Вы тут

Леў Даватар, невядомы генерал


...Прынята лічыць, што рэпрэсіі 1930-х гадоў сярод вышэйшага каманднага складу прывялі да таго, што ў кіраўніцтве Чырвонай Арміі нібыта ўзялі верх паўграматныя кавалерысты кшталту Варашылава і Будзённага. Маўляў, у адрозненне ад расстраляных прагрэсіўных па сваім часе ваенных гэтыя палкаводцы адмаўлялі важнасць механізацыі арміі, надаючы асноўную ўвагу развіццю такой мілай іх сэрцу конніцы.

Вось што сцвярджае, да прыкладу, Леў Кіршнер у сваёй кнізе «Пярэдадзень і пачатак вайны: дакументы і матэрыялы»:

«У кіраўніцтве Узброенымі сіламі ўзяла верх устаноўка «коннікаў» — Варашылава, Будзённага, Куліка, Шчадзенкі, якія дагматычна чапляліся за вопыт Грамадзянскай вайны. Варашылаў з трыбуны ХVІІ з'езда партыі сцвярджаў: «Неабходна раз і назаўжды пакончыць са шкодніцкімі «тэорыямі» пра замену коней машынамі». Яму падтакваў Шчадзенка: «Вайна матораў, механізацыя, авіяцыя і хімія прыдуманыя ваенспецамі. Пакуль галоўнае — коннік. Вырашальную ролю ў будучай вайне будзе іграць конніца».

Зразумела, аперыруючы вырванымі з кантэксту фразамі, можна даказаць што заўгодна. Выступаючы 30 студзеня 1934 года на ХVІІ з'ездзе ВКП(б), наркам абароны сапраўды вымавіў працытаваныя вышэй словы. Аднак уся пікантнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што сказаны яны былі ў раздзеле яго прамовы, прысвечаным... чыста сельскай гаспадарцы. Пра гэта пісьменнік Кіршнер «забыўся» сказаць.

Згодна з дакладам начальніка Генеральнага штаба РСЧА А.І. Ягорава ад 14 красавіка 1935 г. аб развіцці Узброеных сіл на 1936-1938 гады, да 1 ліпеня 1936 года ў складзе Чырвонай Арміі планавалася мець 31 кавалерыйскую дывізію. А да пачатку 1937 года, гэта значыць напярэдадні «вялікай чысткі», у Чырвонай Арміі налічвалася 7 упраўленняў кавалерыйскіх карпусоў, 32 кавалерыйскія дывізіі (з іх 5 горна-кавалерыйскіх і 3 тэрытарыяльныя), 2 асобныя кавалерыйскія брыгады, 1 асобны і 8 запасных кавалерыйскіх палкоў. Колькасць конніцы па штатах мірнага часу складала 195 690 чалавек.

Але вось Тухачэўскі і К° расстраляныя. Здавалася б, самы час сфарміраваць як мага больш новых кавалерыйскіх часцей і злучэнняў. Ніхто не перашкаджае. Аднак адбываецца прама процілеглае. «Кавалерысты», стаўшы на чале Чырвонай Арміі, за 4 гады... скарацілі колькасць кавалерыйскіх дывізій у два з паловай разы. Не дапамаглі ў гэтай вайне Будзённаму яго старыя легенды, ягоная прыхільнасць да конніцы. У «чырвоным конніку» моцна сядзела анахранічнае мысленне. Сталін быццам бы і паверыў у вялікія магчымасці лёгкіх кавалерыйскіх дывізій, якія, па запэўніваннях Будзённага, змогуць паралізаваць тылы варожых войскаў. Шапашнікаў, начальнік Генштаба, праўда, засумняваўся: кавалерыя без авіяцыйнага прыкрыцця ў новых умовах не мае той сілы, як раней, спатрэбіцца дадатковая авіяцыя. Да таго ж кавалерыйскія дывізіі грувасткія. Але Сталін сказаў Шапашнікаву: «Няхай стары рубака гуляе ў што заўгодна, абы не лез у сур'ёзныя справы, якія абавязкова заваліць».

Пачалася вайна. І тут высветлілася, што са скарачэннем конніцы ў перадваенныя гады перашчыравалі. Так, у падпісаным начальнікам Генеральнага штаба Г.К. Жукавым дырэктыўным лісце Стаўкі Вярхоўнага камандавання ад 15 ліпеня 1941 г., які абагульняў вопыт першых трох тыдняў вайны, гаварылася:

«Нашай арміяй некалькі недаацэньваецца значэнне кавалерыі. Пры цяперашнім становішчы на франтах, калі тыл праціўніка расцягнуўся на некалькі соцень кіламетраў у лясных мясцовасцях і зусім не абаронены ад буйных дыверсійных дзеянняў з нашага боку, рэйды чырвоных кавалерыстаў па расцягнутых тылах праціўніка маглі б мець вырашальную ролю ў справе дэзарганізацыі кіравання і забеспячэння нямецкіх войскаў і, такім чынам, у справе разгрому нямецкіх войскаў».

