Хто ёсць хто


...Не ведаю, як жанчыны, а мужыкі, сабраўшыся разам, любяць паўспамінаць сваю маладосць, асабліва службу ў войску. Мне цікава паслухаць іх — можна пра нешта даведацца, можна пасмяяцца. Вось надоечы, напрыклад, адзін знаёмы расказваў...

Зрэшты, яго гісторыю можна з анекдота пачаць. Прапаршчык аддае загад салдатам: маўляў, будзеце капаць ад плота да абеду, з рыдлёўкамі я дамоўлюся.

І паспрабуй хто з салдат пасмяяцца з такога начальніка, паспрабуй не паслухацца — бяды не абярэшся: камандзір!

Прыкладна такі ж хамут ці бязмен (каб не казаць дурань) трапіўся майму знаёмцу і двум землякам, што прызываліся разам. Прозвішча ў аднаго з іх было Козел, у другога — Комар (абодва — з націскам на «о», на першы склад).

І вось пачалася служба. Рота сувязі. Першая вячэрняя пераклічка.

(Для тых, хто не ведае, патлумачу, што падчас яе дзяжурны камандзір уголас чытае прозвішчы салдат, і кожны з іх на гэты выклік павінен адгукнуцца кароткім: «Я!». Калі некага ў страі няма, то за яго адказвае іншы. Кшталту: «Радавы Іваноў знаходзіцца ў каравуле»...)

Першую пераклічку праводзіў той самы прапаршчык. Як і належыць, у алфавітным парадку, ён стаў называць прозвішчы. Дайшоў да літары «к». Прамовіў:

— Казёл...

Салдату гэта, вядома ж, не спадабалася:

— Не Казёл, а Козел — паправіў ён.

Камандзір паглядзеў на яго, але ў адказ не сказаў нічога. І пачаў пераклічку спачатку, з літары «а».

Зноў дайшоў да прозвішча Козел, зноў прамовіў яго не так. Хлопец яшчэ раз паправіў...

Салдаты тым часам сталі абурацца, незадаволена шумець, бо за дзень натаміліся — дачакацца не могуць каманды «адбой», каб хутчэй галаву да падушкі...

Карацей, калі чарговы раз прапаршчык назваў прозвішча «Казёл», салдат яму пярэчыць не стаў, гучна вымавіў: «Я!», і пераклічка пайшла далей, туды, дзе ў спісе быў... Правільна — Комар. Але ж...

— Камар! — гучна прачытаў прапаршчык.

«Перастаўляць» націск гэты навабранец не ўзяўся. Ён адразу выгукнуў: «Я!»

...Потым пачаліся звычайныя салдацкія будні, і ўсё ў той роце ўтрэслася: разабраліся людзі, хто ёсць хто. Але ж у першы вечар таварыш прапаршчык, што называецца, «крыві папіў» — даў зразумець маладым, што ён хоць і дзясяты з зоркамі на пагонах пасля генерала, але ж — камандзір.

Ці... казёл?

Валерый ГАЎРЫШ, г. Чавусы


Удоі — ёсць... А надоі?

Гэта, кажуць, сапраўды было: да аднаго даяра са славутых Аўцюкоў журналістаў «панаехала», сталі распытваць, як ён сваю прафесію выбраў, як па надоях жанчын абышоў, ці добра зарабляе, ці вялікая сям'я?.. Стаханавец нічога не ўтойваў.

Але ж неяк і сам адважыўся. Кажа: «А ў мяне да вас таксама пытанне ёсць — чыста ваша, філалагічнае. От скажыце мне, якая розніца паміж надоямі і ўдоямі? Чаму першыя заўсёды большыя?»

Разгубіліся журналісты: здаецца, і адукаваныя, і дасведчаныя, а адказаць нічога не могуць — не ведаюць...

Аўцюк сам тады патлумачыў: у слове надоі змяшчаецца кароткае «надо». А калі ёсць загад, дык будуць і прыпіскі.

