Вы тут

Здымнае жыллё таннее на вачах


Цяпер нават пры мінімальнай прапанове на рынку арэнды Мінска існуе амаль нулявы попыт.

Мінулы год стаў даволі няпростым для тых, хто займаецца здачай кватэр у арэнду. З аднаго боку, у галоўным мегаполісе краіны рэзка знізіліся арэндныя стаўкі і, як следства, магчымасць зарабіць. З іншага — істотна патаннела сама нерухомасць, што прымусіла многіх арэндадаўцаў задумацца над продажам «лішняй» кватэры. Свежая статыстыка інтэрнэт-партала Realt.by пацвярджае асцярогі ўладальнікаў здымнага жылля — снежань аказаўся чарговым няпростым месяцам года.


Попыт з прапановай крочаць побач

Яшчэ з леташняй вясны на рынку доўгатэрміновай арэнды назіраецца памяншэнне прапановы. Паводле аддзела аналітыкі вышэйназванага партала, у снежні колькасць свабодных кватэр стала самай нізкай за апошнія 12 месяцаў. Агульная прапанова скарацілася за месяц на 7%, а ў гадавым вымярэннні зраўнялася з паказчыкам апошняга месяца 2014 года.

Збольшага рэзкае скарачэнне прапановы ў апошнім месяцы мінулага сезона можна растлумачыць навагоднімі і каляднымі святамі. Традыцыйна ў канцы года частка кватэр пераходзіць у сегмент пасутачнай арэнды, дзе ў гэты час можна зарабіць больш. Аднак тое, што прапанова здымных кватэр паступова скарачаецца, пакуль ніяк не адбіваецца на рынкавай сітуацыі, бо паралельна памяншаецца і колькасць тых, хто гатовы гэтыя кватэры здымаць. Паводле існуючай інфармацыі, па частаце пошуку арэнднага жылля ў сталіцы попыт у снежні быў адным з самых слабых у 2015-м.

З'явіліся аднапакаёўкі з цэннікам і да 200 долараў

Арэндныя стаўкі рухаюцца ўслед за дынамікай рэальных даходаў насельніцтва, якія ў доларавым эквіваленце працягваюць памяншацца ўжо год.

Як правіла, наступны пасля чарговага «скачка» курсу месяц ужо дэманструе больш адчувальнае зніжэнне коштаў. Так было ў студзені і верасні, але снежаньская дынаміка аказалася даволі незвычайнай. Дэвальвацыя рубля за першы зімовы месяц склала ўсяго 2,3% — даволі сярэдні вынік па мерках 2015 года. Тым не менш сярэднія стаўкі арэнды паказалі вельмі моцнае зніжэнне, супастаўнае з горшымі паказчыкамі снежня 2014-га. Такім чынам, у апошнім месяцы мінулага года склалася наступная сітуацыя, калі найбольш таннела арэнда менавіта маленькіх кватэр.

Так, сярэднія цэннікі арэнды аднапакаёвых кватэр у снежні склалі 229 долараў (зніжэнне да лістапада на 4,7%), па двухпакаёвых кватэрах — 303 долары (зніжэнне на 4,0%), а па трохпакаёвых — 391 долар (зніжэнне на 3,8%). Нагадаю, што тут прыведзены кошты арэнды ўвогуле па горадзе, аднак сярэднія стаўкі здымнага прыватнага жылля ў мікрараёнах Мінска выглядаюць крыху інакш. Напрыклад, менавіта ў снежні стандартныя аднапакаёвыя кватэры з «прапіскай» у Каменнай Горцы, старых дамах Зялёнага Луга, па Ангарскай, у Серабранцы, побач з Трактарным заводам і ў Шабанах трапілі ў дыяпазон арэнды да 200 долараў.

Аналітыкі рынку жыллёвай нерухомасці разгледзелі тэндэнцыі змянення сярэдніх ставак арэнды кватэр у Мінску за ўвесь мінулы год. Аказалася, што зніжэнне склала ад 31 да 35% у залежнасці ад тыпу кватэр. У параўнанні з продажам жылля арэнда кватэр таннела ў 1,5 раза хутчэй.

Інвестары ад нерухомасці засумавалі

Рэзкая карэкцыя сярэдніх ставак стала прычынай чарговага зніжэння прыбытковасці арэнды, лічаць аналітыкі партала. Так, у снежні сярэднерынкавы індэкс такой прыбытковасці апусціўся да адзнакі ў 5,5%, і гэта самае нізкае значэнне за апошнія
5 гадоў. Год таму індэкс даходнасці арэнды складаў 6,14%. У валютных дэпазітаў, з якімі звычайна параўноўваюць арэнду, падзенне было яшчэ больш значным: з «шальных» 8,3% у снежні 2014-га да 5% на сённяшні дзень. Як можна заўважыць, і арэнда, і валютныя дэпазіты пачынаюць 2016 год з даволі непрывабнымі паказчыкамі для патэнцыйных інвестараў.

На даходнасць арэнды паўплывае і «новая» камуналка

На рынку здымнага жылля ёсць кватэры, якія пры ўмове пастаяннай занятасці будуць прыносіць іх ўладальнікам нядрэнныя дывідэнды. Але бесперапыннае зніжэнне коштаў на кватэры ў Мінску можа вельмі істотна «падпсаваць» выніковую даходнасць у кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве. Яшчэ адзін фактар, які наўрад ці дадасць арэндзе прывабнасці ў 2016 годзе, — павышэнне цэн на газ і электрычнасць, а таксама значны рост кошту ацяплення ў тых кватэрах, дзе ніхто не прапісаны. Калі раней пры вывучэнні сітуацыі з арэндай кватэр у Мінску можна было амаль не браць пад увагу камунальныя плацяжы, то зараз іх уплыў на рынкавыя працэсы будзе станавіцца ўсё больш важкім.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?