Вы тут

Каму ў нас плацяць тысячу долараў і больш?


Пра вялікі попыт на праграмістаў і іх добрыя заробкі мы чулі ўжо шмат разоў. Але ж не ўсім быць айцішнікамі. Хочацца верыць, што годныя прапановы ёсць для розных прафесій. Мы прааналізавалі вакансіі на нашым рынку працы і патрабаванні да кандыдатаў. Канстатуем: месцаў за тысячу долараў мала, але, калі вы маеце вопыт і валодаеце замежнай мовай, зможаце іх заняць.


Лепш бы ў лётчыкі пайшоў...

У якой галіне больш шанцаў на высокі заробак? Згодна з інфармацыяй Нацыянальнага статыстычнага камітэта, лепш за ўсё аплачваецца праца ў сферы паветранага транспарту. Сярэднямесячны прыбытак спецыялістаў там — 16 мільёнаў рублёў. Добра атрымліваюць і ў асобных галінах прамысловасці. Тыя, хто заняты на вытворчасці коксу, нафтапрадуктаў і ядзерных матэрыялаў, маюць у сярэднім па 12,8 мільёна, на хімічнай вытворчасці і здабычы паліўна-энергетычных карысных выкапняў плацяць па 11,9 мільёна.

Нядрэнны прыбытак абяцае праца, звязаная з фінансамі і нерухомасцю. Так, фінансавы пасярэднік зарабляе 11,5 мільёна ў месяц, а агент па нерухомасці — 10,5.

Эксперты адзначаюць: высокія заробкі часцей за ўсё прапануюць прадстаўніцтвы вядомых замежных фірм. Або айчынныя буйныя паспяховыя кампаніі. Па рэйтынгу, складзеным Міністэрствам фінансаў, найбольш прыбытковай ААТ з'яўляецца «Беларуськалій». У тройцы таксама «Газпрам трансгаз» і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. У дзясятцы патэнцыйна перспектыўных месцаў працы сярод іншых апынуліся Банк развіцця, прадпрыемства «Пеленг», якое займаецца оптыка-электронным прыборабудаваннем, Пінскі камбінат хлебапрадуктаў.

Калі глядзець па прапановах, то, сапраўды, шмат залежыць ад наймальніка. Асобныя кампаніі нават кладаўшчыку гатовы выдаваць па 30 мільёнаў у месяц.

Траціна прывабных вакансій — дырэктарскія

— Сёння, з прычыны крызісу, заробкі, натуральна, крыху ўпалі і вакансій, дзе прапаноўваецца больш за тысячу долараў, не так шмат, — кажа дырэктар кансалтынгавай кампаніі «Квадрат» Святлана КАРАСЦЯЛЁВА. — Столькі плацяць, напрыклад, за месцы ўсіх узроўняў і тыпаў дырэктараў: генеральны, выканаўчы, камерцыйны, тэхнічны, па вытворчасці, па маркетынгу, па персанале.

У Агульнарэспубліканскім банку вакансій ёсць каля 50 прапаноў з заробкам у тысячу долараў і вышэй (усяго 0,3 працэнта ад агульнай колькасці заяўленых свабодных месцаў). І амаль траціна з іх — вакансіі дырэктараў. Патрабуецца, напрыклад, кіраўнік спартыўнага комплексу. Цана пытання — 25 мільёнаў. Але каб заняць гэта месца, вы мусіце напрацаваць вопыт у сферы аказання аздараўленчых і забаўляльных паслуг, не меншы за 10 гадоў, і ведаць англійскую, нямецкую і літоўскую мовы. Шукаюць дырэктара ў Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», кандыдату абяцаюць 40 мільёнаў. А за 55 мільёнаў можна ўзначаліць прыбалтыйскую інвестыцыйную кампанію. З неабходнага — вышэйшая будаўнічая ці інжынерная адукацыя, дзесяцігадовы вопыт і валоданне англійскай і літоўскай мовамі.

Вышэй за тысячу долараў аплачваецца праца галоўнага бухгалтара, маркетолага-аналітыка, менеджара па продажах. У апошніх спецыялістаў фіксаваная частка заробка — у асноўным 30 працэнтаў ад агульнага прыбытку. Вялікая сума набягае за кошт працэнтаў. Таму на пазначаныя ў вакансіі мільёны могуць разлічваць толькі паспяховыя прадаўцы.

Шчодрыя прапановы ёсць і для інжынераў (асабліва для начальнікаў аддзелаў і кіраўнікоў праектаў). Так, спецыяліст патрэбен на Аршанскі авіярамонтны завод. Абяцаюць 20 мільёнаў у месяц. Ці можна паспрабаваць уладкавацца ў кампанію, якая пастаўляе абсталяванне для нафтагазавай галіны, ЖКГ, металургіі. Калі свабодна валодаеце польскай мовай і разбіраецеся ў польскай тэхніцы, месца за 54 мільёны ваша.

