Вы тут

Дзе пахаваныя загінулыя на Дняпроўска-Бугскім канале партызаны?


Гэта невядома дагэтуль​.

У гісторыю партызанскага руху Беларусі баявыя дзеянні партызанаў у паўднёвай частцы Брэсцкай і былой Пінскай абласцей у лютым — сакавіку 1944 года ўвайшлі як 40-дзённая абарона Дняпроўска-Бугскага канала. Партызанская вайна прыняла тут формы сапраўднага фронту, з уласцівымі яму дзотамі і акопамі. Вывучаючы дакументы Нацыянальнага архіва, давялося аднавіць забытыя старонкі тых трагічных і разам з тым гераічных дзён.


На пачатку лютага 1944 года Чырвоная Армія вызваліла Роўна і Луцк. Пачаліся жорсткія баі за Ковель. Савецкія войскі, не сустракаючы вялікага супраціўлення, хутка прасоўваліся наперад па забалочаных тэрыторыях уздоўж правага берага Прыпяці. Яны маглі злучыцца з партызанамі, якія фактычна займалі тэрыторыю паміж Дняпроўска-Бугскім каналам і левым берагам Прыпяці, і апынуцца ў тыле 2-й нямецкай арміі, перарэзаўшы жалезную і шашэйную дарогі з Лунінца ў Брэст, па якіх забяспечваўся фронт. Але нямецкае камандаванне паставіла задачу ачысціць гэтую тэрыторыю ад партызанаў, знішчыць партызанскі аэрадром каля Сварыні і замацавацца на рацэ.

Лінія абароны

У наступленне супраць народных мсціўцаў немцы кінулі корпус групы войск «Агрыкола», куды ўваходзілі 23-я венгерская пяхотная дывізія і кавалерыйскі полк уласаўцаў. Пра тое, што немцы паспрабуюць выціснуць партызанаў з паўднёвай зоны Брэсцкай і Пінскай абласцей, партызанскае камандаванне даведалася яшчэ ў снежні 1943 года. Таму пачалі ствараць лінію абароны.

У выніку правядзення партызанскай аперацыі ў чэрвені 1943 года канал быў выведзены з эксплуатацыі. Партызаны брыгады імя Молатава Пінскага партызанскага злучэння пад камандаваннем Міхаіла Герасімава знішчылі шлюзы ў Оўзічах, Ляхавічах, Селішчы, Перарубе і Рагадошчы. Канал заставаўся толькі натуральнай перашкодай для наступлення ворага.

Поспех герасімаўцаў

У дваццатых чыслах лютага акупанты пачалі рух у напрамку канала. У цэнтры партызанскай абароны, на самым адказным участку, размясціліся народныя мсціўцы брыгады імя Молатава. Гэтая брыгада лічылася адной з самых баявых у Пінскім партызанскім злучэнні, а камбрыг Міхаіл Герасімаў быў любімцам камандзіра злучэння Васіля Каржа. Нават быў прадстаўлены ім да звання Героя Савецкага Саюза, але ўзнагароду так і не атрымаў.

«...40 дзён брыгада трымала абарону на Дняпроўска-Бугскім канале супраць пераўзыходзячых сіл немцаў, — паведамляецца ў характарыстыцы на Міхаіла Герасімава. — Байцы і камандзіры праявілі вялікую адвагу і вытрымку. Усімі дзеяннямі брыгады кіраваў Герасімаў. Байцы заўсёды бачылі яго на самых адказных участках. Ніводны катар і баржа не прайшлі па канале — усе яны сталі трафеямі надыходзячай арміі. У Пінску было захоплена арміяй 170 адзінак рачных катараў і баржаў...».

На шляху — канал

Атрад імя Калініна брыгады імя Молатава заняў абарону ў раёне дарогі Белін — Мукашын, кантралюючы пераправу ля спаленага моста цераз Дняпроўска-Бугскі канал. Партызаны да абароны падрыхтаваліся загадзя. З дапамогай мясцовага насельніцтва пабудавалі на найболей адказных участках дзоты, дзе да пачатку лютага ўжо неслі баявое дзяжурства.