...Трэба сказаць, што здараюцца яны не толькі пад прымусам, не толькі з нейкіх карыслівых мэтаў — каб выслужыцца, каб разбагацець. Мой прыяцель Васіль Іванавіч расказваў, што заняўся імі, так бы мовіць, з хуліганскіх матываў, чыста выпадкова. Было гэта... не так важна, калі, не так важна, дзе (бо ўсе героі, дзякуй Богу, жывыя і могуць пакрыўдзіцца) — факт, што намеснікам старшыні ў райвыканкаме працаваў сапраўдны «жаваранак». Гэта значыць, што і сам чалавек не спаў, і іншым не даваў: у галаву штось стрэліць, — нараду на сем гадзін раніцы скліча. А да горада ж яшчэ дабрацца трэба — асабліва з гаспадарак аддаленых...

Але ж неяк раз у панядзелак кіраўнікі паз'язджаліся, пазаймалі крэслы — пераважна далей ад начальства, і крыху расслабіліся, бо «расклад» ім добра вядомы быў: спачатку — хвілін на 30-40 — традыцыйны разнос, толькі потым — «разбор палётаў».

Адзін з кіраўнікоў (назавём яго Пятровічам) напярэдадні брата жаніў, на вяселлі гуляў: натупаўся, бедны, можа, недаспаў, можа, лішку на грудзі ўзяў. А тут нарэшце ўсеўся, ногі выцягнуў, галаву цяжкую кулакамі падпёр...

Карацей — задрамаў чалавек. Але ж паперы на ўсялякі выпадак перад сабою паклаў. І на верхняй якраз надоі былі — за апошні тыдзень, па кожнай ферме.

«Шрыфт» у той «зводцы» буйны... Лічбы ад рукі напісаны і таксама буйна... Трэба разумець, нехта з падначаленых пастараўся, каб дырэктар, калі што, мог як быццам на памяць гаварыць...

Хто ж ведаў, што побач з ім мой Васіль Іванавіч сядзе, што ён — яшчэ той гумарыст — ад няма чаго рабіць прыкіне, што ў «дзірачках», дзе надоі пазначаны, можа яшчэ адна лічба змясціцца...

Ну і падцягнуў той ліст, ну і прыпісаў...

А тым часам «разнос» з боку «жаваранка» ўжо завяршыся, пачаўся «разбор палётаў» і якраз жа з Пятровіча, з учарашняга вясельніка!

Той уміг схамянуўся, падхапіўся з крэсла, і, кінуўшы вокам у свае паперы, сказаў, што гаспадарка яго ў апошні тыдзень спрацавала нядрэнна, што на комплексе Навасёлкі ад адной каровы надаілі ў суткі... 147 літраў малака.

У зале павісла цішыня.

— Вы соображаете, что говорите? — перапынілі выступоўцу з «прэзідыума».

— Ды ён учора «саабражаў», — зазначыў нехта з калег.

Але ж вясельніка гэты дыялог не збянтэжыў, ён найперш у паперу глядзеў і гнуў сваё. Кшталту: на комплексе Старынкі ад адной каровы надаілі за суткі 132 літры...

Толькі пасля гэтай лічбы дырэктар сцяміў, што ў «дакуменце» нешта не так: — відаць, косачкі не хапае? Ці лічба лішняя?..

Карацей, у выяўленых прыпісках яго віны, можна сказаць, не было, але ж на арэхі ён зарабіў. І нават атрымаў...

Потым, вядома ж, «адважыў» крыху «гумарысту». Але гэта не галоўнае. Галоўнае, што пасля той нарады ці не ўсе кіраўнікі гаспадарак за мэту ўзялі — надаіць ад кожнай каровы, «як Пятровіч пасля вяселля».

А калі ёсць слова «надо», то, як кажуць у Аўцюках, будуць і надоі...

В. МАРОЗІК, Мінскі раён


Паляўнічае шчасце

...Вечар абяцаў быць добрым. Загадзя, яшчэ на ганку, Васіль абмёў валёнкі, пастукаў нагой аб нагу і пераступіў парог кухні. У нос адразу ж палезлі пахі — жонка шчыравала ля печы, гатуючы прысмакі да навагодняга стала. І мела з чаго: надоечы яны завалілі «парсючка» пудоў на дванаццаць. Так што ў сенцах ужо стаяў націснуты сальцісон, на жэрдачцы ля печы віселі «пальцам піханыя» каўбасы, а на прыпеку сквірчэла крывянка.

Гаспадар зняў абутак, распрануўся, прысеў да стала і зглынуў слінку: жонка на відавок паставіла слоікі з памідорамі, з агуркамі і грыбамі, з квашанай капусткай.

