Вы тут

У Беларусі адзначаны новы від птушак – кучаравы пелікан


Пра тое, як адбылася сустрэча спецыялістаў грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” з новай для нашай краіны птушкай, расказала супрацоўнік АПБ і аўтар “Роднай прыроды” Настасся Кузьмянкова.


Раніца 12 студзеня, на вуліцы завея і сапраўдная зіма. Час ехаць на Чыгірынскае вадасховішча (памiж Кiраўскiм i Быхаўскiм раёнамi Магілёўскай вобласці) па пелікана. Пасярод зімы ў Беларусі адзначаны новы від птушак – кучаравы пелікан (Pelecanus crispus).

Адкапаўшы машыну з сумёту, каманда АПБ рушыла ў дарогу. Навокал усё белае-белае… Не кожны дзень ездзіш па новыя віды, і не кожную зіму можна пабачыць пелікана.

Паведаміў пра птушку рыбалоў Аляксандр Розін, які знайшоў яё недалёка ад месца, дзе праходзілі спаборніцтвы першага этапу чэмпіянату Беларусі лоўлі рыбы з лёду на мармышку. Вось так рыбакі дапамаглі арнітолагам. Каб не рыбалка, можа б і не даведаліся пра кучаравага госця нашай краіны.

Мы выехалі. Навокал бушаваў цыклон Даніэла, аб лабавое шкло машыны разбіваліся шматкі снегу. На сярэдзіне дарогі снег перайшоў у ледзяны дождж, усе навокал пакрылася коркай лёду. Вельмі прыгожа, аднак і вельмі небяспечна. Ад цяжару лёду бярозкі гнуліся да самай зямлі, тут і там дрэвы не вытрымлівалі і ламаліся. Вось у такое надвор’е мы апынуліся на Чыгірынскім вадасховішчы. Няшмат часу спатрэбілася, каб адшукаць нашага героя. І сапраўды, дарослая асобіна пелікана кучаравага трымалася на адкрытай вадзе ракі Друць... Надвор’е не спрыяла ні здымкам, ні доўгім назіранням. Замачыўшы оптыку і часткова фотаапараты, мы накіраваліся дадому – дарога абяцала быць складанай. Аднак, нягледзячы на стыхію, даехалі без здарэнняў.

Складана сказаць, што прымусіла птушку заляцець у нашу краіну. У маі і ліпені кучаравы пелікан адзначаўся ў Літве. У снежні прадстаўніка таго ж віду бачылі ў Польшчы. Цалкам верагодна, што гэта адна і тая ж птушка.

Кучаравы пелікан падобны да ружовага, аднак у адрозненне ад яго мае апераную частку лба, якая перарываецца каля ніжняй сківіцы, белыя з шэрым налётам падкрыллі, закручаныя пёры на галаве і цёмна-шэрыя лапы. Палавы дымарфізм адсутнічае.

Гняздуецца гэты від птушак ва Усходняй Еўропе і Азіі, у Сербіі і Чарнагорыі, Албаніі, Грэцыі, Румыніі, Балгарыі, Расіі, Азербайджане, Турцыі, Украіне, Манголіі, Іране, Туркменістане, Узбекістане і Казахстане. Птушкі, што гняздуюцца ў Еўропе, зімуюць ва ўсходніх міжземнаморскіх краінах, расійскія і цэнтральнаазіяцкія птушкі – у Іране, Іраку, а мангольскія – уздоўж усходняга ўзбярэжжа Кітая. У XIX--XX стагоддзях колькасць віду знізілася, а потым стабілізавалася паміж 10--20 тысячамі асобін (http://www.birdlife.org/).

У Беларусі рэгістраваўся і ружовы пелікан. Апошні раз яго бачылі ў 2014 годзе на рыбгасе «Волма».

Такім чынам, пасля таго як Беларуская арніта-фаўністычная камісія (БАФК) пацвердзіць рэгістрацыю, наша краіна зможа пахваліцца двума відамі пелікана.

Настасся КУЗЬМЯНКОВА

Фота Сямёна Левага, Андрэя Барадзіна, Ірыны Самусенкі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».