Вы тут

Як будзе прымяняцца ўказ Прэзідэнта аб ахове артэфактаў?


Напрыканцы мінулага года ў сферы аховы спадчыны адбылася вельмі важная падзея — падпісанне Указа Прэзідэнта №485 «Аб удасканаленні аховы археалагічных аб'ектаў і артэфактаў». У інтэрнэце ў сувязі з гэтым узнялася хваля абурэння — хвалююцца тыя, хто цяпер не зможа «капаць» беспакарана. Спецыялісты з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук вырашылі адказаць на ўсе спрэчныя пытанні і патлумачыць, як на практыцы будзе ажыццяўляцца прымяненне новага закона.


«Царскія манеты з зямлі». Уладальнік гатовы пераслаць іх  і ў Расію.

Кландайк для капальнікаў

— Беларусь ператварылася ў своеасаблівы кландайк для чорных капальнікаў. Асабліва пасля таго, як у Расіі была ўведзена жорсткая забарона ў дачыненні да такіх людзей, — лічыць дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч. — У выніку яны пачалі дзейнічаць тут — бо ў нас фактычна адзіная Саюзная дзяржава. Таму трэба было тэрмінова прыводзіць сваё заканадаўства ў адпаведнасць з расійскім — у тым сэнсе, каб у нас таксама прымяняліся строгія метады ўздзеяння на чорных капальнікаў. Цэлымі камандамі да нас прыязджалі расіяне, асабліва ў памежныя рэгіёны, на Магілёўшчыну, куды бліжэй дабірацца і лягчэй вывезці адтуль прадметы. Сёння гандаль археалагічнымі артэфактамі ператварыўся ў вялізны бізнес. Існуюць асобныя чорныя рынкі, на якіх адбываецца абарачэнне такіх каштоўнасцяў. Дзейнічаюць яны і ў нас. Ёсць людзі, якія жывуць з такога незаконнага «промыслу». Гэта недапушчальна, такая практыка павінна быць спынена. Думаю, дзякуючы падпісанню Прэзідэнтам гэтага ўказа ўдасца выправіць сітуацыю.

На артэфакты — з бульдозерам!

Многія капальнікі сцвярджаюць, што «паляванне» на археалагічныя артэфакты — для іх любімая справа. Выязджаючы за межы гарадоў, здабываючы рэдкія карты, знаходзячы цікавыя прадметы, яны нібы «дакранаюцца да мінулага». Аднак калі зняць ружовыя акуляры і паглядзець на сітуацыю больш рэалістычна, можна ўбачыць, што за такой забавай часта хаваецца проста імкненне да нажывы. І размежаваць гэтыя два полюсы капальніцтва даволі цяжка.

— Велізарная колькасць людзей з металадэтэктарамі наносіла шкоду менавіта тым помнікам, дзе меліся рэчы з каляровымі металамі, — упэўнены намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута гісторыі Вадзім ЛАКІЗА. — Іх цікавіла найперш тое, што затым можна было прадаць на аўкцыёнах. Неаднаразова чорных капальнікаў лавілі на тых месцах, якія ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Неяк на такіх аб'ектах злавілі людзей з металадэтэктарамі, якія дайшлі да таго, што нават прыгналі бульдозеры і ў ахоўнай зоне праводзілі свае несанкцыянаваныя «даследаванні». І такіх прыкладаў велізарная колькасць. На мяжы Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў з могільнікаў з каменнымі надмагіллямі даставаліся косці, з якіх здымаліся металічныя рэчы. Відавочна, што чалавек, які капаў, разумеў, што гэта пахаванні. Тое ж рабілася і ля вёскі Колатава Гродзенскага раёна. Калі мы прыехалі праводзіць археалагічныя даследаванні, мясцовыя жыхары паказвалі нам параскіданыя косці... У Мядзельскім раёне нашы калегі праводзілі даследаванні і пабачылі там толькі тую драбязу, якой немагчыма гандляваць. У той жа час у інтэрнэце прадаецца пасудзіна з металічнымі ўпрыгожаннямі, за якую просяць 800 долараў. А яна магла быць узята толькі з кургана... Капальнікі часам кажуць, што яны вельмі моцна любяць гісторыю, што выязджаюць на прыроду для таго, каб адпачыць з металадэтэктарам. Можа, ёсць і такія людзі. Аднак для таго, каб навесці парадак у справе археалагічных даследаванняў, трэба спачатку «адсячы» групу парушальнікаў. А далей паглядзім, як будзе разгортвацца сітуацыя.