На вуліцы між тым шарэла, з горада вось-вось павінны былі пад'ехаць дзеці — Галя з Іванам і Жэнік з Тамарай — прывезці да старых унукаў. Васіль, прадчуваючы добрую бяседу (а чарыцу кульнуць ён любіў), млява адкінуўся на спінку крэсла і ў чаканні прыплюшчыў вочы...

Але ж пільнасці пры гэтым не страціў — пачуў, як рыпнулі ўваходныя дзверы, як у хату ўваліўся Федзік, сусед:

— Сядзіш, — выгукнуў ён з парога, — а па тваім гародчыку заяц пятляе!

Дзе і дрымота Васілёва дзелася: ён тут жа ўсхапіўся з месца, сарваў са сцяны дубальтоўку, загнаў у ствол два патроны і басанож выскачыў з кухні. Яшчэ ў верандзе (не будзь то паляўнічы!) праз шыбу згледзеў, што ў гародзе ля маладзенькай яблынькі і насамрэч варушыцца белы «клубок». «Заяц, паскуда, — ласуецца карой... Дык жа не, не будзе гэтага!» — падумаў Васіль.

— Страляй! Не марудзь! — пад руку яму загадаў сусед.

Гаспадар прыцэліўся і бабахнуў. «Клубок» падскочыў, з паўметра «пракаціўся» і ўпаў.

— Ёсць! — крыкнуў Федзік, паціраючы рукі. — Зараз асвяжуем... Паваліла табе, сусед! Ой паваліла: надоечы, бач, кабана разбіраў, сёння — зайца.

— Ды каб ён спрах, твой заяц! — злосна плюнуў Васіль, кінуўшы ў кут дубальтоўку.

— Гэта чаму ж? — вылупіў вочы Федзік.

— «Паваліла...», «Асвяжуем...» — задражніў яго сусед. — Толку што?

— Дык жа гэта... Мяса...

— На панюшку хіба... На тры капейкі... Я ж у ствале заначку ад жонкі хаваў! Сто тысяч — адным выстралам!

...Што і казаць, дарагаваты ён атрымаўся.

Таццяна КУЗЬМІЧ, г. Віцебск

dounar@zviazda.by

Ад яе ж. Як сведчыць зваротная сувязь, ідэю конкурсу на найлепшую «вясёлую і праўдзівую гісторыю» чытачы падтрымалі: асобныя адразу ж заселі нешта пісаць, асобныя — тут жа «ўступілі» ў журы...

Зазначым, што справа гэта цалкам добраахвотная. Гэта значыць, кожны з чытачоў (і той, хто піша нам, і той, хто не піша...) можа, калі хоча, ацэньваць іншых. Трэба для гэтага зусім не шмат: уважліва чытаць усе надрукаваныя байкі (першая падборка выйшла ў нумары за 9 студзеня), ля кожнай з іх ставіць сваю адзнаку па пяцібальнай сістэме і складваць у нейкую шуфляду, каб потым, напрыканцы снежня, дастаць усе выразкі (ці нумары газет); нешта, магчыма, яшчэ раз прачытаць, а потым, выбраўшы дзесяць найлепшых гісторый, спіс іх — з датай надрукавання — даслаць у рэдакцыю. Дзе тым часам ужо распачало сваю працу журы звяздоўскае. Узначальвае яго першы намеснік галоўнага рэдактара газеты Наталля Карпенка. У склад журы, апроч вядучай рубрыкі, увайшлі рэдактар аддзела Надзея Дрыла і спецыяльны карэспандэнт Яраслаў Лыскавец. (Усе, заўважым, з пачуццём гумару.)

Старшынёй чытацкага журы выбрана пастаянная падпісчыца і вядомая чытачам гумарыстка Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна.

Такім чынам, журы ў конкурсу ёсць, гісторыі (як і спонсары), спадзяёмся, будуць, бо нам жа і сапраўды

Наракаць на штосьці грэх,

Жыцьмем па-раскошнаму:

Мы багатыя на смех,

Смеху хопіць кожнаму!

Звяздовец Яўген Пясецкі пісаў так, праўда, пра снег — падчас цыклону...

Але ж смех тут таксама да месца. Ці не так?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?