Атрымліваецца, што ініцыятарам стварэння лёгкіх кавалерыйскіх дывізій быў зусім не «стары рубака Будзённы», а будучы маршал Жукаў. Неўзабаве з'явілася яшчэ адна прычына для фарміравання новых кавалерыйскіх злучэнняў. У першыя месяцы вайны савецкія танкавыя войскі панеслі вялікія страты. Узнікла вострая патрэба ў рухомых злучэннях, якія б валодалі хоць нейкай ударнай сілай.

У выніку рэкамендацыі Жукава былі выкананы.

Улетку 1941-га ў абарончай бітве пад Смаленскам рэйды пяці кавалерыйскіх дывізій у нямецкі тыл аказалі істотную дапамогу савецкім войскам. У ходзе першага савецкага контрнаступлення пад Ельняй, менавіта рэйдавыя дзеянні савецкай конніцы затрымалі падыход германскіх рэзерваў і тым самым забяспечылі поспех першай пераможнай аперацыі той вайны.

У лістападзе—снежні 1941-га падчас наступлення пад Масквой амаль чвэрць савецкіх дывізій былі кавалерыйскімі. Два кавалерыйскія корпусы, якія менавіта ў гэтыя дні сталі гвардзейскімі, выканалі стратэгічную ролю ў савецкім контрнаступленні. Коннікі, імкліва прасоўваючыся па заснежаных лясах Падмаскоўя, грамілі варожыя тылы і рэзервы.

Другая сусветная стала не толькі першай у свеце вайной матораў, але і апошняй вялікай вайной кавалерыі і конскіх сіл. Конь у літаральным сэнсе слова выцягнуў на сабе тую вайну, прычым па абодва бакі фронту.

І тут самы час прыступіць да расказа пра нашага сённяшняга героя, камандзіра 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, кіраўніка кавалерыйскай группы, якая здзейсніла некалькі легендарных рэйдаў у тыл ворага, Льва Міхайлавіча Даватара. Ён стаў адным з любімых герояў былой вялікай краіны, яму і яго казакам пастаўлена нямала помнікаў, яго імем названы 23 вуліцы ў розных гарадах былога СССР, некалькі марскіх і рачных суднаў, школ, прадпрыемстваў, калгасаў. Пра яго зняты кінафільмы, напісаны п'есы і карціны, выдадзена незлічоная колькасць кніг і публікацый. Але тым не менш і па сёння яго жыццё і лёс поўныя загадак. Менавіта пра іх мы хочам расказаць.

Казакі любілі яго і складалі пра свайго камкора песні. Немцы, каб адпомсціць яму, цалкам спалілі яго родную вёску. Яны нават прызначылі за яго галаву буйную ўзнагароду — 100 тысяч рэйхсмарак... Але гэта было ўжо халоднай зімой 41-га. А да таго...

Да таго адбылося таксама нямала характэрнага.

Нарадзіўся Леў Міхайлавіч 20 лютага 1903 года на Віцебшчыне, у вёсцы Хоціна Лепельскага павета ў сялянскай сям'і. Скончыў сельскую школу і ў 1921 годзе — школу другой ступені ў пасёлку Ула. Працаваў у Віцебску на льнопрадзільнай фабрыцы. У верасні 1924-га быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі і накіраваны на пасаду загадчыка склада пры штабе 7-й кавалерыйскай дывізіі (Заходняя ваенная акруга). У лютым 1925-га быў накіраваны на вучобу на Ваенна-хімічныя курсы, якія знаходзіліся ў Маскве, а ў маі 1936-га —
у Ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзэ, пасля заканчэння якой (май 1939-га) з чырвоным дыпломам Л.М. Даватар атрымлівае прызначэнне ў Маскву на пасаду начштаба Асобага асобнага кавалерыйскага палка, а з лістапада таго ж года — начштаба 36-й Асобай кавалерыйскай Чырванасцяжнай ордэна Леніна брыгады імя Сталіна МВА.

