльныя, спадар Часлаў адказаў, што і на добраўпарадкаванне вёскі таксама. Па яго ініцыятыве з'явіўся штучны вадаём, які вернікі называюць возерам Надзеі. Гавораць, яно выконвае жаданні, калі яны шчырыя. Добраўпарадкавана і яшчэ пара сажалак, спуск да возера...

Сярод розных мерапрыемстваў, якія святар збіраецца ажыццявіць, задумаў арганізаваць... свята буслоў. Ён распавёў падрабязна, як асабіста падрыхтаваў «будаўнічыя матэрыялы», каб птушкі звілі гнёзды. Шкадаваў, што буслоў летась прыляцела меней, чым звычайна.

— Вельмі хачу, каб у касцёле дзейнічаў арган! Было б вельмі добра аднавіць храм у выглядзе, які ён меў у 1911 годзе. Тады яго высокія вежы былі відаць здалёк, нават у Латвіі. Савецкія ўлады распарадзіліся зруйнаваць вежы, каб тыя не сталі цэллю для абстрэльвання з-за мяжы... Трэба зацікавіць патэнцыйных фундатараў, — разважае ксёндз Часлаў.

Насамрэч, было б цудоўна, каб добрыя людзі дапамаглі вярнуць былую прыгажосць храму, пабудаванаму 105 гадоў таму!

Святар здзівіў, калі паскардзіўся на недахоп свабоднай зямлі. У адным боку ад касцёла — людзі жывуць, у другім — сельскагаспадарчыя землі... Задумаў ачысціць балота. Хоча сосны высадзіць, валун устанавіць, каб памятную шыльду на ім замацаваць пра падзеі мінулага.

Вядома, што Росіцу ў 1599 годзе купіў канцлер Леў Сапега. Вёска мае слаўную гісторыю. Былі ў яе і «чорныя дні». Тут у лютым 1943 года акупанты правялі карную аперацыю. Знішчылі больш за паўтары тысячы чалавек. Ксяндзы Антоній і Юрый маглі выратавацца, але не пакінулі паству. Яны прынялі разам з вернікамі пакутніцкую смерць. У канцы 1990-х гадоў святароў прызналі святымі пакутнікамі. Памяць пра іх беражліва захоўваюць у вёсцы. Штогод сюды прыязджаюць паломнікі з розных краін. Ёсць у вёсцы мемарыяльны помнік і памятны крыж...

 

Жыццё — гэта цуд!

Напэўна, цяпер толькі лянівыя не скардзяцца на цяжкае жыццё з-за сусветнага фінансавага крызісу.

— Жыццё цудоўнае! Трэба шанаваць кожную хвілінку, гадзіну і не цкаваць адно аднаго! Дапамагаць трэба адно аднаму і людзей любіць. І дапамагаць ім, як і ўсяму жывому. Дараваць вучыцеся і самім трэба прасіць прабачэння... Гэты год абвешчаны Святым прастолам Годам міласэрнасці. Калі мы служым іншаму, забываючы пра сябе, тады сябе і знаходзім. Набываем суцяшэнне, акрыленае існаванне і радасць, сэнс жыцця... Мне ўжо 55 гадоў, бачыў шмат. Маліцца трэба, дзякаваць Усявышняму за тое, што жывём у такім прыгожым свеце. Цудоўны свет Божы вакол нас. Трэба шчыра радавацца ўсяму гэтаму, — блаславіў чытачоў пасля размовы святар.

Паводле яго слоў, трэба ўсё магчымае зрабіць, каб куточак нашай зямлі быў куточкам раю... І калі кожны з нас унясе ў стварэнне прыгажосці сваю лепту, сам стане прыгожым унутры і звонку.

Мы дамовіліся з лаўрэатам прэміі, што размова наша не апошняя. «Звязда» абавязкова распавядзе пра тое, што яшчэ зробяць у Росіцы.

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота з асабістага архіва святара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.