Вы тут

Сталічны квэст


Нават для сталічнага жыхара гэтае падарожжа з'яўляецца падарожжам у прамым сэнсе — ад слова «дарога». Запіўшы кавай традыцыйны бутэрброд, ён выйдзе ранкам з дому і накіруецца ў бок старога гандлёвага тракта. Куды? Наўпрост да княжацкага ложа. З гэтага моманту і пачнуцца загадкі. Гандлёвы тракт — што гэта? А княжацкае ложа?


Усё апі­са­нае тут ад­бу­дзец­ца пад вось гэ­тай ман­сар­дай, у дзень,  ка­лі вы па­жа­да­е­це пра­сяк­нуц­ца но­вай «па­да­рож­най гіс­то­ры­яй».

Пра месца гэтае, шырока раскінутае ў самым звычайным кутку сталіцы, гаворыцца і пішацца шмат, але спрэс аднастайна: там і сям друкуюцца і пераказваюцца авантурныя гісторыйкі пра ўладальнікаў сядзібы, жудасныя аповеды пра свінцовую труну ў сямейнай капліцы, нязграбныя легенды пра недарэчныя здані, што блукаюць па парку... А ўладальнікі, між тым, разумна вядуць вялікую гаспадарку з млынам і вінакурняй ды прымаюць гасцей у прыгожым палацыку, залы якога, аздобленыя з пэўным густам, дэманструюць вялікія фінансавыя магчымасці. Вунь у адным з прасценкаў у пярэднім пакоі стаіць буфецік-вітрына. Думаеце, так сабе? Не. Па ўсім відаць, буфецік гэты створаны паводле эскіза Фёдара Шэхтэля і выраблены на фабрыцы Хаіма Разенберга. Вы ведаеце Шэхтэля? Выключны дойлід і архітэктар, выкладаў кампазіцыю ў «Строганаўцы». А Хаім Разенберг — радня Аспазіі, ці Аспажы, жонкі Яна Райніса, у гонар якой назвалі бульвар у Рызе. Яе ў дзявоцтве ведалі як Іаану Эмілію Лізету Разенберг. Ну, а сам спадар Хаім працаваў яшчэ і пад псеўданімам, узятым ад прозвішча бабулі па маці, — Бакст. Гэта значыць, ён жа — яшчэ і той самы Леў Самойлавіч Бакст, без якога, напрыклад, дзягілеўскія «рускія сезоны» ў Парыжы былі б, напэўна, не такімі рускімі.

Але не будзем адхіляцца ад падарожжа: мы спыніліся на ўладальніках.

Рамантыкам

Мо выдумляюць, а мо і не. Кажуць, што перад акном пакоя пані Ядвігі Любанскай была клумба ў форме сэрца. Амуры, кветкі, мары і фантазіі... Яна, кажуць, была такой. Не ветранай, але рамантычнай. Імідж сядзібы стварала менавіта яна — на грошы мужа і з вялікай любоўю. Падабалася шмат каму. А сама, кажуць, закахалася ў Мусіна-Пушкіна, з-за чаго ўся гэтая гісторыя, што спарадзіла легенду пра здань, і адбылася. У 1905 годзе яго адазвалі ў Санкт-Пецярбург, ён пісаў ёй, а муж пра ўсё здагадваўся. Трагедыя адбылася пасля пышнага святкавання 35-годдзя гаспадыні. Магчыма, яна не вытрывала асуджэння мінскай публікі, надта ж схільнай да дэталёвага абмеркавання розных падрабязнасцяў і нічым асабліва не заклапочанай. Яўстахій Любанскі паехаў тады на Каўказ і недзе там праз восем гадоў памёр.

Гаспадар, значыцца, — выдатны прадпрымальнік, дзелавы, самавіты чалавек. Гаспадыня — маладзейшая за яго гадоў на сямнаццаць, не квактуха і не фіфа, а нешта сярэдняе — «вытанчаная куртуазная асоба». Так яе, прынамсі, любяць называць. Калі яны не выйдуць павітацца з вамі асабіста, то абавязкова сустрэнуць у пярэднім пакоі з партрэтаў, уціснутых у авальныя парныя рамы, вырабленыя ў майстэрні Баравікова ў Санкт-Пецярбургу: гаспадар — у шыкоўным смокінгу і з завітымі па модзе вусамі, гаспадыня — у собалевым паланціне і з кудзеркамі «дробным д'яблікам».

Ёсць мер­ка­ван­не, што бу­фе­цік гэ­ты ство­ра­ны па­вод­ле эс­кі­за Фё­да­ра Шэх­тэ­ля  і вы­раб­ле­ны на фаб­ры­цы Ха­і­ма Ра­зен­бер­га.

