Вы тут

Амаль палова насельніцтва гатова працаваць і на пенсіі


Як беларусы ставяцца да новаўвядзенняў у сацыяльнай сферы і, у прыватнасці, у пенсійнай сістэме? Сектар сацыяльных інавацый Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі прысвяціў гэтаму спецыяльнае сацыялагічнае даследаванне, даныя якога былі апублікаваныя ў манаграфіі «Беларусь на шляху ў будучыню».


Даследаванне паказала, што задаволены памерам сваіх пенсій 39,9% пажылых беларусаў — з іх 41,7% працуючых пенсіянераў і 38,2% — непрацуючых. (Нагадаем, што пры гэтым у краіне нізкі ўзрост выхаду на пенсію. Павышэнне пенсійнага ўзросту ўжо адбылося ва ўсіх краінах-суседках Беларусі, акрамя Расіі.)

У нашай краіне сёння прапануецца іншая магчымасць — добраахвотны выхад на пенсію ў больш познім узросце. Гэта дазволіць у будучыні павялічыць памер сваёй пенсіі.

Так, за першы поўны год працы без атрымання пенсіі яна будзе павялічана на 6% заробку, які прымаецца для яе вылічэння, за другі — на 8%, за трэці — на 10%, за чацвёрты — на 12%, за пяты і кожны наступны год — на 14%. Калі праца без атрымання пенсіі працягваецца менш за поўны год, то павелічэнне пенсіі за кожныя поўныя два месяцы такой працы складае 1% заробку. Пры гэтым пенсія максімальным памерам (75% заробку) не абмяжоўваецца. У выніку за 5 гадоў працы без атрымання пенсіі яе памер можа павялічыцца ў 1,7 — 2 разы.

***

Праведзенае сацыялагічнае даследаванне паказала, што 17,8% грамадзян нашай краіны маюць намер адкласці зварот па пенсію пры дасягненні 55 гадоў (жанчыны) і 60 гадоў (мужчыны) і працягнуць працаваць. Прычым жанчыны прымаюць такое рашэнне больш ахвотна. Так, адкласці зварот па пенсію гатовыя 18,8% прадстаўніц прыгожага полу і 17% прадстаўнікоў моцнага полу. Таксама аказалася, што жаданне адкласці выхад на пенсію і прадоўжыць працу ўласціва ў значнай ступені кіраўнікам (29,2%), служачым без спецыяльнай адукацыі (25,9%), а таксама спецыялістам вытворчай (22,5%) і невытворчай сферы (18,4%).

Сацыялагічнае апытанне таксама паказала, што 28% беларусаў збіраюцца аформіць пенсію, але пры гэтым працягнуць працаваць. Адпаведна, яны будуць атрымліваць і пенсію, і заробак.

У цэлым атрымліваецца, што 45,8% беларусаў жадаюць працаваць, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту. Гатовыя адразу ж кінуць працу пасля наступлення пенсійнага ўзросту толькі 20,2% нашых суграмадзян. Яшчэ 33,2% не змаглі вызначыць сваёй пазіцыі па гэтым пытанні. У асноўным гэта маладыя людзі, якія пакуль не заклапочаны сваёй пенсійнай будучыняй.

На колькі гадоў нашы суайчыннікі гатовыя адтэрмінаваць зварот па пенсію? Так, па выніках апытання, папрацавалі б яшчэ 1 год за прыбаўку ў 6% да будучай пенсіі 4% насельніцтва, 2 гады за прыбаўку ў 8% — 2% беларусаў, 3 гады за прыбаўку ў 10% — 3,8% нашых грамадзян, 4 гады за прыбаўку ў 12% — 1,4%. Прапрацаваць яшчэ 5 гадоў і больш за прыбаўку ў 14% за пяты і кожны наступны гады гатовыя 6,6% беларусаў.

Разам з тым магчымае павышэнне пенсійнага ўзросту ў заканадаўчым парадку падтрымліваюць толькі 10,6% нашых грамадзян, а 67,6% аказаліся супраць. Не змаглі вызначыць свайго стаўлення да магчымага павышэння пенсійнага ўзросту 20,8% насельніцтва.

***

У 2014 годзе ў Беларусі налічвалася 2 млн 594 тыс. пенсіянераў усіх катэгорый (з улікам ваенных пенсіянераў і інш.). Для параўнання: агульная колькасць пенсіянераў у нашай краіне ў 1990 годзе складала 2 млн 375 тыс. чалавек.

На кожнага пенсіянера сёння прыпадае па 1,69 працоўнага чалавека. У 1990 годзе гэты паказчык быў вышэйшы — 2,17 чалавека. Нацыя старэе, пажылых людзей становіцца ўсё больш, а колькасць працоўнага насельніцтва памяншаецца.

Гэта і прымушае дзяржаву думаць аб павышэнні пенсійнага ўзросту: забяспечыць сацыяльныя гарантыі для пажылых людзей працоўным становіцца ўсё цяжэй. У Беларусі прынята размеркавальная (салідарная) пенсійная сістэма. Гэта значыць, што пенсіі старэйшаму пакаленню выплачваюцца са сродкаў, што адлічваюць малодшыя пакаленні, якія цяпер працуюць. Гэтак жа ў свой час адлічвалі сродкі на выплату пенсій пажылым людзям цяперашнія пенсіянеры, калі працавалі. Такім чынам, адбываецца своеасаблівае перакрыжаванае субсідаванне розных пакаленняў.

Спецыялісты прапануюць яшчэ адно пераўтварэнне: паступовае ўвядзенне ў пенсійную сістэму краіны назапашвальнага кампанента. Гэта прадугледжвае, што ўжо з маладых гадоў кожны беларус павінен будзе адкладаць грошы сабе на старасць у спецыяльныя фонды. Праўда, узровень даверу насельніцтва да прыватных пенсійных фондаў на сёння вельмі нізкі: ім давяраюць толькі 4% удзельнікаў сацыялагічнага даследавання. Наадварот, дзяржаўнаму пенсійнаму фонду давяраюць 88% апытаных. Таму пры прыняцці рашэння аб рэфармаванні пенсійнай сістэмы ў гэтым кірунку спатрэбіцца ўсталяванне эфектыўнага кантролю над дзейнасцю гэтых фондаў.

busko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Не сядзець склаўшы рукі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».