З дакладной камандавання брыгады імя Молатава начальніку БШПР: «...Палкі венграў, маючы перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, дзвюма калонамі 21-га лютага падышлі да Дняпроўска-Бугскага канала ў раёне Беліна і Зарэчкі... За пераправу на канале завязаліся ўпартыя жорсткія баі. Шлях праціўніку заступаў канал і наша абарончая лінія, якая цягнулася ад стыку каналаў Белаазёрскага з Дняпроўска-Бугскім да Вулькі Кужалічанскай па паўднёвым беразе канала і была ўсеяная бліндажамі, дзотамі і бесперапыннымі хадамі зносін. Бой за пераправу на гэтых участках працягваўся трое сутак, і абяскроўлены праціўнік адкаціўся назад...»

Страты

Жорсткі характар баёў пацвярджаюць і мадзьяры. Толькі колькасць забітых і параненых венгерскіх салдатаў моцна адрозніваецца ад звестак партызанаў. Але гэта звычайная практыка ў любой вайне, калі ў данясеннях прыніжаліся свае страты і намнога павялічваліся страты праціўніка.

Са справаздачы атрада імя Калініна: «...21-22 лютага 1944 года ў лютым баі, паводле звестак агентурнай разведкі, за два дні бою праціўнік страціў забітымі 270 чалавек. Колькасць параненых не ўстаноўлена, але вызначаецца лічбай каля 100 чалавек. У гэтым баі знішчана нямецкая процітанкавая гармата і станкавы кулямёт, захоплены 1 ручны кулямёт».

Яны памятаюць

У Драгічыне жыве Ніна Кузняцова, у мінулым разведчыца атрада імя Калініна. Яна памятае абарону канала і расказала наступнае: «...Падчас баёў на канале я была ў Малінаўцы (тады Калонія Белін. — Аўт.): там штаб знаходзіўся. Нашы партызаны прывезлі з-за лініі фронту зброю і патроны. Далі мне 2 тысячы патронаў у пачках і сказалі занесці камандзіру ўзвода Удодаву, які знаходзіўся на канале ў дзоце. Патроны несла пад абстрэламі. Тады мяне і параніла ў галаву: шрам ад асколка дагэтуль застаўся».

У падрабязнасцях памятае тыя падзеі і былы партызан разведузвода атрада імя Калініна, а цяпер прафесар, доктар медыцынскіх навук Іван Данілаў:

— Асноўныя баі адбываліся 22 лютага. Мадзьяры білі галоўным чынам з гармат, таму ў дзотах на бічаўніку вытрымаць было немагчыма. Увесь дзень яны нас атакавалі. Камісар Мілюшын паслаў мяне ў цэнтральны дзот да камандзіра атрада Самаркіна даведацца, ці можна паспрабаваць акружыць мадзьяр. Я папоўз уздоўж бічаўніка. Па месцы, якое вяло да дзота, біў снайпер. Неяк праскочыў. У дзоце Юрый Самаркін з партызанамі вялі бой. Я далажыў, што Мілюшын прапануе абысці і акружыць мадзьяр. Самаркін адказаў, што гэта немагчыма... Мінамёты мадзьярскія ўвесь час працавалі. Дзоты былі разбіты гарматамі. Пакінуўшы першую лінію абароны, у ноч на 23 лютага перайшлі на другую лінію. Самаркін застаўся жывы, але быў паранены ў руку. Забітых пакінулі ў разбураным дзоце.

Не пахаваныя?

Тое, што ў дзоце засталіся забітыя партызаны, пацвярджае і нямецкі дакумент, у якім паведамляецца: «...У бандыцкіх бункерах на поўдзень ад канала выяўлены разбіты ручны кулямёт і процітанкавая стрэльба, а таксама 6 чалавек забітых. Вялікая колькасць забітых і параненых забраны бандытамі ці згарэлі ў хатах. Уласныя страты: 1 забіты, 4 паранены».

