Вы тут

Колькі ў небе зор


Шчаслівы лёс склаўся ў песні «Колькі ў небе зор» Аляксандра Шыдлоўскага. Адразу пасля выканання самадзейнымі артыстамі Палаца культуры Мінскага трактарнага завода яе заспявала ўся краіна. Песня гучала натхнёна як на сцэне, так і на сямейнай бяседзе, выступала шчырым прызнаннем, даверлівай згодай. Яе палюбілі дарослыя і моладзь, упадабалі дзяўчаты і хлопцы.


Верш і музыка Аляксандра Шыдлоўскага

Колькі ў небе зор — цяжка палічыць,

Толькі з іх адна найярчэй гарыць.

Гэта ты мая, зорка ясная,

Ты любоў мая непагасная.

Ў працы і ў жыцці добра нам з табой,

Марыць і любіць з песняй маладой,

Сонца і вясна, навокал прастор —

Шчасця больш у нас, як у небе зор.

Край шырокі наш, мірны, дарагі,

І бягуць у даль светлыя шляхі.

Мне з табой па іх хочацца ісці

І дзяліць усё разам у жыцці.

Песня «Колькі ў небе зор» адлюстравала настрой і творчы ўздым савецкіх людзей, якія ў 60-я гады мінулага стагоддзя імкнуліся ўдарнай працай і чулліва-клапатлівымі ўзаемаадносінамі зрабіць родны край шчаслівым. І аўтар песні — Аляксандр Шыдлоўскі, тагачасны дырэктар Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці — здолеў праз асабістае ўспрыманне рэчаіснасці, свае пачуцці да жонкі Варвары Яфімаўны (у дзявоцтве Ігнацюк), з якой разам пачынаў творчы шлях у Ансамблі песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы, вальсавай мелодыяй і выразнымі мастацка-вобразнымі параўнаннямі перадаць мары і духоўныя памкненні сваіх равеснікаў.

Тэкст песні вылучаецца адметным развіццём. У другой страфе выказваецца самае запаветнае — жыццёвае крэда. Любоў і каханне, праца і песня ў гарманічнай лучнасці з прыродай складаюць сэнс жыцця. І сцверджанне «Шчасця больш у нас, як на небе зор» гучыць не як мастацкі прыём ці перабольшванне. Гэта сапраўды так! Шчасце — гэта адчуванне чалавекам гармоніі свайго існавання. У штодзённасці мы атрымліваем безліч шчаслівых імгненняў, момантаў, якія застаюцца па-за нашай увагаю. Хіба не шчаслівыя мы, калі нашы пачуцці і думкі разгортваюцца ў суладдзі з нашым агульным станам? Якая радасць ахінае нас, калі лад у сям'і, у калектыве, калі сумесныя задумы, планы ажыццяўляюцца, парады спраўджваюцца!

Шчаслівых хвілін у кожнага з нас зашмат. Варта толькі навучыцца адчуваць і заўважаць іх, радавацца ім і з чыстай душою дзяліцца сваімі радасцямі. І песня «Колькі ў небе зор» Аляксандра Шыдлоўскага дапамагае нам успрыняць і зразумець сутнасць асабістага, сямейнага, а таксама агульнага, усенароднага ШЧАСЦЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».