26 верасня, субота

Вы тут

Як Польшча прымае гасцей і праводзіць матчы чэмпіянату Еўропы


Спецыяльны карэспандэнт «Звязды» Дар'я Лабажэвіч перадае з Катавіц.

Заўзятары ўжо паспелі асвоіцца ў горадзе, журналісты — наладзіць сваю працу на новым месцы, а гандбалісты — адчуць смак першых перамог і паражэнняў: кантынентальнае першынство ў самым разгары.


Адчуць эмоцыі

Сёння ў Катавіцах, дзе выступаюць каманды групы В (а гэта зборныя Беларусі, Ісландыі, Нарвегіі і Харватыі), працуе больш за 150 журналістаў. Большасць прадстаўнікоў СМІ з Ісландыі — 90 чалавек, нямала нарвежцаў, харватаў і палякаў, мы — у меншасці. Калі работнікі масмедыя перш за ўсё збіраюцца ў прэс-цэнтры, то галоўным месцам збору гасцей з замежжа, аматараў гандбола ў гэтыя дні з'яўляецца фан-зона, якая размешчана перад арэнай «Сподэк», дзе і праходзяць гульні. У першы дзень турніру тут было шматлюдна, арганізатары адзначаюць, што фан-зону наведала каля паўтысячы заўзятараў.

— Падрыхтоўка да чэмпіянату — гэта доўгая дарога, — расказвае галоўны чалавек у медыясупольнасці, шэф прэс-цэнтра Крыстафор Клепашынскі. — Арганізацыйны камітэт пачаў работу 3 гады таму. Каманда гэтых жа людзей рыхтавала мінулы чэмпіянат Еўропы па футболе. Заўсёды можна зрабіць крыху больш, але ў цэлым, я думаю, мы стварылі камфортныя ўмовы для гасцей.

Сапраўды, Польшча ў гэтыя дні жыве гандболам: на вуліцы шматлюдна і нават такі індустрыяльны горад, як Катавіцы ператвараецца ў яркае мястэчка з натоўпамі радасных фанатаў. Рознакаляровыя, смешныя, яны размаўляюць на розных мовах, але жывуць адным — святам гандбола. Слоган чэмпіянату — fееl thе еmоtіоns (адчуваць эмоцыі), і тут яны сапраўды ёсць.

Не кожны матч збірае аншлагі, але праходзяць гульні далёка не ў пустой зале, на першай сустрэчы з удзелам зборнай Беларусі, напрыклад, на трыбунах было 7 тысяч гледачоў. У другі гульнявы дзень лік заўзятараў павялічыўся, білетаў у касах няма.

Сярод яркіх колераў на трыбунах, вядома, ёсць і беларускія сцягі. Наша прадстаўніцтва і тут не ў большасці, але каля сотні землякоў дакладна ёсць. Хтосьці з іх прыехаў «пахварэць» за зборную ўпершыню, ну а хтосьці ўжо заўзятар са стажам. Напрыклад, мілая дзяўчына Наталля з Мінска наведвае ўжо не першы чэмпіянат, таму можа параўнаць яго і ў плане гульні, і ў плане арганізацыі.

— Для мяне гэта ўжо трэцяе буйное спаборніцтва разам з нашай зборнай: у 2013 годзе мы былі ў Іспаніі, у 2015-м — у Катары. У юнацтве сама гуляла ў гандбол, таму працягваю цікавіцца ім і сёння. У Катавіцах шмат банераў, усё нагадвае пра чэмпіянат. Напрыклад, калі мы былі на планетарным першынстве ў Іспаніі, мясцовыя жыхары нават не ведалі, што ў іх краіне праходзіць чэмпіянат свету — не было ніякай рэкламы, атрыбутыкі. Польшча ў гэтым плане, вядома, вельмі адрозніваецца. Палякі самі вельмі любяць гандбол, іх шмат на трыбунах. А што тычыцца нашай зборнай, то хлопцы вялікія малайцы, яны выдатна выступаюць і заслугоўваюць як мінімум выхаду ў наступны раўнд, — адзначае Наталля.

Ці стане шчаслівай для нас арэна «Спо­дэк»?

Талерка для спорту

Трохі пра тое месца, дзе праходзяць галоўныя падзеі чэмпіянату ў нашай групе. Спартсмены праводзяць матчы на арэне «Сподэк» — гэтая назва невыпадковая, вонкава спартыўны будынак нагадвае менавіта сподак. Стадыён змяшчае 11 тысяч гледачоў і знаходзіцца ў самым цэнтры горада, побач — вакзал, гасцініцы і буйныя гандлёвыя цэнтры. Сама арэна пабудавана ў 1971 годзе, праз 5 гадоў пасля яе адкрыцця стадыён прымаў чэмпіянат свету па хакеі. Менавіта тут адбылася знакавая падзея ў гісторыі польскага спорту і адна з самых сенсацыйных у гісторыі хакея. Зборная СССР тады саступіла камандзе Польшчы 4:6, легендарныя Харламаў, Якушаў, Траццяк не змаглі супрацьстаяць сваім сапернікам.

Сёння «Сподэк» прымае турніры па розных відах спорту, але больш выкарыстоўваецца для правядзення канцэртаў, выстаў і цыркавых шоу.

Сталіца Верхняй Сілезіі

Калі казаць пра сам горад, то Катавіцы ў Польшчы называюць сталіцай Верхняй Сілезіі. Гэта цэнтральнае месца вугальнай прамысловасці (першая шахта тут з'явілася яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі). Але, нягледзячы на сваю індустрыяльнасць, у горадзе ёсць на што паглядзець. Цікавая архітэктура прадстаўлена касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыі (ён выкананы ў стылі новай готыкі), саборам Хрыста Збавіцеля ў барочным стылі і драўлянай царквой святога архангела Міхаіла. Акрамя гэтага, сёння горад называюць цэнтрам культуры і дзелавога турызму ў Польшчы. Нядаўна побач са «Сподкам» з'явіўся новы мікрараён, так званая зона культуры: тут і міжнародны кангрэс-цэнтр, і будынак сімфанічнага аркестра Польскага радыё і новы Сілезійскі музей. Усё гэта размешчана на тэрыторыі былой шахты «Катавіцы».

Даведка:

Чэмпіянат Еўропы па гандболе сярод мужчынскіх камандаў праходзіць 12-ы раз, Польшча гэты турнір прымае ўпершыню. Гульні чэмпіянату на групавым этапе праходзяць у чатырох гарадах: Кракаве, Катавіцах, Вроцлаве і Гданьску, затым каманды, якія працягнуць барацьбу, пераедуць у сталіцу. На Еўра выступае 16 зборных, сярод якіх дзейны чэмпіён — Францыя. Адзначым, што сёлетні чэмпіянат Еўропы з'яўляецца адборачным этапам на Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанейра.

Польшча, Катавіцы

Загаловак у газеце: Яна жыве гандболам...

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.