Аб гэтым перыядзе яго службы мімаходзь згадваюць, але не тлумачаць, што гэта — элітарная брыгада, магчыма нават — «крамлёўская». Яна паходзіла з Першай Коннай Арміі, якая лічылася кузняй сталінскіх ваенных кадраў, і не выпадкова насіла яго імя. Гэтая часць заўсёды была на віду, рэгулярна ўдзельнічала ў парадах на Краснай плошчы (у 1940 годзе Даватар двойчы нават узначальваў калону кавалерыстаў), здымалася ў кіно. Размяшчалася брыгада ў Хамоўніцкіх казармах, насупраць знаходзіліся стайні, вучэбнае поле і манеж, дзе ішлі заняткі па верхавой падрыхтоўцы і джыгітоўцы. Тут Даватар быў сапраўдным майстрам, таму яго на чале лепшых кавалерыстаў нават прыцягвалі да здымак конных эпізодаў фільмаў, якія часам вяліся і на навучальным полі кавбрыгады.

У фільме «Аляксандр Неўскі» (здымаўся ў 1938—1939 гг.) ён — тады яшчэ слухач акадэміі — нават дубляваў Мікалая Чаркасава ў конных эпізодах. Вышэйшае ваеннае кіраўніцтва краіны, у якім асаблівае месца займалі ветэраны Першай Коннай, палюбіла бываць у Асобым палку і брыгадзе, для іх рабіліся паказы верхавой язды і вальтыжыроўкі, а Даватару раз-пораз даводзілася паказваць свой найвышэйшы клас. Тым больш што сам Леў Міхайлавіч з сям'ёй жыў у асабняку побач з казармамі. Па святочных днях і датах камбрыг Калмыкоў любіў ладзіць парады, часам нават з «афарбоўкай травы» — калі праз трафарэты пілавінне манежа размалёўвалі і ператваралі яго ў велізарны каляровы дыван або плакат з заклікамі ці віншаваннямі. Любілі «конармейцы» таксама наведваць «выезды» — палявыя вучэнні і манеўры дывізіі. Прыязджалі і яны, і іншае высокае начальства на трэніроўкі ў манежы — і майстроў паглядзець, і самім пасядзець у сядле. Заўсёднікам манежа быў аматар коней Васіль Сталін, ад якога Даватару часам даводзілася проста хавацца. Усё гэта вельмі напружвала яго, але мела і станоўчы бок — уся часць і яе малады начальнік штаба павінны былі пастаянна знаходзіцца ў добрай форме і ў поўнай баявой гатоўнасці. І знаходзіліся...

У сакавіку 1941-га Даватар быў прызначаны начальнікам штаба кавалерыйскай дывізіі імя Сталіна, якая грунтавалася паблізу заходняй мяжы, у г. Ваўкавыску. 36-я кавалерыйская дывізія ўдзельнічала ў савецка-фінляндскай вайне. Таму доўгі час лічылася, што, магчыма, Даватар за яе і атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду — ордэн «Чырвоная Зорка», але яго дачка Рыта Львоўна піша, што, хутчэй за ўсё, гэты ордэн — за Іспанію.

З жонкай і дачкой Рытай. 1939.

«За мяжой не быў...»

Радок з аўтабіяграфіі. Што тут можна сказаць? Ну, па-першае, гэта не адпавядае рэчаіснасці, а, па-другое, хутчэй, менавіта знаходжанне за мяжой выратавала Даватара ад арышту, бо многія яго таварышы па вучобе былі рэпрэсаваныя ў 1937—1938-м.

Нідзе так і не сказана, навошта, калі і куды ён ездзіў. Але яго блізкія ўсё зразумелі і так. Раптам стаў вучыцца завязваць шнуркі на чаравіках. Гэтая навука давалася яму з цяжкасцю, бо ён ніколі ў жыцці не насіў чаравікаў — толькі боты. Потым ён на паўгода з'ехаў у далёкую камандзіроўку, і сям'я рэгулярна атрымлівала ад яго лісты, якія не мелі зваротнага адрасу і паштовых штэмпеляў на канверце. Былі яны цёплымі, але даволі падобнымі адзін на другі: «жывы-здаровы — шмат працы — люблю-цалую». Пазней высветлілася, што, як і ў іншых камандзіровачных, лісты былі напісаныя загадзя, а потым іх рэгулярна падкладалі ў паштовыя скрынкі — каб сям'я не хвалявалася.

«Потым бацька раптам вярнуўся і прывёз усім замежныя падарункі: мне — куртачку з неверагодна доўгай маланкай і плісіраваную спадніцу; маме — адрэз карычневага шоўку, з якога яна пашыла вячэрнюю доўгую сукенку, — успамінае Рыта Львоўна. — Сабе ж ён вёз і не давёз набор грамафонных іголак, але аказалася, што іх увоз у СССР быў забаронены, таму перад даглядам ён высыпаў іх у мора, засталася толькі прыгожая скрыначка з малюначкам сабакі, які слухае грамафон».

