Вы тут

Час агульнай адказнасці


«Заканадаўчыя механізмы і парламенцкая дыпламатыя развіваюцца ў кантэксце жыццёвых рэалій і выклікаў, якія стаяць перад нашай краінай», — падкрэсліў у інтэрв'ю «Звяздзе» Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА.


— Уладзімір Паўлавіч, Палата прадстаўнікоў завяршыла мінулы год і пачала новы на мажорнай ноце. Маю на ўвазе актыўны ўдзел дэпутатаў у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Якія пачуцці пакінула ў вашым сэрцы сустрэча з выхаванцамі Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната?

— Пачуцці самыя добрыя, светлыя, як да дзяцей, што трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, так і да іх выхавацеляў. Вельмі важна, каб дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця не толькі мелі магчымасці для сталення і наступнай адаптацыі да жыцця ў грамадстве, але і каб яны не гублялі веру ў дабро і нароўні з дзецьмі, якія растуць у роднай сям'і, адчувалі да сябе шчырую ўвагу і клопат дарослых. Дзяржава нават у складанай эканамічнай сітуацыі няўхільна рэалізуе канстытуцыйнае права кожнага дзіцяці мець шчаслівае дзяцінства. Як падкрэсліў нядаўна Прэзідэнт, у нашай краіне ніколі не будуць эканоміць на маці і дзецях. Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» яшчэ раз пераканаўча засведчыла, што клопат пра падрастаючае пакаленне знаходзіцца ў цэнтры сацыяльнай і ўсёй дзяржаўнай палітыкі.

— На ваш погляд, якім быў 2015 год у парламенцкім вымярэнні?

— Ён быў змястоўна насычаным, даволі працаёмкім і плённым, як у заканадаўчым, так і ў міжнародным плане. Праведзены тры сесіі Палаты прадстаўнікоў, у тым ліку адна нечарговая, шэраг выязных і сумесных пасяджэнняў пастаянных камісій, міжнародных сустрэч і візітаў. Дэпутаты актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, прымеркаваных да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, вялікую ўвагу ўдзялілі рабоце ў сваіх выбарчых акругах, рэгулярна сустракаліся з выбаршчыкамі, аказвалі ім магчымую дапамогу ў жыццёвых праблемах і клопатах. За ўсім гэтым, пагадзіцеся, вялікі пласт разнастайнай напружанай працы.

— Што вы лічыце найбольшым набыткам мінулага года ў заканатворчай дзейнасці парламента?

— Істотна абнавілася рэгуляторнае поле эканамічных адносін і нацыянальнай бяспекі, заканадаўства па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, экалогіі і прыродакарыстання. Самыя буйныя, сістэмныя рашэнні — законы аб барацьбе з карупцыяй, аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве і аб прамысловай бяспецы, Лясны кодэкс, а таксама адобраны ў першым чытанні праект Кодэкса аб культуры. Значна пашырылася міжнародная дагаворна-прававая база, у якой выдзелю блок законаў аб ратыфікацыі дагавораў і пагадненняў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

— Змены якога характару, калі не дэталізаваць, уносяцца ў заканадаўства?

— Мы імкнёмся да таго, каб законы, якія прымаюцца, былі рэалістычнымі, канкрэтнымі і максімальна карыснымі для тых ці іншых сфер грамадскага жыцця, дзяржавы і людзей. Заканадаўчая база ўдасканальваецца ў плане большага напаўнення нормамі прамога дзеяння, канкрэтызацыі прававых палажэнняў, зняцця састарэлых або супярэчлівых нормаў. Сутнасць новых законаў у тым, што яны ствараюць лепшыя ўмовы для сацыяльна-эканамічнага развіцця, умацавання бяспекі і міжнароднага супрацоўніцтва краіны.

— Мінулы год паказаў, што свет пераходзіць у іншую эканамічную, палітычную і глабальную рэальнасць. Як вы мяркуеце, чаго патрабуе ад парламентарыяў цяперашні час?

— Я сказаў бы, што мы ўжо жывём у іншай глабальнай рэальнасці, якая наступіла з надыходам сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу і цяпер паглыбляецца, як у эканоміцы, так і ў палітыцы, што асабліва відавочна ў міжнародных адносінах. Пра гэта можна меркаваць па тым, як вырашаюцца ці не вырашаюцца ключавыя пытанні глабальнага, ды і рэгіянальнага характару. Ідзе жорсткая канкурэнтная барацьба за рэсурсы, рынкі, сферы ўплыву, у якой буйныя гульцы і інтэграцыйныя аб'яднанні імкнуцца атрымаць для сябе найбольшую выгаду. Рэспубліка Беларусь не мае глабальных амбіцый, але ў нас ёсць нацыянальныя інтарэсы, якія дзяржава рухае і адстойвае на міжнароднай арэне, у тым ліку і метадамі парламенцкай дыпламатыі. Мы бачым сваю задачу ў тым, каб граматна, з карысцю для краіны — гандлёва-эканамічнай і палітычнай — рэагаваць на сучасныя выклікі, унутраныя і знешнія праблемы, з якімі сёння сутыкаецца Беларусь. Менавіта ў такім напрамку ўдасканальваюцца заканадаўчыя механізмы і ўмацоўваюцца нашы міжнародныя сувязі.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у складзе дэлегацый Нацыянальнага сходу ініцыятыўна працуюць на міжнародных парламенцкіх пляцоўках, развіваюць міжпарламенцкае і міжнароднае супрацоўніцтва на двухбаковым і шматбаковым узроўнях, удзельнічаюць у розных міжнародных мерапрыемствах, што праводзяцца пад эгідай ААН, буйнейшай міжнароднай парламенцкай арганізацыі — Міжпарламенцкага саюза, еўрапейскіх, еўразійскіх і азіяцкіх парламенцкіх структур.

