Вы тут

Якія «фішкі» ў Іўеўшчыны?


Аляксандр БУЛАК нарадзіўся ў Зэльвенскім раёне, каля 30 гадоў працаваў на Навагрудчыне, а год таму стаў старшынёй Іўеўскага райвыканкама. Зразумела, што ў гэтых рэгіёнах Гродзеншчыны шмат агульнага, але ў кожнага ёсць і нейкія адметнасці. Якія ж «фішкі» ў Іўеўшчыны? Такім пытаннем карэспандэнт «Звязды» распачаў гутарку з Аляксандрам Булакам.


— Гэта даволі своеасаблівы раён. Найперш, пэўна, тым, што тут шмат стагоддзяў жылі і жывуць разам у міры і згодзе людзі розных веравызнанняў: праваслаўныя і каталікі, мусульмане і іўдзеі. Тры гады таму ў райцэнтры ўзвялі як сімвал беларускай талерантнасці помнік у гонар гэтых канфесій, у нас ёсць адзіны ў краіне музей нацыянальных культур. Адметнасць раёна і ў тым, што тут шмат прыгожых храмаў.

Я ўжо паспеў заўважыць, што іўеўчане — людзі добразычлівыя і працавітыя. І хаця не надта пашанцавала з урадлівасцю зямлі (шмат лясоў, пяскоў, забалочаных тэрыторый), у асноўным яны жывуць за кошт сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, адразу кідаецца ў вочы вялікая колькасць цяпліц. Гэта, так бы мовіць, памідорны край, які, пачынаючы з сакавіка і заканчваючы лістападам, забяспечвае ранняй агароднінай і расадай Мінск і бліжэйшыя раёны. А ў некаторыя перыяды (жнівень і верасень) асноўныя пастаўкі ідуць у Расію, калі там заканчваюцца памідоры з Краснадара і Валгаграда.

— Зямлі для тых, хто хоча займацца цяплічнай справай, хапае?

— Гэтай праблемы не існуе, бо раней яе вырашылі: хто хацеў займацца цяпліцамі — той і займаецца. Дарэчы, у нас найбольш сярод раёнаў Гродзеншчыны фермерскіх гаспадарак — 54. У часткі з іх аб'ёмы вытворчасці невялікія — у асноўным забяспечваюць сваю сям'ю, сваякоў. Але нямала і такіх гаспадарак, якія атрымліваюць някепскі ўраджай бульбы, агародніны і іншых культур. Плюс прыцягваюць мясцовых жыхароў для сезонных работ, тым самым вырашаючы праблему працоўнай занятасці.

— Фермеры маюць неабходную тэхніку?

— Пытанні падтрымкі фермерства, якія вырашаліся па лініі ўрада, дазволілі многім узяць у лізінг, у крэдыт неабходны набор сельгасмашын. Сёння яны маюць нармальную тэхніку, каб апрацоўваць свае 20, 30 і нават больш за 100 гектараў зямлі.

— Якім быў мінулы год для сельгаскааператываў?

— Няпростым, але радуе, што, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, нястачу пэўных матэрыяльных рэсурсаў, мы павялічылі на 3,5% вытворчасць валавай прадукцыі. Правёўшы аздараўленне дойнага статку, больш атрымалі і рэалізавалі малака. Практычна каля кожнага комплексу, фермы ёсць паша для выгану жывёлы на зялёную траўку. Пры гэтым, удасканальваючы структуру кармлення жывёлы, імкнёмся адысці ад яе хвароб і, маючы добрую вытворчую базу ў выглядзе сучасных комплексаў (там знаходзяцца 82% дойнага статка), мінімум палову малака прадаём сортам «экстра», а астатняе — вышэйшым.

— Наколькі Іўеўшчына прывабная для маладых спецыялістаў?

— Летась мы тройчы сустракаліся з маладымі спецыялістамі розных прафесій, якія прыйшлі на работу ў раён. Павіншавалі іх з пачаткам працоўнай дзейнасці, азнаёмілі з гісторыяй і сённяшнімі рэаліямі раёна, патлумачылі, якія ў іх ільготы.

У мінулым годзе нашы сельгаспрадпрыемствы дапоўнілі свае калектыўныя дагаворы шэрагам новых прэферэнцый маладым спецыялістам. Напрыклад, ім будзе аказвацца матэрыяльная дапамога ў сувязі з уступленнем у шлюб і пры нараджэнні дзяцей. Прадугледжана заахвочванне маладых работнікаў у канцы трэцяга года працы. Устаноўлена штомесячная даплата ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду для тых, хто працуе ў сельскагаспадарчай арганізацыі і завочна вучыцца па спецыяльнасцях «Зоатэхнія», «Ветэрынарная медыцына», «Агранамія». Студэнтам, якія вучацца за кошт сродкаў гаспадаркі і па выніках экзаменацыйнай сесіі маюць сярэдні бал не ніжэй васьмі, выплачваецца стыпендыя ў памеры пяці базавых велічынь за семестр.