Затое ў яго раптам з'явілася цывільнае адзенне — кашулі, штаны, пінжак і нават некалькі гальштукаў. Праўда, добра завязваць на іх вузел ён так і не навучыўся. Пазней неяк Леў Міхайлавіч абмовіўся, што на радзіму плыў морам, што іх судна бамбілі фашысцкія самалёты і нават паказваў, як гэта адбывалася, выкарыстоўваючы прас у якасці карабля.

Мяркуючы па яго мянушцы «Ляснік», якая стала вядомай пазней, Даватар быў у групе «таварыша Альфрэда» (Станіслава Аляксеевіча Ваўпшасава), старшага ваеннага саветніка камандарма 14-га партызанскага корпуса рэспубліканцаў. Група і сама ўдзельнічала ў баях, і «навучала радавы і афіцэрскі склад корпуса падрыўному і дыверсійнай майстэрству, распрацоўвала планы баявых аперацый, дапамагала перакідваць партызанскія атрады ў тыл варожых войскаў. У іх абавязкі ўваходзіла і забеспячэнне бяспекі членаў Палітбюро ЦК кампартыі Іспаніі». Даватар вывучаў і тактыку прымянення франкістамі ў баях мараканскай кавалерыі, якая пераўзыходзіла рэспубліканскую як па колькасці, так і па тактыцы. Аказалася, што мараканская кавалерыя дабілася значных поспехаў у баях толькі ў спалучэнні з мотапяхотай, бронемашынамі і матацыкламі з кулямётамі. Такія часці там называліся «хуткімі», і, магчыма, менавіта яны далі Даватару падказку будучых рэйдаў, якія дазвалялі эфектыўна выкарыстоўваць кавалерыю ў сучаснай манеўранай вайне. Ва ўсякім выпадку неўзабаве пасля яго вяртання з Іспаніі цяжкія кавалерыйскія карпусы Чырвонай Арміі пачалі расфарміроўваць.

Перайшоўшы ў 36-ю кавалерыйскую дывізію, большую частку часу Даватар праводзіў у Ваўкавыску, аднак часта прыязджаў у Маскву па справах, заадно рыхтуючы сям'ю да пераезду на новае месца службы. З кожным прыездам усё больш змрочнымі станавіліся яго прагнозы аб непазбежнай вайне. Нягледзячы на гэта, сямейныя скрыні з рэчамі былі спакаваныя і адпраўленыя на захад. Захавалася пасведчанне ад 1 чэрвеня 1941 г. на праезд усёй сям'і ў Ваўкавыск. Рыта Львоўна сцвярджае, што дзесьці на вучэннях паблізу мяжы бацька прастудзіўся і ў сярэдзіне чэрвеня ляжаў з вострым радыкулітам у ваенным шпіталі ў Срэбным завулку на Арбаце. Раптам маці атрымала тэлеграму з Ваўкавыска ад яго новага камандзіра дывізіі генерал-маёра Зыбіна «Леў Міхайлавіч, сям'ю не прывозьце, кватэра занятая». Сям'я лічыць, што гэта быў умоўны знак для таго, каб ён не вёз жонку і дзяцей насустрач непазбежнай вайне.

Хутчэй за ўсё, што і лячэнне ў шпіталі, і гэтая тэлеграма былі прыкрыццём затрымкі Даватара ў Маскве для даручэння яму спецзадання ў выпадку нямецкага нападу, што і адбылося.

З жонкай у дзень вяселля. 1926.

Першая ўзнагарода Даватара ў час вайны — за першы залп «кацюшы»?

Даследчыкаў баявога шляху генерала хвалявала пытанне, за што Даватар атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ордэнам Чырвонага Сцяга ён быў узнагароджаны 9 жніўня 1941 г. Ім гэты факт здаўся нехарактэрным — пачатак вайны, Чырвоная Армія бесперапынна адступае, яе часці раз-пораз аказваюцца ў акружэнні і гінуць, а начальнік штаба акружанай немцамі дывізіі, які аказаўся 22 чэрвеня 1941 г. у «маскоўскім шпіталі», раптам атрымлівае такую высокую ўзнагароду.