— Пасля ўдзелу ў Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў у Нью-Ёрку і сустрэчы з Генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам якое ваша бачанне іміджу Беларусі ў міжнароднай супольнасці?

— Гэтая канферэнцыя папярэднічала саміту кіраўнікоў дзяржаў, які прайшоў у верасні ў рамках юбілейнай 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, на якой двойчы выступіў Прэзідэнт нашай дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, што гаворыць само за сябе. Яго выступленні па тэматыцы прыярытэтаў развіцця чалавецтва на бліжэйшыя 15 гадоў і прынцыпаў будучага існавання дзяржаў і народаў атрымалі вельмі станоўчы міжнародны рэзананс. Несумненна, што Рэспубліка Беларусь усё больш успрымаецца ў нашым трывожным свеце, напоўненым зацяжнымі, у тым ліку ваеннымі, канфліктамі і процістаяннем, як прыцягальны астравок міру і бяспекі. Я меў магчымасць пераканацца ў гэтым на нью-ёркскай Сусветнай парламенцкай канферэнцыі, дзе выступіў па пытанні «Выкарыстанне дэмакратыі ў інтарэсах міру і ўстойлівага развіцця, стварэнне свету, якога людзі хочуць», сустрэўся ў штаб-кватэры ААН з Генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам і правёў шэраг двухбаковых сустрэч са сваімі калегамі з замежных краін. У размове Пан Гі Мун высока ацаніў намаганні Беларусі па зняцці напружанасці, якая існуе ва Украіне, і тое, што робіць наша дзяржава ў барацьбе з сучаснымі выклікамі і пагрозамі, выказаў задавальненне ўдзелам Беларусі ў дзейнасці Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Я адзначыў гатоўнасць беларускага парламента паўнацэнна садзейнічаць ажыццяўленню парадку дня ўстойлівага развіцця, як праз заканадаўчую працу, так і адпаведную парламенцкую дзейнасць на рэгіянальным і міжнародным узроўнях.

— Калі б дэмакратыя сапраўды і паўсюдна выкарыстоўвалася як інструмент міру і ўстойлівага развіцця, было б цудоўна. Аднак падзеі ў сённяшнім свеце не вельмі абнадзейваюць, што так можа адбыцца ў агляднай перспектыве. Якая ваша думка на гэты конт?

— Праблема мнагаслойная. Кожная краіна развіваецца з улікам сваіх асаблівасцяў — нацыянальных, грамадска-палітычных, гістарычных, рэлігійных, культурных, з улікам сваіх традыцый, прававой і палітычнай культуры грамадзян, іх сацыяльнай актыўнасці. Значыць, дэмакратыя ў гэтым разнастайным свеце можа развівацца толькі разнастайна. Трэба быць рэалістамі. Калі ж разнастайнасць спрабуюць запіхнуць у адну нібыта ўніверсальную схему, а рэальныя патрэбы грамадства ігнаруюць, то атрымліваецца тое, што атрымалася, напрыклад, некалькі гадоў таму ў краінах паўночнай дугі Афрыкі, а цяпер на Блізкім Усходзе. Дыскусія, што адбылася пад дахам ААН на Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў, мне падаецца важнай і карыснай, бо на ёй абазначаны грані кансалідацыі парламентарыяў у павышэнні рэзультатыўнасці дэмакратычных працэсаў у інтарэсах міру і ўстойлівага развіцця.

— Як вы ацэньваеце нядаўнія беспарадкі ў Германіі і некаторых іншых краінах Еўропы, учыненыя мігрантамі?

