Вы тут

Ці справіцца «старая Еўропа» з новымі выклікамі?


Тое, што сёння адбываецца на еўрапейскім кантыненце, здзіўляе нечаканасцю і нават палохае. На розных франтах «бурліць» уся Еўропа, як, дарэчы, і амаль увесь свет. Калі гартаем штодзень вядучыя сусветныя выданні — Fіnancіal Tіmes, The Economіst, Washіngton Post, Іndependent — часам складваецца ўражанне, што разглядаеш сюжэты апакаліпсісу ў працах мастакоў-футуролагаў.


Асабліва ўражвае дынаміка падзей у Еўрапейскім саюзе. Неяк усе мы прызвычаіліся за доўгія гады імклівага і вельмі паспяховага развіцця інтэграцыйнага праекта ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, што ЕС — гэта тэрыторыя сацыяльнага, эканамічнага і палітычнага дабрабыту, стабільнасці. Праект быў настолькі ўдалым, што ўнутры і вакол яго нават узнікла амаль татальная эйфарыя. Памятаю, як у 2009 годзе, калі абмяркоўвалася Лісабонская дамова ЕС, на розных акадэмічных і экспертных пляцоўках Брытаніі, дзе я ў той час жыў, на ўсе крытычныя заўвагі можна было пачуць нешта кшталту «наш паравоз, наперад ляці». Маўляў, для ЕС больш няма невырашальных праблем.

Зразумела, што такі падыход рана ці позна прыводзіць да краху ілюзій. Зарэгуляванасць і забюракратызаванасць ЕС, якія ўвесь час толькі ўмацоўваліся, рабілі гэтае аб'яднанне ўсё менш паваротлівым і мабільным. Відавочнай станавілася так званая праблема «дэмакратычнага дэфіцыту» ў структурах аб'яднанай Еўропы. Шмат хто з экспертаў ужо даўно звяртаў увагу, што без сур'ёзных змен гэта раней ці пазней прывядзе да спынення развіцця і з'яўлення сістэмных праблем.

Але ж на фоне эйфарыі і ўкаранёнай звычкі думаць, што ўсё ў ЕС выдатна, канешне, цяжка зрабіць крок назад і паглядзець на рэчаіснасць больш крытычна. У такіх сітуацыях патрэбны нейкі званочак. Першы такі званочак з'явіўся ў выглядзе эканамічнага крызісу.

Пасля першапачатковага шоку і некаторых няўдалых крокаў, тым не менш паступова пайшоў прагрэс. На 2016 год эканамісты прагназавалі на прасторах адзінай Еўропы эканамічны рост у раёне 2%. Некаторае паляпшэнне сітуацыі і разам з ім станоўчыя перспектывы пачалі назірацца ў асобных краінах на поўдні Еўропы. У Іспаніі, напрыклад. Аслабленне еўра і адчувальнае зніжэнне цэн на нафту таксама выглядаюць спрыяльна з пункту гледжання эканамічнага росту ў Еўрасаюзе.

Але ж цяпер на парадак дня выйшлі праблемы, якія закранаюць куды больш фундаментальны еўрапейскі нерв і кідаюць выклік асновам ЕС і яго сістэмаўтваральным каштоўнасцям. Гаворка, перш за ўсё, пра міграцыйны крызіс.

Гэта самы сур'ёзны за ўвесь час існавання ЕС выклік яго адзінству і салідарнасці. Выклік цэнтральнаму еўрапейскаму прынцыпу «адзінства ў разнастайнасці», а разам з ім — і палітыцы мультыкультуралізму, якая доўгі час была (хай і не без праблем) адным з кіруючых прынцыпаў ЕС.

Сур'ёзнасць сітуацыі праяўляецца і ў першых спробах часова прыпыніць усеагульнае дзеянне Шэнгенскага пагаднення, якое забяспечвае поўную свабоду перамяшчэння ўнутры аб'яднанай Еўропы. І ў цяжкасцях дасягнення кампрамісу наконт размеркавання бежанцаў. Хоць і гэта вырашальныя праблемы: і фінансавыя магчымасці, і дэмаграфічныя абставіны, і, нарэшце, гуманістычныя традыцыі — усе гэтыя фактары дазвалялі б знайсці рашэнне ў рамках традыцыйных падыходаў ЕС.

Але ж пасля жудасных тэрактаў у Парыжы, надзвычайнага напружання з-за тэрарыстычнай пагрозы ў іншых еўрапейскіх гарадах, а таксама гісторый з масавымі сексуальнымі дамаганнямі ў Германіі і Швецыі становішча ўскладнілася як ніколі. У «старой Еўропе» зноў загаварылі пра пагрозу нацыяналізму і неанацызму.

Шмат хто з простых еўрапейцаў, а таксама палітычных эліт краін і інстытутаў ЕС сёння ў разгубленасці. Што і якім чынам рабіць на нацыянальных і агульнаеўрапейскім узроўнях? Як адказваць на прамыя пагрозы і на больш складаныя выклікі (напрыклад, магчымасць выхаду Вялікабрытаніі з ЕС ці Каталоніі са складу Іспаніі)?

І тут праблема не толькі і не столькі ў тым, якую дакладна стратэгію абраць сярод тых, што прапаноўваюць розныя палітычныя сілы і эксперты. Глыбінная праблема ў тым, што пасля дзесяцігоддзяў росту і дабрабыту такіх стратэгій якраз і няма.

Калі некаторыя партыі ці палітыкі сёння крычаць, што ведаюць, як вывесці свае краіны і ЕС з крызіснага становішча, то гэта лухта і голы папулізм.

Сітуацыя настолькі новая, незразумелая і да ўсяго яшчэ і дынамічная, што няма нават адпаведнай тэрміналогіі і кіраўнічых практык, каб да яе падыходзіць. Калі я слухаў у мінулым лістападзе выступы шматлікіх міністраў з краін ЕС, еўракамісараў і вядучых сусветных аналітыкаў на вялікай канферэнцыі ў Берліне, у мяне склалася адчуванне велізарнай разгубленасці і вакууму ідэй сярод тых, хто адказвае за стан ЕС.

Але ж не трэба быць занадта эмацыйнымі. Пры ўсёй складанасці становішча не варта спісваць «старую Еўропу» з рахунку. З гістарычнага пункту гледжання, тое, што сёння адбываецца, гэта ардынарная з'ява. Свет чарговым разам увайшоў у перыяд вялікай трансфармацыі, калі пад цяжарам шматлікіх супярэчнасцяў мяняецца сістэма міжнародных адносін. Гэта, у сваю чаргу, адбіваецца на глабальных і лакальных эканамічных працэсах, набывае сацыяльны характар.

Наперадзе — доўгія дыскусіі, цяжкі пошук аптымальных адказаў на новыя выклікі. Хутчэй за ўсё, і шматлікія памылкі, якіх Еўропа не зможа пазбегнуць і якія, верагодна, прывядуць да яшчэ больш драматычных наступстваў. Але ж я засцярог бы аматараў канспіралогій і проста сентыментальных людзей ад рознага кшталту фатальных прагнозаў. Велізарны гістарычны досвед «старой Еўропы», яе багатыя дэмакратычныя традыцыі і высокі культурны ўзровень абавязкова дазволяць зрабіць той самы крок назад і прыняць правільныя рашэнні.

А што сённяшняя еўрапейская і сусветная турбулентнасць азначае для Беларусі, як нашай краіне не проста захаваць сябе ў гэтыя надзвычай цяжкія часы, але ж выйсці з іх больш моцнай і канкурэнтаздольнай — паразважаем наступным разам.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.