Вы тут

Льготнае крэдытаванне будзе паступова змяншацца


Сёлета ў Беларусі плануецца пабудаваць жылых дамоў агульнай плошчай каля 4 млн квадратных метраў. Аб гэтым гаворыцца ў прынятай пастанове Савета Міністраў №1101, што апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.


Разлічваць на свае сродкі

Спецыялістамі запланавана, што ў шматкватэрных дамах гарадоў будзе пабудавана 1,882 млн квадратных метраў жылля агульнай плошчы, а ў сельскай мясцовасці — 1,468 млн «квадратаў». Бюджэтнае фінансаванне жыллёвай сферы ў гэтым годзе істотна скарацілі, таму для чаргавікоў вырашылі пабудаваць з дзяржаўнай падтрымкай усяго 840 тысяч квадратных метраў, або менш за чвэрць ад усіх аб'ёмаў.

Асобным радком у заданні на 2016 год стаіць Мінск, дзе пабудуюць 735 тысяч квадратных метраў. Заўважу, што менавіта ў галоўным мегаполісе краіны па льготных крэдытах для насельніцтва будзе будавацца мінімальная колькасць жылля — толькі
97 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы. Астатнія аб'ёмы будаўніцтва жыхары сталіцы вымушаны будуць фінансаваць з уласных зберажэнняў або з выкарыстаннем крэдытных рэсурсаў на агульных падставах.

Стаўка на сталічны рэгіён

Больш за ўсё жылля мяркуецца ўзвесці ў Мінскай вобласці — 1,1 млн квадратных метраў. Пры гэтым у сельскіх населеных пунктах і малых гарадскіх паселішчах будзе пабудавана ажно 830 тысяч квадратных метраў жылля. Больш за тое, менавіта ў сталічным рэгіёне запланавана пабудаваць максімальны аб'ём жылля для чаргавікоў з дзяржаўнай падтрымкай — 200 тысяч «квадратаў».

Другое месца па аб'ёмах будаўніцтва жылля зойме сёлета Гродзенская вобласць, дзе плануецца пабудаваць 561 тысячу квадратных метраў. А менш за ўсё будуць будаваць жыллё ў Віцебскай вобласці — толькі 288 тысяч «квадратаў».

Максімальную колькасць дамоў па лініі дзяржзаказу плануецца пабудаваць для чаргавікоў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях, дзе будзе ўзведзена 101 тысяча і 100 тысяч квадратных метраў жылля адпаведна.

Па арэндным жыллі лідзіруе Гродзеншчына

Эксперты ад Мінбудархітэктуры падлічылі, што сёлета будзе пабудавана 127,2 тысячы квадратных метраў арэнднага жылля. Дарэчы, больш траціны вызначаных аб'ёмаў будаўніцтва плануецца ўзвесці ў Гродзенскай вобласці (53 тысячы квадратных метраў). Увогуле, такое жыллё будзе пабудавана ва ўсіх абласцях. Выключэнне складзе Мінск, дзе будаўніцтва жылых дамоў (кватэр) для прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання не прадугледжана.

Не трапіў сталічны рэгіён і ў планы будаўніцтва жылых дамоў у гарадах-спадарожніках. Сёлета па гэтым напрамку будзе пабудавана 241 кватэра толькі ў Жабінцы (Брэсцкая вобласць) і Скідзелі (Гродзенская вобласць).

Шматдзетным — у першую чаргу

За гэты год у Беларусі плануецца ўвесці ў эксплуатацыю жылыя памяшканні (дамы, кватэры) для 2 194 шматдзетных сем'яў. Агульная плошча жылля для гэтай ільготай катэгорыі павінна скласці 191,2 тысячы квадратных метраў. Больш за ўсё жылля для шматдзетных будзе пабудавана ў Мінску (51,4 тысячы квадратных метраў), а мінімум — у Віцебскай вобласці (8 тысяч квадратных метраў).

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Прыярытэт — уласныя зберажэнні, а льготнае крэдытаванне будзе паступова змяншацца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».