У Нацыянальным архіве ў спісах загінулых у гэты перыяд партызанаў атрада імя Калініна значацца Васіль Юрасюк, Фёдар Вакульчык, Васіль Казека, Уладзімір Місавец, Ленгвін Усцінаў. У іншым дакуменце таксама ўказаны Сцяпан Кахоўскі, які, хутчэй за ўсё, загінуў на мастку праз канал. Што тычыцца пахавання воінаў, у партызанскіх дакументах ёсць недакладнасці. У адным з іх у графе «месца пахаванняў» пазначана: «на могілках атрада імя Калініна», у іншым — «трупы не вынесены з поля бою».

Дырэктар драгічынскага Ваенна-гістарычнага музея імя Удовікава Сяргей Гранік, які даўно займаецца пошукам месцаў пахавання часоў вайны, лічыць, што ўсе палеглыя тады партызаны не былі пахаваны. «Рэальна гэта зрабіць было немагчыма, бо першую лінію абароны захапілі немцы, — расказвае ён. — Партызаны не хацелі казаць, што не вынеслі таварышаў з поля бою, а ў справаздачы напісалі, што пахавалі. Час быў такі. А больш пахаваць не было каму: немцы былі тут аж да вызвалення раёна ў ліпені 1944 года».

Тое, што забітых каля канала ніхто не хаваў, пацвярджае і сведка тых падзей, жыхар Беліна Міхаіл Бычык:

— Мадзьяры два бункеры каля парома разбілі, толькі трэскі ляцелі. З двух бункераў партызаны сышлі, а ў трэцім, які быў насупраць Белянка, яшчэ сядзелі. Мадзьяры падцягнулі туды гармату і пачалі страляць па дзоце. Пасля паслалі нашых мужыкоў да дзота: там трупы партызанаў ляжалі. Выцягнулі іх усіх да канала, а нас прывялі на іх глядзець і апазнаваць. Перакладчыкі-славакі пыталі: «Вы пазнаяце гэтых людзей? Яны прыходзілі да вас? Вы іх ведаеце, але не хочаце гаварыць!» Мы адказвалі, што яны нам незнаёмыя. Потым мадзьяры ўсіх забітых пакінулі каля канала.

У той жа час за каналам, недалёка ад хутара мясцовай жыхаркі Праскоўі Ваньковай, знаходзіцца месца ў выглядзе кургана, знешне падобнае на пахаванне. Гаспадыня хутара сцвярджае, што, па ўспамінах яе маці, там якраз і пахаваны забітыя партызаны.

Вымушаны адступаць...

У канцы сакавіка на станцыях Драгічын і Янова (цяпер гэта горад Іванава) для падмацавання венграў была выгружана нямецкая дывізія. Рыхтавалася новае наступленне на партызанскую зону. Брыгада імя Молатава ўстойліва трымала абарону. Баі працягваліся да канца сакавіка, і партызаны, адчуваючы недахоп боепрыпасаў, вымушаны былі адыходзіць ва Украіну.

У баях на канале ў адным з дзотаў загінулі партызаны з аддзялення Паўла Сенчука, якія мелі баявы вопыт і былі загартаваныя ў дыверсійнай вайне на чыгунцы. Сянчук пасля тых баёў застаўся жывы і за падрывы эшалонаў на чыгунцы і баі на канале быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Абаронцаў дзота, якія засталіся там назаўсёды, не адзначылі нават пасмяротна. Аб геройскім баі народных мсціўцаў нішто не нагадвае, нават сціплы помнік. Цяпер каля старога моста, дзе стаяў цэнтральны дзот, працуе паромная пераправа, а па берагах канала выраслі дрэвы і хмызнякі.

г. Мінск.

Загаловак у газеце: Забыты дзот

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».