Вы тут

Нават свініна патаннела


Зніжэнне коштаў летась адбылося і па некаторых іншых катэгорыях тавараў.

У нашай краіне ў 2015 годзе мацней за ўсё даражэлі садавіна, гародніна і цукар, аднак сур'ёзна патаннела свініна і крыху нават кефір. Усяго за год цэны на харчовыя тавары ў сярэднім павялічыліся на 11%, паведаміў на брыфінгу начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі цэн Нацыянальнага статыстычнага камітэта Аляксей Яркавец.


Падаражэлі цытрусавыя і рыба

Зразумела, што летась больш хуткімі тэмпамі даражэлі харчовыя тавары імпартнай групы. Таму і адзначаўся значны рост цэн на плодаагароднінную прадукцыю: за год — на 37,7%. Другое месца ў харчовай інфляцыі займае цукар, які падаражэў на 32,1%. Рыба і рыбапрадукты летась павялічылі свае цэннікі на 21,9%. Таксама істотна — на 20,4% — за мінулы год падаражэлі імпартны алей і тлушчы. Потым ідуць крупы і бабовыя, якія прыплюсавалі 18,3%. Летась тытунёвыя вырабы падаражэлі на 17,8%, кандытарскія вырабы — на 15,4%, яйкі — на 13,6%. Крыху слабей павялічваліся цэны на макарону, якая падаражэла на 9,6%, а алкагольныя напоі падраслі на 6,5%. Нязначна падаражэлі малако і малочная прадукцыя (на 1,3%), а цана на мяса павялічылася толькі на 0,3%.

Свініна — не ў пашане?

За мінулы год цэны на свініну ў залежнасці ад віду і катэгорыі знізіліся ад 10,9% да 10,4%, на сала і грудзінку — на 4,6%. Сёння гэта ўжо міжнародная тэндэнцыя, бо ў сусветных СМІ была праведзена маштабная антырэклама ўжывання чырвонага мяса. Другі фактар — свабодная канкурэнцыя сярод вытворцаў на рынку. Разам з тым кошты на ялавічыну засталіся на ўзроўні 2014 года. Каўбаса і вэнджаніна падаражэлі на 3,6%, куры — на 4,65%. Прыкладна на 30,6% падаражэў у мінулым годзе салёны селядзец, на 26,9% — марожаная рыба, на 26,4% — рыба салёная і вэнджаная, на 21,4% павялічыліся цэны на морапрадукты. Менш за ўсё падаражэла айчынная жывая рыба (плюс 10,1%).

Рэкі кефіру

Асобна Аляксей Яркавец спыніўся на малочнай групе тавараў. Калі разглядаць малако, малочную прадукцыю і сыры, то тут па некаторых катэгорыях ёсць падзенне коштаў. Так, кефір за год патаннеў на 2,6%, малако — на 1,2%. А вось тлусты тварог падаражэў на 1,3%, смятана — на 2%, ёгурт — на 5%. Больш за ўсё за год падаражэлі (на 12,5%) сухія малочныя сумесі для дзіцячага харчавання.

Даражэў каньяк, цыгарэты і... медыкаменты

Сярод алкагольных напояў больш за ўсё падаражэў каньяк — на 17,5%, шампанскае павялічыла свой кошт на 15,3%, піва — на 14,3%, віно — на 13,4%, гарэлка — на 2,6%. Цэннікі на імпартныя цыгарэты з фільтрам выраслі на 24,5%, на айчынныя цыгарэты з фільтрам — на 17,6%, на цыгарэты без фільтра — на 14,1%. Сярод тавараў нехарчовай групы назіраецца павелічэнне коштаў у памеры 11,5%. Тут больш за ўсё падаражэлі медыкаменты — на 28,3%, сінтэтычныя мыйныя сродкі — на 22,2%, парфумерна-касметычныя тавары — на 18,5%, электратавары — на 17,2%.

«Укусіла» камуналка

Сярод актуальных і балючых выдаткаў насельніцтва мацней за ўсё павялічыліся летась тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі — на 20,2%, далей ідуць прававыя — на 20%, паслугі сувязі — на 17%. Бытавыя паслугі падаражэлі на 13,9%, медыцынскія — на 10,8%, а паслугі дашкольных устаноў выраслі ў кошце на 10%. Па бытавых паслугах больш за ўсё падаражэў тэхнічны агляд аўтамабіляў — на 22,2%, цэны на паслугі лазняў выраслі на 19%, цырульняў — на 16,8%, а рамонт абутку падаражэў на 16,4%. Менш за ўсё падаражэлі рытуальныя паслугі, дзе цэннікі прыплюсавалі толькі 4,5%.

Цэны на паслугі паветранага транспарту выраслі сёлета на 24,3%, чыгуначнага — на 6,4-6,3%, гарадскога — на 4,5%. Цэны на турыстычныя паслугі падаражэлі на 26,7%. У выніку спецыялісты Белстата адзначылі, што інфляцыя ў нашай краіне за 2015 год склала 12%, а ў снежні — 1,2%.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе». 

Культура

Алесь Бадак: ...Уся палітра беларускай літаратуры

Алесь Бадак: ...Уся палітра беларускай літаратуры

Мы сустрэліся з дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем БАДАКОМ, каб пагаварыць пра найбліжэйшыя і, магчыма, больш далёкія перспектывы.