Адказ, хоць і зусім няяўны, быў знойдзены ў архівах Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Вось што гаворыцца ва ўзнагародным лісце Льва Міхайлавіча, падпісаным генерал-ад'ютантам камандуючага Заходняга напрамку маршала Цімашэнкі генерал-маёрам Белакасковым: «У перыяд баёў з германскім фашызмам палкоўнік Даватар выконваў адказныя задачы Галоўнакамандуючага па перадачы аператыўнага загаду злучэнням, таксама па дастаўцы боепрыпасаў на перадавыя пазіцыі. 16 ліпеня, выконваючы загад Галоўнакамандуючага, выявіў мотамехатрад саперніка, які рухаўся да Краснага (Смал. вобл.). Палкоўнік Даватар арганізаваў разрозненыя часці і з імі ўдарыў па ворагу і выбіў яго з Краснага. Нягледзячы на складаную баявую абстаноўку, палкоўнік Даватар усе задачы Галоўнакамандуючага выканаў цалкам і ў тэрмін».

Дзіўным тут падаецца тое, што ў гэтым дакуменце прама ўказваецца, што Даватар выконваў аператыўны загад Галоўнакамандуючага. Становіцца ясна, што гаворка ідзе пра нейкую знакавую падзею. 10 ліпеня немцы пачалі наступленне на Смаленск. Што ж такога на наступны дзень было даручана палкоўніку Даватару, што запатрабавала не проста дастаўкі злучэнням загадаў Сталіна, але і боепрыпасаў для іх выканання? Якімі сіламі ён змог гэта зрабіць?

Тут на вочы даследчыкам трапіўся яшчэ адзін дакумент аб узнагароджанні, якое адбылася ў гэты ж час: камандзіру 57-й танкавай дывізіі палкоўніку Мішуліну ў адзін дзень былі прысвоены званні Героя Савецкага Саюза і генерал-лейтэнанта танкавых войскаў (абыходзячы званне генерал-маёра)! І адбылося гэта... 24 ліпеня 1941-га — у той самы дзень, калі было падпісана прадстаўленне і на Даватара. Мала таго — яны абодва ваявалі на Заходнім фронце і нават у адным і тым жа месцы. А за два дні да гэтага быў падпісаны Указ аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза капітану-танкісту Кадучэнку — намесніку камандзіра батальёна танкаў Т-34 у дывізіі Мішуліна. Цалкам відавочна, што ўсе трое ўдзельнічалі ў нейкай найважнейшай баявой аперацыі, даручанай асабіста Сталіным. Адказ з'явіўся зусім нечакана — у кнізе А. Глушко «Першапраходцы ракетабудавання» прыведзена фота супрацоўнікаў ракетнага навукова-даследчага інстытута, узнагароджаных за стварэнне «кацюшы», дзе побач з Косцікавым, які атрымаў зорку Героя Сацпрацы, стаіць Мішулін у новенькай генеральскай форме і таксама з залатой зоркай Героя.

Становіцца ясна, што прычынай усіх гэтых узнагароджанняў стаў паспяховы першы баявы залп ракетных установак М-13 («кацюш»), зроблены 14 ліпеня 1941-га батарэяй капітана Флёрава па скапленні чыгуначных саставаў на станцыі Орша-Таварная. Верагодна, там побач са складамі з нямецкай тэхнікай, боепрыпасамі і гаручым апынуліся і савецкія склады з сакрэтнай зброяй — ракетнымі ўстаноўкамі, якія не паспелі эвакуіраваць, і боезапасам. Іх трэба было знішчыць. Для знішчэння гэтых эшалонаў і была паслана батарэя капітана Флёрава — 7 пускавых установак М-13 на шасі ЗІС-6 з вялікай колькасцю машын суправаджэння (170!). Група прарвалася ў тыл праціўніка і шукала сярод чыгуначных складоў прызначаныя для знішчэння. Пры гэтым яна дайшла ўжо да Барысава. Але патрэбныя склады былі выяўленыя толькі ў Оршы, куды і перанакіравалі батарэю Флёрава.

Вось якім, хутчэй за ўсё, было «адказнае даручэнне» Даватара: ва ўмовах распачатага нямецкага наступлення ён павінен быў прарвацца ў штаб 16-й арміі і атрымаць танкавае і пяхотнае прыкрыццё для суправаджэння батарэі Флёрава ў руху па тылах праціўніка. Затым, пасля выканання задачы, вывесці батарэю на тэрыторыю, занятую савецкімі войскамі. Усё гэта было выканана ў перыяд 11-16 ліпеня. Гэта пацвярджаюць і даты на лістах Даватара, якія захаваліся ў сям'і: «7 ліпеня 41 г. г. Смаленск. Я даехаў нарамальна. Адрас пакуль невядомы». «10 ліпеня 41 г. Лісты буду пісаць на пошту да запатрабавання...» Значыць, ён выехаў з Масквы ўжо пасля выступлення Сталіна па радыё (3 ліпеня) і яго вяртання да спраў, г.зн. мог атрымаць асаблівае заданне і паўнамоцтвы нават асабіста ад яго.

