Вы тут

Цёплы дом другога пакалення


Сёлета ў Мінску ўпершыню пабудуюць жылы энергаэфектыўны аб'ект, які па сваіх характарыстыках энергаспажывання наблізіцца да сапраўды пасіўнага дома.

На сайце Мінгарвыканкама паведамляецца, што будаўніцтва падобнага жылля ажыццяўляецца ў межах спецыяльнага праекта, які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам, а рэалізуецца ў нашай краіне намаганнямі Праграмы развіцця ААН (ПРААН), дэпартамента па энергаэфектыўнасці і будаўнічых партнёраў. Усяго па праекце ў краіне мяркуецца пабудаваць тры будынкі, бо па адным шматпавярховіку цяпер узводзяць у Гродне і Магілёве.


У сталіцы першым цёплым домам стане буйнапанэльны дзевятнаццаціпавярховы жылы дом на 133 кватэры ў мікрараёне Лошыца-9. Пабудуе яго кампанія «МАПІД».

Поўны кругазварот «хатняга» цяпла

У прынцыпова новай пабудове, акрамя прытокава-выцяжной вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла, будзе выкарыстоўвацца для падагрэву вады цяпло так званых шэрых сцёкавых вод, якое паступае ў сістэму гарачага водазабеспячэння. Гэта дазволіць па ўсім доме сэканоміць за год прыкладна 5% цеплаэнергіі, выдаткаванай на гарачае водазабеспячэнне. А сістэма вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла забяспечыць 55—60% эканоміі цеплавой энергіі, якая ідзе на абагрэў памяшканняў. Яшчэ каля 15—20% эканоміі цеплаэнергіі на ацяпленне могуць даць сістэмы аўтаматызаванага рэгулявання і ўліку спажывання цяпла.

Еўрапейскую якасць — за стандартны цэннік

Будучым жыхарам шматпавярховіка пашанцуе двойчы. Сабекошт гэтага дома другога пакалення недзе на 15% большы, чым сабекошт падобных будынкаў. Аднак менавіта гэтую частку агульнага кошту новабудоўлі сёння і фінансуе ПРААН. Таму кватэры будучым гаспадарам абыдуцца ў межах стандартнага кошту для тыпавых дамоў такой жа серыі.

Гараджане ў выніку атрымаюць жыллё з палепшанымі санітарна-гігіенічнымі ўмовамі. А далей узнікае прыемны грашовы момант, бо цяпер плаціць за цеплавую энергію, што выдаткоўваецца на ацяпленне, вентыляцыю і гарачае водазабеспячэнне давядзецца значна менш. Падлічана, што сумарная гадавая жыроўка па ўсім доме стане па гэтым параметры меншай прыкладна на 55 млн рублёў, таму кожная кватэра будзе штогод плаціць за цяпло ў сярэднім на 460 тысяч рублёў менш. Тут трэба ўдакладніць, што ў бліжэйшыя гады дзяржава плануе ліквідаваць сістэму перакрыжаванага субсідзіравання і давесці тарыфы для насельніцтва да эканамічна абгрунтаваных. А ў гэтым выпадку эканомія за цеплавую энергію будзе ўжо ў разы большай.

Менш залежаць ад імпарту

Развіццё гэтага напрамку ў будаўнічай сферы прынясе істотныя дывідэнды менавіта дзяржаўнаму сектару. Паводле падлікаў спецыялістаў дэпартамента па энергаэфектыўнасці, пры паўсюдным увядзенні ў эксплуатацыю падобных дамоў штогадовыя тэмпы скарачэння выдаткаў дзяржавы на імпартнае паліва складуць больш чым 7 млн долараў. Пры гэтым істотна зменшацца і выкіды парніковых газаў у жыллёвым сектары.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.