Дарэчы, шэраг будучых аграрнікаў, настаўнікаў, медыкаў, работнікаў культуры вучацца па мэтавых накіраваннях. Напрыклад, у сельскагаспадарчыя ВНУ летась па гэтай сістэме паступілі
12 выпускнікоў школ раёна. Гэта значыць, што яны абавязкова вернуцца сюды працаваць і калі работа па душы, то, стварыўшы сям'ю, атрымаўшы жыллё, з вялікай доляй верагоднасці застануцца пасля абавязковых пяці гадоў.

— Наколькі эфектыўнымі аказаліся меры дзяржаўнай падтрымкі развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў невялікіх населеных пунктах?

— Зараз у раёне зарэгістраваны 350 індывідуальных прадпрымальнікаў і 196 малых і сярэдніх прадпрыемстваў, многія з якіх распачалі працу ў апошнія гады дзякуючы сваёй ініцыятыве і дзяржаўнай падтрымцы, у тым ліку з выкарыстаннем пустуючых будынкаў. Некаторыя пастаўляюць прадукцыю не толькі на айчынны, але і на замежныя рынкі. Напрыклад, ААТ «ЛідаТэхмаш» знайшло сваю нішу ў вырабе сельгасмашын. А ў Юрацішках займаюцца перапрацоўкай і ўпакоўкай агародніны, вытворчасцю кармавых дабавак для сельскагаспадарчай жывёлы, а таксама тары для ягад і грыбоў, якую экспартуюць у краіны Заходняй Еўропы. Малы бізнес актыўна працуе ў сферы паслуг па рамонце легкавога транспарту, па вытворчасці мэблі, вокнаў і дзвярэй. Прычым, нерэнтабельных прадпрыемстваў няма.

— Як Іўеўскі раён прыцягвае турыстаў?

— Вельмі дынамічна развіваецца культурна-турыстычны праект «Сядзіба дзеда Зімніка і бабы Завірухі» ў вёсцы Залейкі — паток дзяцей, для якіх там ладзяцца захапляльныя імпрэзы, з кожным годам узрастае. Вялікім попытам у гасцей карыстаюцца некаторыя аграсядзібы. Райвыканкам закупіў байдаркі, і сёлета зоймемся развіццём воднага турызму.

— Нарэшце знайшоў гаспадара палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі...

— Дзяўчына, якая сядзіць дома і не паказваецца ў людзях, можа не выйсці замуж. Так і ў дачыненні гістарычных славутасцяў. Трэба паказваць, што мы маем, — з аднаго, другога, трэцяга боку. Глядзіш, нехта і зацікавіцца. Так і адбылося з палацам Умястоўскіх. Не абмежаваліся гаварыльняй пра пошук інвестара, а сабралі неабходны пакет дакументаў і выставілі гэты аб'ект на аўкцыён. Адзін, другі, трэці... Пайшла рэклама на розных інтэрнэт-сайтах, у прэсе. І з'явіліся патэнцыяльныя пакупнікі, прычым нават з пэўнай канкурэнцыяй. У выніку гаспадаром палаца стаў бізнесмен з Іарданіі, у якога грандыёзныя планы па стварэнні там аб'екта міжнароднага турызму. Рыхтуецца праектная дакументацыя.

— Аляксандр Іванавіч, якімі бачыце прыярытэты Іўеўшчыны на гэты год?

— Улічваючы пэўную напружанасць на рынку працы, адзін з галоўных кірункаў — стварэнне новых прадпрыемстваў і, адпаведна, рабочых месцаў. Напрацоўкі тут ужо ёсць. Напрыканцы мінулага года стварылі шэраг прадпрыемстваў, якія цяпер будуць камплектавацца рабочай сілай і развіваць вытворчасць. Спадзяюся, што сёлета з'явяцца і іншыя, у тым ліку дзякуючы супрацоўніцтву з нашымі гарадамі-пабрацімамі за мяжой. Мы ўжо маем інвестыцыйныя пляцоўкі. Пастараемся зрабіць іх прывабнымі для бізнесу.

Плануем прадоўжыць добраўпарадкаванне райцэнтра, завяршыць рамонт раённай паліклінікі і бальніцы ў Трабах, а таксама будаўніцтва дома кругласутачнага знаходжання пажылых людзей у вёсцы Лукашына.

prakopchіk@zvіazda.by

Фота Станіслава ЗЯНКЕВІЧА

Загаловак у газеце: Прыярытэт — новыя працоўныя месцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».