Па астатніх прафесіях высокааплатных прапаноў не так шмат. Але сустракаюцца. Шукаюць, напрыклад, кухара, які за 20 мільёнаў у месяц будзе радаваць гасцей установы рознымі прысмакамі. Праўда, для гэтай вакансіі неабходны пяцігадовы кандытарскі вопыт у Італіі і добрае веданне англійскай і італьянскай моў.

Часта звальняешся? Ненадзейны спецыяліст

Знайсці прывабную вакансію, кажуць спецыялісты па кадрах, не праблема. Праблема — самому ёй адпавядаць. Якім мусіць быць кандыдат, каб прэтэндаваць на тысячу долараў у месяц і больш? Абавязкова — вышэйшая адукацыя. Пажадана атрыманая ў дзяржаўнай ВНУ ці добрым прыватным універсітэце, дыплом якога мае вагу на рынку працы. Неабходна таксама бізнес-адукацыя (атрымліваць яе варта адзін-два разы на год). Пастаяннае павышэнне кваліфікацыі павінна быць пацверджана сертыфікатамі бізнес-школ ці курсаў. У кадравых агенцтвах ведаюць, чаму якая школа вучыць, па якой методыцы. Каб праверыць, ці не хлусіць саіскальнік, пытаюцца ўсё, нават імя выкладчыка.

Распаўсюджанае патрабаванне — веданне замежнай мовы. У 90 працэнтах гэта англійская. Яе ў прынцыпе дастаткова, каб заняць высокую пасаду практычна ў любой кампаніі.

Акрамя пералічанага, павінен быць вопыт працы — мінімум тры гады на кожным месцы. Сёння большасць кандыдатаў часта мяняюць месцы, раз на год, на паўгода. Такія саіскальнікі першапачаткова не могуць прэтэндаваць на высокія заработныя платы, паколькі ствараюць уражанне ненадзейных спецыялістаў. Наймальнік аддасць перавагу таму, хто працаваў больш стабільна. Натуральна патрэбен вопыт па той спецыяльнасці, на якую чалавек прэтэндуе. Нельга прыйсці з рознічнага гандлю на вытворчае прадпрыемства і заняць аналагічную пасаду.

— У нас па ўсіх гэтых крытэрыях вельмі мала людзей, — каментуе Святлана Карасцялёва. — Заўсёды штосьці не супадае. Да таго ж у кожнай вакансіі ёсць нейкае вузкае месца. У чалавека з шасці неабходных якасцяў будзе пяць — яго ўжо не возьмуць. Вядома, ёсць яшчэ шэраг іншых пажаданняў, якія не прапісваюцца ў аб'яве. Некаторыя арганізацыі, напрыклад, падбіраюць супрацоўнікаў па адпаведнасці карпаратыўнай культуры, дрэс-коду. Ці нельга, скажам, паліць у кампаніі. Шмат дробных дэталяў, якія працадаўца па сакрэце нам выкладае і якіх мы мусім па максімуме прытрымлівацца.

Чаму прывабныя месцы пустуюць?

Чым вышэй заробак, тым складаней знайсці спецыяліста. З нядаўняга: замежная кампанія, якая займаецца алгарытмічным гандлем (гэта продаж акцый і каштоўных папер з выкарыстаннем камп'ютарных робатаў), адкрывала сваё прадстаўніцтва ў Мінску. Шукала для гэтага офіса дырэктара. Прапаноўвалі 10—12 тысяч долараў, але там былі шалёныя патрабаванні. Кандыдат мусіў свабодна валодаць замежнай мовай, мець адукацыю і вопыт працы на стыку дырэктара айці-кампаніі і фірмы, якая займаецца фінансамі. Неабходна было ведаць, як пішацца алгарытм, па якім вылічваецца найбольш аптымальны і высокапрыбытковы продаж акцый. Ахвотных была вялікая колькасць, але некаторыя не маглі зразумець, што ад іх патрабуецца. У выніку на пасаду запрасілі еўрапейца (на Захадзе гэта галіна больш вядомая).

Высокааплатныя вакансіі, асабліва на месцы дырэктараў, пустуюць і з іншых прычын. Саіскальнікі з добрай кваліфікацыяй ацэньваюць сваю працу значна вышэй, чым гатовы плаціць наймальнік. Фінансаваму дырэктару з веданнем англійскай мовы прапаноўваюць, напрыклад, заробак у раёне дзвюх тысяч долараў, а кандыдаты менш за тры з паловай не разглядаюць.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі Бужан

Загаловак у газеце: 20 мільёнаў — кухару, 55 — дырэктару

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».