Срэбная манета XVI стагоддзя  з выявай Стэфана Баторыя  свабодна прадаецца на сайце Ay.by за 3 млн рублёў.

Гэта не рыбалка і не паляванне

Загадчыца Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі Вольга Ляўко расказала, што адразу пасля выхаду ўказа Прэзідэнта да іх прыйшоў ліст. Яго аўтар запытваўся, як новаўвядзенне ў заканадаўстве паўплывае на «звычайных» людзей, для якіх капальніцтва — гэта хобі. Ён абяцаў, што не будзе раскопваць курганоў, месцаў баёў, іншых помнікаў археалогіі — будзе проста хадзіць па полі з металашукальнікам, падымаць сабе настрой. Запытваўся, як у новых умовах ён зможа працягваць займацца такой дзейнасцю?.. На гэта спецыяліст адказала:

— Адпачынку такога роду быць не можа. Часам капальніцтва параўноўваюць з паляваннем, рыбалкай — аднак гэта зусім розныя рэчы. Папуляцыя і жывёл, і птушак узнаўляецца, а артэфакты існуюць толькі ў адзінкавых экзэмплярах. Калі капальнікі ўваходзяць у азарт, яны забываюць пра сумленне. І ніякага кансэнсусу тут быць не павінна. Яны не супраць папрацаваць у навуковых экспедыцыях. Аднак чалавек, апантаны калекцыянаваннем і продажам артэфактаў, і ў даследчай паездцы будзе мець спакусу займацца тым жа. Трэба выкараняць гэтую любоў да безадказнага рабавання каштоўнасцяў... З гэтым хобі давядзецца расстацца і тым, хто так адпачывае, і тым, хто мэтанакіравана капае на продаж.

Важна, дзе знайшлі

Аднак праблема не толькі ў тым, што страчваюцца каштоўнасці. Важна яшчэ і тое, дзе яны былі знойдзены. Адзінкавыя артэфакты не даюць уяўлення пра тое, што ж адбывалася ў мінулым. Пра гэты аспект праблемы распавёў загадчык аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі Андрэй ВАЙЦЯХОВІЧ:

— Па-першае, мы сутыкаемся з тым, што на некаторых вельмі важных археалагічных помніках культурны слой, у якім захоўваюцца артэфакты, цалкам выбіты. Ужо не так шмат засталося цэлых аб'ектаў — неабходна іх захаваць. Праз пару дзесяцігоддзяў помнікаў эпохі Сярэднявечча ў Беларусі можа не застацца ўвогуле. Па-другое, вельмі шмат артэфактаў знаходзіцца на руках у людзей. Важная не сама гістарычная рэч, а кантэкст — адкуль яна паходзіць. Таму, па-трэцяе, неабходна стварэнне базы — дзе знойдзены прадмет?.. Указ дапамагае ўсе гэтыя праблемы вырашыць.

Як бачым, змены ў заканадаўстве дапамогуць усур'ёз навесці парадак у справе аховы нашай археалагічнай спадчыны. Да 1 студзеня 2017 года ўсе калекцыянеры маюць час зарэгістраваць свае артэфакты ў дзяржаўным рэестры. А ўладальнікам металадэтэктараў давядзецца прадаць гэтыя прылады і знайсці сабе іншую крыніцу даходаў і справу для душы.

Загаловак у газеце: З хобі давядзецца развітацца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.