Незразумела толькі, чаму неадназначна была ацэненая правадыром гэтая баявая работа Даватара, Мішуліна і Кадучэнкі. Яшчэ менш зразумела, чаму ніяк не быў адзначаны камандзір батарэі М-13 капітан Флёраў, які ў 1960 годзе быў прадстаўлены да звання Героя, але ўзнагародзілі яго толькі ў 1963-м... ордэнам Айчыннай вайны (пасмяротна). І ажно ў 1995-м яму было пасмяротна прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі.

Хочацца адзначыць, што ў гэтай аперацыі побач з Даватарам быў будучы начштаба яго корпуса (капітан у ліпені, а ў лістападзе — ужо палкоўнік) Картавенка. Ён адначасова з Даватарам быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга за тое, як гэта сказана ў яго ўзнагародным лісце, «што з боем прабіваўся наперад і дастаўляў вогнезапасы на месца аж да гармат». Гэта дае сур'ёзныя падставы для разумення таго, што адбывалася тады пад Смаленскам. Бо гэтыя ўзнагароджанні былі ў ліку першых узнагароджанняў той вайны. Але ж вораг не быў разбіты. Смаленск здалі. Дык за што ўзнагароджвалі? Якія пастаўленыя правадыром задачы былі выкананы? Аказваецца, вельмі важныя.

Камандуючы корпусам

У ліпені-верасні 1941-га Даватар меў на руках дакумент (хутчэй за ўсё, мандат ДКА) з такімі паўнамоцтвамі, што любыя сустрэтыя ім воінскія групы, якія выходзяць з акружэння, і нават цэлыя часці былі абавязаныя падпарадкоўвацца яму і выконваць усе яго ўказанні. Так неадкладна падпарадкаваліся Даватару дзве кавалерйскія дывізіі — 50-я Кубанская пад камандаваннем палкоўніка І.А. Пліева і 53-я Стаўрапольская на чале з камбрыгам К.С. Мельнікам. Па ўспамінах Пліева, менавіта на рацэ Мяжа, у раёне возера Емлень, малады, падцягнуты палкоўнік, які пры знаёмстве прадставіўся «афіцэрам сувязі штаба фронту», узначаліў Асобную кавалерыйскую групу Заходняга фронту і павёў яе ў першы рэйд па тылах праціўніка.

Галоўнымі мэтамі рэйду сталі склады, на якія яны выходзілі (ужо захопленыя нават адбівалі ў праціўніка), дастаўлялі боепрыпасы артылерыйскім і мінамётным часцям, узбройвалі і забяспечвалі боепрыпасамі мясцовыя партызанскія атрады і падрывалі ўсё, што не маглі вывезці. Менавіта гэта з'яўлялася галоўнай боезадачай кавалерыйскай групы Даватара падчас усіх яе рэйдаў па тылах, а таксама ўсіх іншых кавгруп, якія здзяйснялі рэйды ў іншых месцах.

Яны наводзілі жах на фашыстаў, нечакана з'яўляючыся ў іх тылах. Даватар, які і сам быў майстрам шабельнай рубкі і выдатным наезнікам, амаль у поўным складзе павёў за сабой на фронт кавалерыйскую групу легендарнага артыста Маскоўскага цырка Міхаіла Туганава.

Даватарцы пранікалі ў глыбокі тыл праціўніка, знішчалі склады з боепрыпасамі і запасамі харчавання, выводзілі акружэнцаў, вывозілі параненых, стваралі партызанскія атрады.

«Але ішлі яны і ў лабавыя атакі, гэта таксама вядома і колькі разоў у кіно паказана, — кажа Рыта Даватар. — Я ведаю кавалерыста Іванкіна, які на кані кінуўся з шашкай на танк. Ну, хіба гэта не подзвіг? Ён быў узнагароджаны. Але звычайна перад боем яны спешваліся і далей хто з вінтоўкі, хто з кулямёта — грамілі і немцаў, і іх тэхніку. Туганаўцы проста ашаламлялі немцаў — то з-пад каня выскачаць, то ў поўны рост на яго ўскочаць. Немцы былі ўражаны такім майстэрствам», — кажа Рыта Львоўна.

У лістоўках, расклееных у акупіраваных немцамі падмаскоўных вёсках, за галаву Даватара была паабяцана буйная ўзнагарода — 100 тысяч рэйхсмарак. Каб адпомсціць генералу, немцы цалкам спалілі яго родную вёску Хоціна ў Беларусі. Бацькі і сястра Льва Міхайлавіча паспелі ўцячы ў лес да партызанаў.

