Вы тут

За каго «хварэць» на «Еўрабачанні-2016»?


Праз 10 дзён раскрыецца інтрыга Нацыянальнага адборачнага тура конкурсу.

Да фіналу Нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2016» засталося зусім няшмат. Імя шчасліўчыка, які прадставіць Беларусь на прэстыжным музычным форуме ў Швецыі, стане вядома 22 студзеня — падчас прамой трансляцыі фінальнага гала-канцэрта.


Нагадаем, на фінішную прамую галоўнага музычнага спаборніцтва краіны выйшлі 10 прэтэндэнтаў. Па выніках праведзенага лёсавання, канкурсанты выступяць у наступнай паслядоўнасці: 1. Аляксей Грос; 2. Саша Захарык; 3. Валерыя Садоўская; 4. Група «Радыёхваля»; 5. Гурт THE EM; 6. Група NAVІ; 7. Саша Іваноў; 8. Анастасія Малашкевіч; 9. Кірыл Ермакоў; 10. NAPOLІ.

Упершыню пераможцу нацыянальнага адбору вызначаць гледачы з дапамогай тэлефоннага і смс-галасавання падчас трансляцыі фінальнага шоу, якое будзе паказана ў прамым эфіры на «Беларусь 1» і «Беларусь 24», а таксама ў рэжыме on-lіne на сайтах медыяхолдынга — tvr.by і Еўрапейскага вяшчальнага саюза — eurovіsіon.tv. Пачатак тэлевізійнага канцэрта — 22.00.

Творчая каманда праекта ад Белтэлерадыёкампаніі працягвае працу па падрыхтоўцы візітовак фіналістаў, якія будуць трансліравацца ў эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 24» як напярэдадні фіналу, так і падчас самога гала-канцэрта. Першыя з іх тэлегледачы ўбачаць ужо 15 студзеня — у рамках праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!».

«Паколькі ў гэтым годзе лёс прэтэндэнтаў вырашаюць тэлегледачы, важна, каб аўдыторыя запомніла нумары, пад якімі будуць выступаць іх фаварыты. У візітоўках фіналісты па-свойму, у пэўнай атмасферы, паднясуць свой нумар, раскажуць жыццёвую гісторыю, у якой раскрыецца лічба...» — адзначыў рэжысёр відэаролікаў Юрый Ярошык.

А тым часам самі канкурсанты працягваюць узмоцнена рыхтавацца да заліковага рыўка. Якія акцэнты паставілі прэтэндэнты ў сваіх нумарах, на што робяць стаўкі, у якіх вобразах паўстануць перад публікай — сваіх сакрэтаў фіналісты не раскрываюць, але абяцаюць здзівіць, уразіць і змагацца годна.

Гала-канцэрт пройдзе ў студыі «600 метраў» Белтэлерадыёкампаніі, мантаж абсталявання і сцэны ў якой пачнецца ўжо 18 студзеня. Шоу абяцае стаць запамінальным і яркім відовішчам шмат у чым дзякуючы новай тэхнічнай магутнасці — унікальнага святлодыёднага экрана. Па словах арганізатараў, новая тэхніка падчас шоу будзе задзейнічана максімальна. І тэлегледачоў, і гасцей у студыі чакае шмат сюрпрызаў, ад паляпшэння характарыстык «карцінкі» да цікавых графічных рашэнняў, якія, несумненна, уразяць аўдыторыю.

Індывідуальныя рэпетыцыі фіналістаў у студыі пачнуцца 20 студзеня. Генеральныя прагоны шоу ў рэжыме прамога эфіру адбудуцца вечарам 21 і днём 22 студзеня, непасрэдна перад фіналам. Вядучымі гала-канцэрта стануць Вольга Рыжыкава і Тэа, якія таксама падрыхтавалі для праекта свой падарунак — падчас фіналу адбудзецца прэзентацыя новай песні, якую яны выканаюць у дуэце.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.