Вы тут

Тэст на сапраўднасць


Яе вялікасць Сітуацыя абавязкова здарыцца і правядзе яго з кожным.


Яно так звычайна і бывае: жывеш сабе спакойна і побач жывуць людзі. Адны проста знаёмыя, другіх ты лічыш прыяцелямі, трэціх — як правіла, зусім нямногіх, ты адносіш да катэгорыі сяброў і блізкіх. А потым здараецца нешта неардынарнае — і ты агаломшаны са здзіўленнем назіраеш, як чужыя становяцца спрычыненымі да тваёй ці агульнай праблемы больш, чым прыяцелі і самыя блізкія. Тады і пачынаеш разумець, што ўсе чалавечыя адносіны, усе пачуцці, нават такія неабходныя кожнаму, як давер, сяброўства, каханне, дзеляцца на дзве катэгорыі: сапраўдныя і несапраўдныя. Менавіта так, і ніякай сярэдзіны, і ніякага «амаль» тут няма. Яе вялікасць Сітуацыя абавязкова здарыцца і правядзе тэст на сапраўднасць. І дыягназ будзе бясспрэчны і без права на перагляд.

А сітуацый у гэтым жыцці шмат, іх толькі разгледзець трэба. Вось, напрыклад, гэта мокра-снежная «Даніэла», што прайшлася завірухай па ўсёй краіне. Транспарт у Мінску хадзіў — самі бачылі як. І вось — Сітуацыя. Тралейбус, што вёз людзей у напрамку метро, доўгі такі, гармонікам, бездапаможна спыніўся на невялікім пад'ёме. Вадзіцель, маладая невысокая жанчынка, роспачна развяла рукамі, абышоўшы кругом, і адчыніла дзверы: выходзьце, маўляў. Пасажыры пачалі скакаць у снег, кіроўцы машын, якія трапілі ў затор, у лепшым выпадку маўчалі. Бедная «гаспадыня» тралейбуса ад раззлаваных мужыкоў чаго толькі пра сябе не пачула. Яна стаяла ля сваёй згорбленай машыны з вінаватым выглядам, нібы ўласнаручна закруціла ўсю гэту завіруху.

І тут з'явіўся таксіст. Зусім незнаёмы, выпадковы спадарожнік таго няшчаснага тралейбуса — ехаў па суседняй паласе і мог абсалютна спакойна працягваць свой шлях. Але ён выскачыў са свайго аўто і загадаў пасажырам тралейбуса вярнуцца ў салон. «Так, а цяпер усе сталі па цэнтры, дзе «гармонік», — ён гаварыў гэта з такой упэўненай сілай, што аслухацца было немагчыма. — А мужыкі — за мной: будзем штурхаць». І здарылася дзіва. Непаслухмяная машына натужна загула і — скранулася з месца. Пасажыры аж у ладкі запляскалі — нібы на самалёце ўдала прызямліліся. Усе хацелі падзякаваць неспадзяванаму выратавальніку, але ён махнуў рукой, кінуў штосьці кшталту «усе людзі — браты» і паехаў. Пэўна, спазніўся на выклік. Ці ўвогуле прапусціў. Страціў грошы, якія мог зарабіць. Дзеля таго, каб сорак чалавек не спазніліся на працу. Дзеля таго, каб прывабны жаночы твар, нават ніколі да гэтага не бачаны, не псаваў выраз роспачы і вінаватасці. Варта было? Па яго ўласным кодэксе гонару — варта.

