Вы тут

У стасунках з грашыма


Дабрачынны рух «Клуб 5000», як і любы дабрачынны рух, перыядычна вінавацяць у няправільным размеркаванні сродкаў. Кожнаму здаецца, што ён зрабіў бы лепш, больш справядліва, рацыянальна...


Найчасцей прэтэнзіі гучаць ад бацькоў хворых дзетак. Пакрыўджаных, стомленых, ваяўнічых. Любой маці, якая з апошніх сіл вядзе барацьбу за сваё дзіця, здаецца, што ў іншых патрэбы меншыя. Гэта яе крывіначка пакутуе ад прыступаў, не спіць начамі і хоча проста жыць. А «псеўдафонды», «несвядомыя валанцёры» разбазарваюць сродкі на неістотнае.

Шмат гадоў таму я мела размову з Вольгай, маці хлопчыка, хворага на ДЦП. Яна вазіла яго на курсы рэабілітацыі за мяжу. У зборы сродкаў дапамагаў дабрачынны фонд, якім тады кіравала мая знаёмая. І вось калі сума была амаль сабраная і яшчэ знаходзілася на рахунках фонду, Вольга радасна падзялілася ў інтэрнэце, што грошы на наступны курс знайшліся, квіткі ўжо набытыя і заўтра яна з сынам вылятае на рэабілітацыю. Кіраўнік фонду даведваецца пра гэта з сеціва, вінаваціць маці ў падмане і пазбаўляе хлопчыка сабраных сродкаў і далейшых стасункаў з фондам.

Ну сталася так, што грошы для хлопчыка прыйшлі з іншай крыніцы. Ці варта вінаваціць няшчасную маці толькі за тое, што яна перастрахоўвалася? Ці ёсць яе віна ў тым, што шукала паратунак з розных бакоў і біла ва ўсе званы? Наўрад ці гэта можна расцаніць як падман. Не думаю, што Вольга магла патраціць лішнія сродкі бязглузда. Працэс рэабілітацыі вельмі доўгі, і ўжо сёння яна думае пра наступны курс і сродкі на яго.

Карацей, я была на баку маці і палічыла паводзіны сваёй знаёмай надта рэзкімі і імпульсіўнымі. За шэсць гадоў кіравання дабрачынным рухам мне адкрыліся нябачныя тады прычыны такіх паводзін. Я не апраўдваю, але пачынаю разумець яе.

Кожная маці ўнутры свайго гора. Яна бачыць вакол такіх жа матуль-ваўчыц, што за карак выцягваюць сваіх немаўлят з багны. Яна спачувае ім, падзяляе іх гора, у нечым разумее і нават атаясамлівае сябе з імі. Але ў яе сваё балота. У кожнай маці-ваўчыцы сваё балота.

Валанцёры і дабрачынцы назіраюць збоку. Кожнае балота мы бачым на аднолькавай адлегласці. Мы чытаем іх лісты, просьбы, маленні. І кожны раз праходзім стадыю адчаю і ўласнага бяссілля. Мы разрываемся паміж усімі і марым дапамагчы кожнаму. А потым, адгараваўшы, бяром сябе ў рукі і пачынаем думаць. Думаць рацыянальна. Улічваць кожны рубель і адказваць за кожную капейку. І ты адчуваеш, як, даючы аднаму, забіраеш у іншага. Але трэба рабіць выбар.

Мы не можам імгненна сабраць сто пяцьдзясят тысяч долараў на аперацыю. Але можам правесці каналізацыю ў вясковую хату падапечнай. Гэтае дзяўчо нядаўна змагалася за сваё жыццё. І тады была адна мэта — выжыць. Ёй пашчасціла, і цяперашнія задачы адпавядаюць сітуацыі. Чалавек — ненасытная істота: дасягае аднаго, самага запаветнага, і яму зноў патрэбна нешта новае.

Ніколі не забуду словы калегі з грамадскага аб'яднання «Дзеці ў бядзе»: «Калі мы дазволілі ім выжыць, мы павінны даць ім магчымасць жыць».