Пасля здачы Смаленска па меры набліжэння фронту да Масквы ўсё складаней станавілася здабыча і дастаўка боепрыпасаў са стратэгічных складоў. Кавалерыйскую групу Даватара ўсё больш сталі разглядаць як лінейнае злучэнне, якое выкарыстоўвала ракетныя ўстаноўкі — уючны і санкавы варыянты. Гэта дазваляла хутка перакідаць яе на патрэбныя ўчасткі фронту цалкам або па частках — дывізіямі.

Відавочна, Даватар пратэставаў супраць выкарыстання злучэнняў яго корпуса ў якасці прамой замены стралковых дывізій (вядома, напрыклад, што Ракасоўскі адмовіў Жукаву, які прапаноўваў яму ўзначаліць вайсковыя кавалерыйскія карпусы, палічыўшы няправільным кідаць коннікаў на танкі). Напэўна, падобныя эксцэсы мелі месца і з Даватарам. У выніку ён быў прызначаны намеснікам камандуючага арміяй і камандзірам групы войскаў, у склад якіх уваходзіў і яго корпус. Гэтым прызначэннем Даватар з падпарадкавання Стаўкі пераводзіўся ў непасрэднае падпарадкаванне камандуючага фронтам.

Пры гэтым прызначэнні ён атрымаў запіску ад камандуючага Заходнім фронтам Жукава. У запісцы, як кажа дачка генерала Рыта Львоўна, Жукаў з уласцівай яму рэзкасцю папракаў Даватара ў нерашучасці. Цалкам відавочна, што гаворка ішла аб нязгодзе Даватара з выкарыстаннем кавалерыі як звычайнай пяхоты, калі байцы спешваліся, укладвалі коней на зямлю і з-за іх вялі агонь па праціўніку. Ён лічыў, што значна большую карысць прынясе рэйд коннай групы па тылах, які адцягне з фронту значныя сілы немцаў. У выніку ў момант контрнаступлення савецкіх войскаў пад Масквой Даватара з толькі што сфарміраванай неабстралянай 20-й кавдывізіяй падпалкоўніка Таўліева перадалі ў 5-ю армію генерала Говарава. Завяршэннем ўсяго гэтага ланцужка з выпадковасцяў і заканамернасцяў стала неверагодная кулямётная чарга, якая абарвала жыццё героя.

Перад гібеллю ён адпусціў свайго баявога каня

Гэта здарылася непадалёк ад вёскі Палашкіна, што за 12 кіламетраў ад г. Рузы. Даватар асабіста аглядаў у бінокль мясцовасць перад боем. Казакі знаходзіліся за спінай камандзіра — метраў за 700. Генерал адпусціў каня і зняў бурку, якая на фоне заснежанага поля і рэдкіх дрэў была добрай мішэнню. І толькі ён стаў у поўны рост, як яго тут жа літаральна прашыла кулямётнай чаргой. Льву Даватару было ўсяго толькі 38.

Адбылося гэта 19 снежня 1941-га, калі нашы войскі ўжо перайшлі ад абарончых бітваў да контрнаступлення. За дзень да гібелі Даватар атрымаў ужо згаданую вышэй шыфроўку ад камандуючага Заходнім фронтам Жукава.

У гэты час жонка генерала, Алена Лаўрэнцьеўна, дачка Рыта, старэйшы брат Аляксандр, якога ў сям'і ўсе звалі Шурам, знаходзіліся ў эвакуацыі.

«Мама, калі атрымала тэлеграму, у якой паведамлялася пра смерць бацькі, нам нічога не сказала, — успамінае Рыта Львоўна. — Проста па яе паводзінах мы зразумелі, што адбылося нешта непапраўнае. Потым яна, вядома, паказала яе нам, але тут жа стала гаварыць, што гэта памылка, што нам трэба збірацца ў Маскву».

Алена Лаўрэнцьеўна з дзецьмі жыла тады ў маленькай вёсачцы Варлакава пад Чэлябінскам. «З Масквы нас эвакуіравалі імкліва. Мы жылі тады на Камсамольскім праспекце. Пад'ехаў сталічны камендант Арцем'еў, нас пагрузілі ў грузавікі і хутка павезлі на Казанскі вакзал. Мы з'ехалі, практычна, у чым былі», — кажа Рыта Даватар.

Яны прыбылі, і амаль следам прыляцела тэлеграма пра гібель Льва Міхайлавіча. У ёй камандаванне 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса паведамляла пра смерць Даватара і пра тое, што ўвесь асабовы склад даў клятву адпомсціць за свайго камандзіра.