А ўвечары пазваніў знаёмы, іншую гісторыю расказаў. Таксама Сітуацыя. Яму ў гэткую непагадзь давялося па неадкладных справах на сваім аўто ў райцэнтр ехаць, да якога кіламетраў трыццаць. Дарогу пачысцілі, але пад вечар зноў замяло, вялікай патрэбы зноў чысціць участак да іхняга пасёлка не было: рэйсавы аўтобус, хлебная ды паштовая машыны праехалі. Карацей, наш запознены герой на сваёй таёце ў гурбе кіламетры за тры ад роднай хаты і засеў. Добра, мабільны з сабой быў, пачаў ён суседу, у якога трактар свой, званіць. Прычым не проста суседу — сябру, з якім і на касьбу, і на рыбалку, і на ўсе святы разам — ды во, пару дзён назад Каляды спраўлялі ў адной хаце. На трактары — што там тую машыну за трос тузануць, дый ехаць — дзесяць хвілін. Сусед выручыў — прыехаў, выцягнуў. За пяцьсот тысяч беларускіх рублёў. Таксу абгаварыў адразу і толькі атрымаўшы згоду (не адразу — мой знаёмы хвілін колькі не мог сам сябе пераканаць, што «сябар» не жартуе), прыехаў. Грошы ўзяў спакойна, пералічыў, радасна кінуў: «Ну што, да заўтра». Тэст пройдзены. Вердыкт — вынесены. «Я з ім пасля гэтага толькі вітацца буду, — знаёмы, здаецца, дагэтуль ў стане лёгкага шоку. — Але ці зразумее ён, чаму?» Мне падаецца, наўрад ці.

Зіма ўвогуле падобныя Сітуацыі падкідвае часта. Не смяротна небяспечныя, але вельмі паказальныя, якія адразу падкажуць, хто ёсць хто, дзе сапраўднае, а дзе — фальшыўка. Зімой мы і нашы блізкія часцей хварэем, і адразу відаць, хто патэлефануе, хто адчыніць у хату дзверы, а каму абсалютна ўсё роўна, што ў цябе адбываецца. Зімой здараюцца такія вось завірухі і моцныя маразы, і тэст на сапраўднасць зноў спрацоўвае. Вясковыя людзі, якія жывуць у цеснай суполцы, гэта калі не ведаюць, дык адчуваюць дакладна. Таму там і сёння да кожнай хаты, дзе ёсць чалавек, пасля завеі пратаптаная сцежка — гэткі знак на снезе, што побач жывуць тыя, каму не ўсё роўна.

Неяк у другім класе, ідучы ў школу, мы з сяброўкай наладзілі скачкі ў снег — на старой глыбокай дарозе яго было намецена метры два. Была адліга, і ваша пакорная слуга, ускочыўшы амаль па пояс у рыхлую белую кашу, выбрацца ўжо не змагла. Чым больш я круцілася, спрабуючы выкараскацца, тым больш снег вакол падтаваў і тут жа замярзаў, і я праз колькі хвілін была ўжо ў сапраўдным ледзяным палоне, які нашы тонкія пальчыкі нават парушыць не маглі... Светка з лямантам панеслася клікаць на дапамогу маю бабулю (былі мы за вёскай, да нашай хаты — добры кіламетр). Мароз мацнеў, лёд вакол ног цвярдзеў. Бабулі было амаль восемдзесят...

Мяне выратавалі зусім чужыя людзі — цётка Кадлубовічыха і бабуля Сеўручыха, яны жылі бліжэй за ўсіх ад той дарогі. Я памятаю, як яны беглі — на хаду завязваючы хусткі, у незашпіленых бурках. Як голымі чырвонымі рукамі дралі той зацвярдзелы снег, як хукалі на мае змерзлыя пальцы, як шапталі: «Не плач, Алёнка, не плач, зараз, зараз»...

Мінула больш за трыццаць гадоў, бабулі Сеўручыхі ўжо даўно няма ў жывых, цётцы Ніне Кадлубовіч дай Бог здароўя і доўгіх год. Калі здараецца вось такая непагадзь ці іншая Сітуацыя, калі людзі, ад якіх як ад нікога, чакаеш спагады і дапамогі, раўнадушна праходзяць міма, я часта ўспамінаю той выпадак. Як жанчыны дралі голымі адубелымі рукамі той калючы шарпак, ратуючы малую дурніцу, якая ім нават і не суседка...

Тэст на сапраўднасць мы праходзім, часта нават не здагадваючыся пра гэта. Што з таго? Пасля будзе — па справах і ўчынках нашых. Я асабіста ў гэта веру.

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?