Уладкаваць іх новае жыццё, аблегчыць вяртанне з хваробы, сацыялізаваць, падтрымаць — таксама наша задача. І калі яшчэ ўчора ля бальнічнага ложка маці прасіла толькі здароўя сыну, то сёння самае страшнае для яе — зімні абутак. І гэтая праблема такая ж вострая, як і папярэдняя. Матуля пакутуе ад таго, што не можа вырашыць яе самастойна. Змяніліся рэаліі, умовы і патрэбы, але пачуцці засталіся. Яна адчувае безвыходнасць і бяссілле перад босым сынам, як калісьці перад бальнічным ложкам.

Для спонсараў самым важным здаюцца лекі. Яны з радасцю і гонарам гатовыя траціць вялікія сумы на дарагія прэпараты. Ім трэба адчуць сябе магутнымі, добрымі, важна разумець, што ты зрабіў нешта выдатнае — выратаваў жыццё. Гэта не на ноўтбук патраціць. Так уласная важнасць выглядае яшчэ важней.

А я не стамляюся прыводзіць прыклад Дзімы. Яму тэрмінова былі патрэбны даражэзныя замежныя лекі. І набліжаўся яго дзень нараджэння. Хлопчык марыў пра квадрацыкл. Дарагі падарунак. Нам прыйшлося выбіраць: лекі ці машына. Разам з яго маці мы выбралі другое. Можаце сабе ўявіць, што адчувалі суседзі па палаце, якім не хапала на аперацыю за мяжой, на блок хіміятэрапіі?.. У іх не было ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, а мы «разбазарвалі» істотную суму!

Лекі для Дзімкі таксама купілі: як бывае, з іншых крыніц. Але яны яму не спатрэбіліся. Гэта быў апошні дзень нараджэння. І яго маці бясконца ўдзячная за «разбазарванне» сродкаў. Тады для яе самым вялікім жаданнем, за любыя грошы, была ўсмешка сына. А ён усміхаўся, як жа ён усміхаўся на тым квадрацыкле!..

Матэрыяльную дапамогу падапечным «Клуба 5000» мы размяркоўваем разам, з удзелам мноства валанцёраў. Раз на месяц вывучаем бягучую сітуацыю і навіны ўсіх падапечных. У адных мяняюцца пратаколы, лекі, сумы, патрэбы, адмяняюцца паездкі, зрываюцца блокі, іншыя выходзяць у рэмісію. А бывае, як і ў хлопчыка з ДЦП, — дапамога прыходзіць з іншай крыніцы.

На разведку, абмеркаванні, падлікі і ваганні ідзе не адзін дзень, а часам не адзін тыдзень. Рашэнні даюцца нялёгка. Страшна зрабіць памылку, бо яна можа стаць фатальнай. І менш за ўсё хочацца кагосьці пакрыўдзіць.

Я памятаю, як аднойчы, у часы маёй татальнай беднасці, знаёмы папрасіў заскочыць у банк і абмяняць яму вялікую суму валюты на айчынныя рублі. Ён спяшаўся і сам не паспяваў адстаяць чаргу. Памятаю гэта адчуванне — я ніколі ў жыцці не трымала ў руках столькі грошай адразу. Мяне перапаўняла... упэўненасць. Так, істотныя сумы надаюць упэўненасці не толькі матулям хворых дзетак. Нам усім патрэбны грошы. Для ўпэўненасці. У сабе, у заўтрашнім дні.

Зусім іншыя пачуцці ў мяне выклікаюць грошы, сабраныя на дапамогу падапечным «Клуба 5000». Я раскладаю іх стосамі, як карты, пералічваю, як фанцікі. Трымаючы ў руках вялікія сумы, я ніколі не спакушалася думкай «на іх можна было б купіць...» Настолькі не ўспрымаю гэтыя грошы грашыма, што, збіраючыся ў банк, дзясяткі мільёнаў рублёў і тысячы долараў закідваю ў празрысты файлік разам з васьмю лістамі дабрачынных рэквізітаў. І выходжу за дзверы з файлікам у руках. Дбайны муж спыняе на парозе, уручае сумку, пакуе файлік у патаемную кішэню і прапануе суправаджэнне: з такімі сумамі па вуліцы страшна хадзіць. А мне не страшна, бо я не адчуваю, што гэтыя паперкі — грошы. Магчыма, я проста не адчуваю ўпэўненасці. Упэўненасці, што правільна зразумела патрэбы і аб'ектыўна размеркавала сумы. Упэўненасці, што кагосьці не пакрыўджу. І, нарэшце, упэўненасці, што грошы могуць тварыць цуды.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».