У гэты ж дзень сям'я атрымала і пасылку, якую Даватар адправіў з Масквы. У ёй былі сухары, цукар і цёплыя рэчы, якія ён сабраў у апусцелай кватэры на Камсамольскім праспекце.

З вёскі, дзе любы цягнік спыняўся роўна на хвіліну, Алена Лаўрэнцьеўна з сынам і дачкой ехалі ў вагоне да Масквы больш як два месяцы.

«Мы прыехалі ў Маскву 8 сакавіка 42-га, акрамя вошай, мы з сабой нічога не прывезлі. Што такое цяплушка? Гэта — вагон для перавозкі жывёлы. Пасярэдзіне печка-буржуйка, вакол яе драўляныя лаўкі, на іх — людзі, якія схіліліся да гэтай печкі. Твар і рукі ў цяпле, а спіна ў інеі», — распавядае Рыта Даватар. Алена Лаўрэнцьеўна паверыла ў смерць мужа толькі тады, калі ёй перадалі фатаграфію, зробленую за некалькі хвілін да пачатку крэмацыі цела генерала.

Яны пажаніліся неўзабаве пасля знаёмства — у 1926-м, разам пражылі амаль 16 гадоў. Больш Алена Лаўрэнцьеўна замуж не выходзіла.

Пакуль кавалерыйскі корпус Даватара стаяў пад Масквой, казакі, як маглі, падкормлівалі сям'ю Льва Міхайлавіча. Прывозілі кацялкі з пярловай кашай, сухары. «Прыязджалі гэтыя дарослыя, суровыя мужчыны з абветранымі тварамі, у папахах, бекешах. Прыціснуць мяне да сябе, падрапаюць мой твар ордэнамі і медалямі і плачуць. Вось гэтыя казакі са слязьмі на вачах на ўсё жыццё засталіся ў маіх успамінах», — кажа Рыта Даватар. Пасля смерці Льва Міхайлавіча кавалерыйскім корпусам камандавалі не менш праслаўленыя военачальнікі Іса Пліеў, Уладзімір Крукаў.

Але менавіта Даватара казакі да канца вайны лічылі сваім бацькам-камандзірам.

«Я не ведаю чаму, але татавай «Залатой Зоркі» нам так і не перадалі. А яму ўжо на другі дзень пасля гібелі, 21 снежня, было прысвоена гэтае высокае званне пасмяротна. Спачатку мама неяк спрабавала высветліць, чаму нас вырашылі пакінуць без гэтага медаля, а потым вырашылі не рабіць гэтага. Вы ведаеце, і ў вайну, і пасля мама ўсё больш вырашала бытавыя праблемы. Мы, вядома, атрымлівалі дапамогу за бацьку, але жылі вельмі цяжка, і гаспадарчыя клопаты нас проста асільвалі», — успамінае дачка Даватара.

Яны жылі ў пакоі ў адным з дамоў на Камсамольскім праспекце і ніколі імем героя Даватара не спекулявалі. Каб дастаць дровы, як і ўсе масквічы ў тую пару, падоўгу стаялі ў чэргах на прыёме да чыноўнікаў. Як усе, гэтыя дровы самі пілавалі і калолі. Разам з іншымі жыхарамі ўскопвалі двор каля дома і садзілі бульбу. Выжывалі як маглі.

Амаль 20 гадоў прах генерала не быў пахаваны

Увесь гэты час Алена Лаўрэнцьеўна дабівалася таго, каб у яе мужа была звычайная магіла, на якую можна было б прыйсці і пакланіцца.

«Бацька быў крэміраваны на тэрыторыі могілак Данскога манастыра. Урна з яго прахам стаяла ў самім крэматорыі. Я добра памятаю, як мы прыходзілі туды з мамай, нам ключом адкрывалі дзверы за чорнай фіранкай. На стале — гэтая скрынка, побач з ёй стаялі яшчэ урны — з прахам Івана Панфілава і Віктара Талаліхіна. Мама, жонка Панфілава — Марыя Іванаўна і бацькі Віктара — Васіль Іванавіч і Вера Іванаўна Талаліхіны — разам хадзілі па інстанцыях і проста выбівалі месца на могілках», — кажа Рыта Даватар.

І Даватар, і Панфілаў, і Талаліхін загінулі ў 41-м, у час бітвы за абарону Масквы, у тым жа годзе ім усім пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. І толькі ў 1959-м іх пахавалі на Новадзявочых могілках. Яны і ляжаць там — плячом да пляча.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.