— Ацэнка іх можа быць толькі адна — негатыўная. Гэта ўрок не толькі для Еўрасаюза — наколькі сур'ёзную грамадскую небяспеку тояць у сабе экстрэмісцкія і проста ганебныя дзеянні, калі іх своечасова не папярэджваюць і рашуча не спыняюць, даючы тым самым злачынству патачку. Незалежна ад таго, кім такія дзеянні ўчынены — мігрантамі або сваімі грамадзянамі, паблажлівасць да іх недапушчальная. Калі людзі бягуць у іншую краіну па нармальнае жыццё, то ўлады, якія іх прымаюць, павінны патлумачыць ім важнейшыя складнікі нармальнага жыцця — законнасць і парадак, нормы грамадскіх паводзін, якія ўсім трэба выконваць. Увогуле ж міграцыйная палітыка ў глабальным парадку дня адна з самых актуальных і застанецца такой яшчэ працяглы час, мяркуючы па існуючых у свеце небяспечных палітычных, эканамічных, сацыяльных, этнічных, экалагічных і іншых праблемах. Таму сёння асабліва важна, каб у іх прадметным вырашэнні сусветная супольнасць выходзіла ў фармаце ААН у плоскасць цеснага ўзаемадзеяння і партнёрства.

— Прыклад добрай волі Рэспублікі Беларусь мае для гэтага значэнне?

— Мае значэнне прыклад кожнай краіны — і вялікай, і сярэдняй, і малой, таму што час патрабуе ад нас агульнай адказнасці. Беларусь, дзякуючы нашаму Прэзідэнту, у даволі няпростых умовах працяглага знешняга прэсінгу за сваю самастойную дзяржаўную пазіцыю, пазбегла тых катаклізмаў, якія трасуць свет, у тым ліку ў сваёй міграцыйнай палітыцы, і застаецца па-ранейшаму настроенай на логіку мірнага стварэння і міжнароднай кансалідацыі ў дасягненні агульных мэт развіцця. Гэта на сусветнай арэне заўважылі.

— На фоне канструктыўнага ўзаемадзеяння Нацыянальнага сходу Беларусі з Парламенцкай асамблеяй АБСЕ дысанансам выглядаюць стасункі з ПАСЕ. Калі ў пазіцыі ПАСЕ ўсё-такі возьме верх здаровы сэнс, як будуць развівацца двухбаковыя кантакты?

— Мы ніколі не былі супраць нармальных адносін з ПАСЕ, яны затарможаны не намі. Але штучная паўза ў дыялогу не выбіла нас з рэчышча інтэнсіўнай міжнароднай і міжпарламенцкай работы, пра што я ўжо сказаў. Беларуская парламенцкая дэлегацыя актыўна ўдзельнічае ў сесіях Парламенцкай асамблеі АБСЕ, распрацавала нямала рэзалюцый. Напрыклад, якія датычацца зялёнай эканомікі, барацьбы з гандлем людзьмі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Палаце прадстаўнікоў адбылася сустрэча з намеснікам Старшыні АБСЕ, кіраўніком дэлегацыі парламента Швецыі ў ПА АБСЕ Кентам Харстэдам. Лічу, што пры пазітыўным падыходзе ПАСЕ да аднаўлення пастаянных кантактаў з Нацыянальным сходам Беларусі на раўнапраўнай, узаемапаважлівай платформе мог бы дынамічна развівацца канструктыўны дыялог, карысны як для Савета Еўропы, так і для Беларусі. Гэта пацвярджаецца тым, што кантакты нашай краіны і краін Еўрасаюза апошнім часам актывізаваліся.

— Што галоўнае, на ваш погдяд, паказалі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі?

— Яны засведчылі лідарскую кансалідуючую ролю Аляксандра Лукашэнкі ў дзяржаве і грамадстве, давер да яго палітыкі, а таксама шырокую грамадскую згоду ў стаўленні да нашых нацыянальных інтарэсаў і прыярытэтаў краіны на міжнароднай арэне.

— 2016 год аб'яўлены Прэзідэнтам Годам культуры. Як вы мяркуеце, для чаго нам патрэбна ахоўваць нашы нацыянальныя, дзяржаўныя карані?

— Каб умацоўваць гонар за сваю родную Беларусь, асабліва ў маладых пакаленняў, якія будуць развіваць і ўмацоўваць нашу дзяржаву. Толькі на фундаменце духоўнасці, культуры і адукацыі мы зможам памнажаць канкурэнтаздольнасць краіны ў такім складаным, мультыкультуралістычным свеце. Вельмі важна абапірацца на культурныя здабыткі народа, гістарычны вопыт і нашы нацыянальныя традыцыі, у тым ліку ў адукацыі і навуцы. Гэта вялікая стваральная сіла па яе патрыятычным уздзеянні на розумы і сэрцы людзей, на іх светапогляд, якая ў многім вызначае будучыню нашай суверэннай, незалежнай дзяржавы, яе месца ў свеце.

— Сёлета адбудуцца парламенцкія выбары. Палата прадстаўнікоў пятага склікання завяршае сваю кадэнцыю. Якую задачу вы лічыце прыярытэтнай на фінішным этапе працы цяперашняга дэпутацкага корпуса?

— У нас ёсць задача, якая не губляе сваёй актуальнасці, — ствараць максімальна спрыяльныя заканадаўчыя ўмовы для забеспячэння дынамічнага сацыяльна-эканамічнага развіцця і надзейнай бяспекі краіны. Дзеля гэтага мы і працуем.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?