Вы тут

Пакой, у якім можна застацца сам-насам з сабой


Памятаеце іранічны шэдэўр «Чатыры пакоі» Квенціна Таранціна? А цяпер уявіце сябе яго галоўным героем! Мастацкая галерэя — не абавязкова доўгія калідоры з аднатоннымі сценамі. Выставачную прастору лёгка ператварыць у дом з мноствам бытавых памяшканняў, інтэр'ер якіх, між іншым, не пазбаўлены рамантыкі, гумару і арыгінальнасці.


Карціны, аказваецца, можна павесіць на кухні па суседстве з пыльнымі талеркамі, старажытнага выгляду лыжкамі, сумным чайнікам і... драпежнымі прусакамі. У наступнай зале, названай спальняй, насупраць ложка і раскіданых па падлозе ў парыве запалу пёраў, размясціць фотаздымкі мастакоў у пацешных і смелых ракурсах. А дзіцячы пакой аздобіць лялькамі, з тулава якіх вырастаюць дрэвы... Зрэшты, на выставе Ганны Сілівончык і Васіля Пешкуна «Таемны пакой», якая праходзіць у Цэнтры сучасных мастацтваў, наогул няма нічога звыклага. Ну ці амаль няма.

«Па­п'ем гар­ба­ты?»  Ган­ны Сі­лі­вон­чык.

У цёмным падвале, у які ператварылася чарговая прастора вернісажу, немагчыма зрабіць і кроку без ліхтарыка. У бібліятэцы можна ўбачыць, як з кніг проста да гледачоў выходзяць чалавечыя фігуры, а ў гардэробе сустрэць даму, сканструяваную з сукенак, якая, як відаць, так і не здолела выбраць сабе ўбор, страціўшы... галаву... У аранжарэі з падлогі расце яблычнае дрэва, а па канапе раскіданыя... не, не семкі, а вочы. Чалавечыя. Не пужайцеся — гэта ўсяго толькі іронія. Артаб'екты — такая ж частка экспазіцыі, як і карціны.

Чаму выстава атрымала назву «Таемны пакой»? Па словах саміх мастакоў, гэта куток, дзе кожны можа застацца сам-насам са сваімі думкамі — ці то змрочная камора перажыванняў і страхаў, ці то крыніца жыццёвага гумару і ўспамінаў. А можа быць, выхад у іншую рэальнасць? Або дзверы ў падсвядомасць? Ключы да разгадак — індывідуальныя для кожнага наведвальніка.

Цікава, што стылі ў Ганны Сілівончык і Васіля Пешкуна вельмі розныя. Тым не менш на сумесным вернісажы яны выглядаюць гарманічна. Дапаўняюць адно аднаго. Ганна аддае перавагу метафарам, казачнасці, шматлікім гіпербалам і алюзіям. З яе карцін глядзіць прынцэса вышынёй з вежу, на галаве ў якой не валасы, а поле бою для сапраўдных рыцараў; гіганцкі кубак-вадаём з чалавечым тварам; мужчына, што лётае над дамамі ў зарыве аблокаў, павесіўшыся на звязцы паветраных шарыкаў (удалая адсылка да рамана Мілана Кундэры «Невыносная лёгкасць быцця»).

У Ганны Сілівончык мноства эратычных матываў: мужчын і жанчын, пераплеценых у любоўным экстазе, аголенай натуры. А чаго саромецца? Творчасць бязмежная. Тым больш калі ўсё пададзена тонка і непасрэдна.

«Царк­ва на Ня­мі­зе» Ва­сі­ля Пеш­ку­на.

Васіль Пешкун, наадварот, майстар рэалізму, сакавітых сонечных пейзажаў. У яго нават зімовы вечар, які апускаецца на сціплую вёсачку, выглядае святочна і ярка. А ёсць яшчэ майская раніца, лістападаўскі дзень у скверыку каля опернага тэатра, царква на Нямізе, дзе любяць гуляць закаханыя... Разам мастакі прапануюць кожнаму разгадаць таямніцу сваёй душы, а заадно — абудзіць у сабе творцу.

Загаловак у газеце: Дом ля­та­ю­чых сэн­саў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.