Якія ў іх могуць быць прычыны да вас не выйсці? Амаль ніякіх — і самыя розныя. Калі не выйдуць, то ведайце, што гаспадар, магчыма, сядзіць за грувасткім пісьмовым сталом чырвонага дрэва, задуменна пазіраючы на крылы бронзавай птушкі, распасцёртыя над дзвюма шклянымі чарніліцамі, якія паабапал той птушкі стаяць. Можа, рыхтуецца пісаць ліст да экс-генерал-губернатара Мінска Мусіна-Пушкіна, адазванага ў Санкт-Пецярбург. Але нічога яму, відаць, так і не напіша. Гаспадыня, хутчэй за ўсё, занятая разгляданнем і перастаноўкай талерак мейсенскай мануфактуры: упрыгожаныя вензелем W, яны памятаюць сцены Віланаўскага палаца ў Варшаве, а іх цёмныя беражкі больш за ўсё пасуюць да хрустальных кубкаў з выявамі анёлаў і замкаў. У чым іншым дык мо не так, але ў стылі аrt nouveauх былая паненка Кяневіч з-пад Мазыра выдатна арыентуецца. Адукацыю яна атрымала ў Варшаве, а густам валодае ад прыроды. Кажуць, вельмі любіць падабацца — і мужчынам, і паненкам. Каб першыя, маўляў, захапляліся, а другія — каб перамалёўвалі фасоны яе сукенак. Яна лёгка можа падзяліцца строямі з пакаёўкай, якую называе на французскі манер — Бланш. Тая мо ніякая не Бланш, а якая-небудзь Марыся, але для гаспадыні сваёй — толькі Бланш.

Вы яшчэ не разгадалі гэты квэст? Вернемся да пачатку.

Ка­лі гас­па­да­ры не вый­дуць па­ві­тац­ца аса­біс­та,  то аба­вяз­ко­ва су­стрэ­нуць у пя­рэд­нім па­коі з парт­рэ­таў, уціс­ну­тых у аваль­ныя пар­ныя ра­мы, вы­раб­ле­ныя  ў май­стэр­ні Ба­ра­ві­ко­ва ў Санкт-Пе­цяр­бур­гу.

Стары гандлёвы тракт — гэта тое самае, што тракт Ігуменскі, з даўніх часоў і да нашых дзён ён менавіта так і называецца. Гаворачы пра княжацкае ложа, трэба мець на ўвазе легенду пра Лошыцу, у якой распавядаецца пра тое, як адзін князь выправіўся ў ваенны паход супраць брата. Спыніўся ён пераначаваць на ўзгорку каля Мінска — аж раптам забіла пад ім крынічка. Князь падумаў, што гэта знак: ваяваць нельга, трэба вяртаць войска назад. Так вайна і не пачалася, а месца княжацкага ложа сталі зваць проста ложам, пазней — Лошыцай. Лошыц, што праўда, існавала шмат, але ў нашым падарожжы размова ідзе пра ўладанне сям'і Любанскіх — Яўстахія і Ядвігі. Гэта яны віталі вас з партрэтаў. Авальныя рамы апошніх, як і мейсенскія талеркі, і кубкі з анёламі, і буфецік-вітрына, і аздобленае метлахскай кафляй бюро-паставец, і размешчыны на ім куфэрак для дакументаў, і сярэбраны кандэлябр галандскай мануфактуры на шэсць свечак, і чаканныя пано нямецкіх майстроў, і дэкаратыўная венская талерка з амурамі, што лунаюць у нябёсах, і шмат што яшчэ — усяго каля сарака прадметаў 1900 года паходжання, эпохі нараджэння выразу made іn, — прадметы з калекцыі мінскага мастацтвазнаўца Віталя Жукава.

Паслядоўнікам

Капліцу, дзе хавалі паноў Любанскіх, разбурылі ў 1920-я. Убачыць яе на свае вочы такой, якой яна была ў часы росквіту сядзібы ў Лошыцы... Не «немагчыма», а «было б немагчыма» — калі б не існаваў некалі мастак Юзаф Пешка. На яго акварэлі, што захоўваецца цяпер у Львове, адлюстравана Лошыца — такой, якой яна выглядала дзве сотні гадоў таму. Удалечыні злева — тая самая каплічка.

Увесь пярэдні пакой у Лошыцкай сядзібе Любанскіх, адкрытай для наведвальнікаў леташняй вясной, аформлены паводле яго ідэй у стылі, скапіраваным з аrt nouveauх, французскага мадэрну.

Калі вам надакучыла слухаць пра пані Ядвігу Любанскую як тапельніцу, цела якой знайшлі каля рэчкі і пахавалі ў сямейнай каплічцы, а потым, калі каплічку разбурылі, знайшлі ў свінцовай труне, якую пусцілі на пераплаўку... Калі вам не надта цікава чарговы раз чуць пра тое, як блукае па Лошыцкім парку здань пані Ядвігі ці як праплывае яна ж на фоне месяца ў ноч, калі зацвітае магнолія... Калі вы не вялікі аматар такіх вось аднабокіх гісторый і не вельмі ў іх верыце... Тады пакой з партрэтамі гаспадароў (там яшчэ сцены адметныя — смарагдавыя і з чаротавым дэкорам пад столлю) ствараўся спецыяльна для вас. Там вас — памятаеце? — чакаюць...

Та­лер­кі мей­сен­скай ма­ну­фак­ту­ры, упры­го­жа­ныя вен­зе­лем W, па­мя­та­юць сце­ны Ві­ла­наў­ска­га па­ла­ца ў Вар­ша­ве і больш за ўсё па­ды­хо­дзяць  да хрус­таль­ных куб­каў з вы­ява­мі анё­лаў і зам­каў.

Значыць, запіўшы смачна зваранай кавай апетытны ранішні бутэрброд, вы накіроўваецеся ў бок старога гандлёвага тракта...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.