Вы тут

Беларускія машынабудаўнікі пачынаюць год плённа


Беларускія машынабудаўнікі пачынаюць год плённа. Буйныя айчынныя кампаніі плануюць стварэнне сумесных прадпрыемстваў з удзелам замежнага капіталу, будаўніцтва сэрвісных цэнтраў, павелічэнне імпартных паставак на перспектыўныя рынкі.


Сэрвісныя цэнтры ў Індыю, а машыны ў В'етнам

Ужо сёлета ў лютым БелАЗ плануе адкрыць сэрвісны цэнтр у Індыі. Падпісана трохбаковае пагадненне з кампаніямі Bеlаz Еnrіkа Mіnіng Еquірmеnt аnd Sеrvісеs Рrіvаtе lіmіtеd і Vоltаs Ltd. (Індыя) аб доўгатэрміновым глабальным сэрвісным абслугоўванні тэхнікі БелАЗ і гарантыях паставак кар'ернай тэхнікі. Акрамя таго, завяршаецца будаўніцтва сэрвіснага цэнтра прадпрыемства ў Індыі (Нагпур), афіцыйнае адкрыццё якога запланавана на люты. Сёлета прадпрыемствы Мінпрама працягнуць працу па актывізацыі супрацоўніцтва з ключавымі краінамі «далёкай дугі», а таксама па выхадзе на новыя перспектыўныя рынкі Афрыкі, Амерыкі, Азіі і Блізкага Усходу. У В'етнаме ўжо запрацавалі першыя самазвалы БелАЗ грузападымальнасцю 90 тон. Яны былі сабраныя метадам буйнавузлавой зборкі в'етнамскай карпарацыяй «Вінакамін» сумесна са спецыялістамі Беларускага аўтамабільнага завода і з'яўляюцца першымі айчыннымі аўтамабілямі такой грузападымальнасці ў гэтай азіяцкай краіне. В'етнамскі бок на працягу двух месяцаў будзе праводзіць выпрабаванні самазвалаў у кар'еры і навучаць свой персанал, пасля чаго чакаецца рашэнне в'етнамскага боку аб набыцці да 100 адзінак тэхнікі. Прадстаўнікі карпарацыі «Вінакамін» адзначылі, што аўтамабілі БелАЗ маюць шэраг пераваг перад канкурэнтамі.

Самазвалы БелАЗ-75581 спецыяльна спраектаваны для працы ў кар'ерах па адкрытай здабычы карысных выкапняў і прыстасаваныя да розных кліматычных умоў. Аўтамабілі аснашчаны сучасным дызельным рухавіком і новай электрычнай трансмісіяй зменна-пераменнага току, якая не патрабуе пераключэння перадач. Акрамя таго, у іх адсутнічаюць вузлы, якія падвяргаюцца моцнаму механічнаму зносу. Гэтыя фактары забяспечваюць меншыя эксплуатацыйныя выдаткі і вялікую прадукцыйнасць, дазваляюць знізіць расход паліва.

У новым годзе — новыя шыны

Прадпрыемства «Белшына» мае намер сёлета наладзіць вытворчасць шын для самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці. Гэты буйны інвестыцыйны праект па тэхпераўзбраенні асноўнай вытворчасці рэалізуецца на заводзе звышбуйнагабарытных шын. Яго асноўнай мэтай з'яўляецца стварэнне радыяльных суцэльнаметалакордных шын на 57 і 63 цалі. У год іх будуць выпускаць больш за 8 тысяч. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць павялічыць асартымент і аб'ёмы вытворчасці гэтых шын для камплектацыі самазвалаў БелАЗ, а таксама замежнай кар'ернай тэхнікі. Падобную прадукцыю вырабляюць цяпер толькі дзве кампаніі — Brіdgеstоnе і Mісhеlіn.

Да канца 2016 года на прадпрыемстве завершацца будаўніча-мантажныя работы і ўвядуць у строй новае абсталяванне. У 2017 годзе пройдзе засваенне магутнасцяў, выпрабаванне новых шын. Па меркаванні спецыялістаў, гэта будзе самая рэнтабельная прадукцыя, якую сёння выпускае прадпрыемства.

Новыя краны і ўборачная машына

У Магілёве ідзе рэалізацыя першага этапу праекта МАЗ і кітайскай кампаніі Zооmlіоn па стварэнні сумеснай вытворчасці па вырабе шырокай гамы спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку дарожнай, будаўнічай і камунальнай. Zооmlіоn — транснацыянальная кампанія, найбуйнейшы вытворца абсталявання для сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, энергетыкі, транспартных праектаў у Кітаі ўваходзіць у лік сусветных лідараў у двух сегментах: бетоннае абсталяванне і пад'ёмная тэхніка. Ужо зараз сумеснымі намаганнямі кампаніі вырабілі аўтамабільныя краны грузападымальнасцю 40 і 60 тон і ўборачную машыну. У якасці базавага шасі на іх выкарыстоўваецца шасі МАЗ. Рэалізацыя сумеснага інвестыцыйнага праекта ажыццяўляецца па стратэгічным напрамку супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. Кааперацыя дазволіць пашырыць наменклатуру выпускаемай прадукцыі, забяспечыць атрыманне ноу-хау ў новых галінах, дапаможа вырашыць пытанні імпартазамяшчэння на рынку Беларусі.

Krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Ухапіліся» за рынак

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.