Вы тут

«Бітва» юрыдычных школ


Упершыню ў гісторыі юрыдычнай адукацыі Беларусі адразу 8 камандаў з 7 універсітэтаў краіны будуць змагацца за права прадстаўляць Беларусь на самым прэстыжным студэнцкім конкурсе па міжнародным праве — Конкурсе імя Філіпа Джэсапа.


Інтэлектуальныя спаборніцтвы праводзяцца на англійскай мове і з'яўляюцца своеасаблівым «чэмпіянатам свету» ў галіне міжнароднага права. Яны пройдуць у Вашынгтоне ў сакавіку 2016 года ўжо 57-ы раз. Конкурс праходзіць у форме гульнявога судовага працэсу. Студэнты-юрысты выступаюць у ролі адвакатаў, прадстаўляючы вусныя і пісьмовыя пазіцыі сваіх кліентаў (дзяржаў) у Міжнародным судзе ААН па выдуманных — але часта заснаваных на рэальных падзеях — спрэчках. У першым конкурсе — у Гарвардскім універсітэце — у 1959 годзе прынялі ўдзел усяго дзве каманды. А ў апошніх ужо ўдзельнічае больш за 2500 студэнтаў з 550 юрыдычных школ больш як з 80 краін свету. Да ўдзелу ў міжнародных раўндах каманды павінны прайсці нацыянальны адбор. Як правіла, краіну можа прадстаўляць толькі адна каманда.

З 2015 года, па рашэнні Міжнароднай асацыяцыі студэнтаў-юрыстаў (ІLSA) (г. Вашынгтон, ЗША), адміністратарам Беларускага нацыянальнага адборачнага раўнда конкурсу з'яўляецца Асацыяцыя міжнароднага права і арбітражу (BІLA).

У гэтым годзе пазмагацца за права прадстаўляць Беларусь на «чэмпіянаце свету» выказалі жаданне каманды Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Брэсцкага, Віцебскага, Гродзенскага, Магілёўскага дзяржаўных універсітэтаў, Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО», факультэта міжнародных адносін і юрыдычнага факультэта БДУ. Тэматыка задання гэтага года — сеткавыя камп'ютарныя напады і масавае праслухоўванне дзяржавай грамадзян іншых дзяржаў.

— У многіх краінах конкурс імя Джэсапа ўяўляе сабой сапраўдную бітву юрыдычных факультэтаў, дзе перамога азначае перавагу ў веданні англійскай мовы і міжнароднага права, дэманструе ўзровень выкладання. Сам удзел у нацыянальным адборачным раўндзе ставіць універсітэт на асаблівае месца сярод іншых, бо нават для гэтага неабходна правесці вялікую работу, — падкрэслівае старшыня BІLA Андрэй Козік. — Конкурс важны і для студэнтаў, бо ўдзел у ім, апроч іншага, дае практычныя навыкі ў міжнароднай юрыспрудэнцыі і ўнікальны запіс у рэзюмэ.

Беларускі нацыянальны раўнд конкурсу імя Джэсапа пройдзе з 29 па 31 студзеня. На дапамогу беларускім арбітрам у Мінск прыязджае міжнародны пул суддзяў з Японіі, Нарвегіі, Аргенціны, ЗША, Украіны, Казахстана і Расіі. Іх чакае нялёгкая задача — ацаніць якасць аргументацыі бакоў і вызначыць наймацнейшую каманду адной з васьмі юрыдычных школ нашай краіны, прадстаўнікі якой і адправяцца ў Вашынгтон.

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.