Вы тут

Праўдзівыя звесткі пра бацькоўства абароняць дзяцей


Абавязковае патрабаванне ўказваць сапраўднае прозвішча рэальнага бацькі пры афармленні пасведчання аб нараджэнні немаўляці павінна з'явіцца ў заканадаўстве Беларусі. Гэты крок павысіць адказнасць за нараджэнне ў мужчын, якія зараз даволі лёгка пагаджаюцца на дзіця па-за межамі сям'і і шлюбу.


А каб стымуляваць да гэтага матуль, Зінаіда ВАРАБ'ЁВА, загадчыца сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, прапануе не прызначаць дэкрэтныя выплаты, пакуль у адпаведную графу дакумента не будуць упісаны дакладныя звесткі пра бацьку, а не нейкае імя са слоў жанчыны.

Каб мацярынства было свядомым і не было непатрэбных дзяцей; каб малыя былі абароненымі, нараджаліся ў любові і былі жаданымі; каб ведалі сваіх бабуль і дзядуль, трэба адважыцца на такі крок, упэўнена спецыяліст.

— У дзіцяці павінны быць маці і бацька, каб яно было шчаслівым, маці нельга ганарыцца тым, што яна «нарадзіла для сябе», — адзначыла Зінаіда Вараб'ёва. — Потым узнікаюць пытанні яе няздольнасці правільна выхаваць дзіця, у якога няма перад вачыма бацькоўскага прыкладу, далей з'яўляюцца праблемы падлеткавага перыяду.

Асмельваючыся на дзіця, трэба перш за ўсё думаць пра яго патрэбы, каб яно не пакутавала ад недакладнага заканадаўства. Так, сапраўдны запіс пра бацькоўства дазволіць у будучыні спагнаць аліменты, альбо да таты можна будзе звярнуцца, калі, не дай Бог, нешта здарыцца з маці.

— Калі мужчына, чыё імя ўказана ў графе «бацька», захоча адмовіцца ад дзіцяці і даказаць, што яно не яго, няхай робіць гэта праз суд з аплатай працэдуры ўстанаўлення бацькоўства. Колькіх праблем маглі б пазбегнуць дзеці, калі б мужчына ўтрымліваў і тых малых, што нарадзіліся ў яго па-за шлюбам! Чым больш грошай выдаткаваны на немаўля, тым лепш для яго, — упэўнена прадстаўніца Мінгарвыканкама. — З іншага боку, ёсць матулі, якія не дапускаюць тату да дзіцяці і кажуць, што выхаваюць яго самі, а бацька ім не патрэбен. Табе не патрэбен — дык дзіцяці патрэбен! Нават калі малое проста ведае свайго тату, з якім не жыве разам, але мае пэўныя стасункі, гэта ўжо падстава, каб усе навакольныя ведалі, што бацька ў яго ёсць!

Загаловак у газеце: Тата сапраўдны і на паперы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».