Вы тут

Самы буйны пелікан прапісаўся ў нас!


Прадстаўнікі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) паведамілі аб выяўленні ў Беларусі новага віду птушак. Так, на Чыгірынскім вадасховішчы ў Магілёўскай вобласці знайшлі кучаравага пелікана, першага ў краіне за апошнія 150 гадоў.


Спецыялісты АПБ адзначаюць, што ружовых пеліканаў назіраюць у Беларусі прыкладна раз у два гады. Адна маладая асобіна ў 2014 годзе правяла паўгода пад Мінскам на рыбгасе «Волма». Нядаўна з'яўлялася паведамленне аб новай сустрэчы пелікана ў нашай краіне. Арнітолагі і бердвотчары з трымценнем разглядалі першыя фатаграфіі ад звычайных аматараў прыроды: а раптам кучаравы? Справа ў тым, што ў Еўропе гняздуецца два віды пеліканаў, аднак кучаравага ў Беларусі не бачылі ні разу за амаль 150 гадоў развіцця арніталогіі з часоў графа Канстанціна Тызенгаўза. Цяпер сітуацыя змянілася: ёсць кучаравы!

Лавілі рыбу, а «знайшлі» новую птушку

Гісторыя адкрыцця кучаравага пелікана ў Беларусі празаічная і цікавая адначасова: рыбалоў Аляксандр Разіна размясціў у Facebook фатаграфію птушкі. Здымак быў зроблены 10 студзеня каля Чыгірынскага вадасховішча на мяжы Кіраўскага і Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці падчас спаборніцтваў па лоўлі на мармышку. Як распавядае Аляксандр, у той дзень птушку бачылі больш за 40 чалавек, удзельнікаў спаборніцтваў. Ніхто не падазраваў, што перад імі — новы для Беларусі від птушак.

Важнасць моманту крыху пазней ацанілі знаўцы не рыб, а птушак. Арнітолагі разгледзелі на фота адкрыццё. Сумненняў не было: здымак якасны, і на ім — кучаравы пелікан, новая для краіны птушка.

Афіцыйная рэгістрацыя адкрыцця

Літаральна на наступны дзень (12 студзеня) пасля з'яўлення ў сеціве аматарскай фатаграфіі, група арнітолагаў АПБ і НАН Беларусі адправілася на пошукі пелікана. Нягледзячы на складанае надвор'е, спецыялісты знайшлі птушку і пацвердзілі: дарослая асобіна кучаравага пелікана плавае на вызваленым ад лёду ўчастку ракі Друць ніжэй Чыгірынскага вадасховішча. Пелікан свабодна плаваў, а потым і адпачываў на беразе.

Сустрэча з пеліканам прыпала на разгар цыклону Даніэла, бо ў аўторак увесь дзень ішоў то дождж, то снег. Пелікан устойліва пераносіў сюрпрызы беларускай зімы: ніякай аслабленасці ў птушкі арнітолагі не заўважылі.

Кучаравы ў нас не замерзне

Цяпер у экспертаў застаецца самае цікавае пытанне: адкуль у нас пелікан?

— Дзе птушка была да лёсавызначальнай фотасесіі 11 студзеня 2016 года, адназначна сказаць нельга. Часам падчас міграцыі птушкі выбіраюць няправільны накірунак. Магчыма, кучаравы пелікан зімаваў у суседняй краіне і нядаўна вырашыў памяняць прапіску. Паводле расказаў рыбаловаў, за дзень да фота адкрытай вады на Чыгірынцы не было, — адзначае дырэктар АПБ, арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі і супакойвае ўсіх, хто перажывае за кучаравага прыгажуна падчас суровай беларускай зімы:
— Паводле інфармацыі грузінскіх арнітолагаў, пеліканы на Каўказе застаюцца ў месцах гнездавання нават пры тэмпературы мінус 15 градусаў. І якраз кучаравыя пеліканы асабліва марозаўстойлівыя. Так што перажываць за нашага першага пелікана не трэба.

А мне асабіста здаецца, што на фота С. Левага (АПБ) дакладна бачна, як гэтаму пелікану падабаецца наша краіна, дзе дастаткова азёр і рэк (чытай — рыбы). А па ганарлівай выправе птушкі можна здагадацца, што гэта не проста падарожнік, а сапраўдны разведчык новых рыбных тэрыторый. А зімы ў нас апошнім часам цёплыя.

Ёсць 326-ы від

Сёння ў спісе птушак Беларусі 325 відаў. Пасля пасяджэння БАФК (Беларускай арнітафаўністычнай камісіі) спіс папоўніць кучаравы пелікан. У апошні раз новы для Беларусі від птушак — пеначку-зарнічку — адкрыў арнітолаг Дзяніс Кіцель у верасні 2014 года.

У АПБ нам нагадалі, што летась кучаравыя пеліканы былі адзначаны ў сакавіку — у Германіі, у сакавіку і жніўні — у Польшчы, у маі і ліпені — у Літве. Гэта тыя краіны, дзе кучаравы пелікан, як і ў нас, з'яўляецца залётным і сустракаецца вельмі рэдка, часцей за ўсё выпадкова.

Кучаравы пелікан — самы буйны від сярод пеліканаў і адзін з самых буйных (цяжкіх) птушак, якія лётаюць, на планеце. Размах крылаў у гэтага віду можа дасягаць 345 сантыметраў. Таму асобныя арнітолагі называюць гэту салідную птушку крылатым танкам.

Даведка: кучаравы пелікан занесены ў Міжнародны чырвоны спіс як уразлівы від, яго колькасць ацэньваецца ўсяго ў 4000—5000 пар. Бліжэйшыя да Беларусі калоніі гэтых птушак знаходзяцца ў дэльце Дуная і на ўзбярэжжы Азоўскага мора.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.